Культурны твітар: мы ў свеце

№ 40 (1114) 05.10.2013 - 11.10.2013 г

Беларуская культура за мяжой

Расія

Спецыяльны прыз “За выяўленчае рашэнне” на XVIII Міжнародным кінафестывалі дзіцячага і анімацыйнага кіно “Залатая рыбка” ў Геленджыку атрымала беларуская стужка “Ясны сокал” рэжысёра Ірыны Кадзюковай. Мультфільм таксама адзначаны ўзнагародамі на ранейшых кінафорумах у Хабараўску і Вільнюсе.

Чатыры беларускія калекцыі будуць прадстаўлены ў фінале Х Міжнароднага конкурсу маладых дызайнераў “Рускі сілуэт”, які пройдзе 6 кастрычніка ў Маскве. Краіну прадставяць фіналісты Рэспубліканскага фестывалю-конкурсу моды і фота “Млын моды” ды мадэлі з подыум-школы цэнтра “Fashion Style”.


Латвія

У Рызе адкрылася выстаўка карцін беларускага мастака Грыгора Данэляна “Да бясконцасці”. У экспазіцыі прадстаўлена дзесяць палотнаў — гэта работы творцы за апошнія восем гадоў, выкананыя ў духу касмізму. У вернісажы прынялі ўдзел Пасол Беларусі ў Латвіі Аляксандр Герасіменка, прадстаўнікі мастацкай грамадскасці і дыпламаты.


Інданезія

У рамках Міжнароднага фестывалю мастацтваў “Jakarta International Performing Arts 2013” адбылося выступленне беларускага дуэта “Duo Gorodji” з паветраным акрабатычным нумарам. На мерапрыемстве былі таксама прадстаўлены творчыя калектывы з В’етнама, Германіі, Інданезіі, ЗША ды іншых краін.


Аб’яднаныя Арабскія Эміраты

У Абу-Дабі была разгледжана магчымасць падпісання Пагаднення аб супрацоўніцтве ў сферы культуры паміж Міністэрствам культуры Рэспублікі Беларусь і Міністэрствам культуры, моладзі і грамадскага развіцця ААЭ, арганізацыі Дзён эмірацкай культуры ў Мiнску, абмене мастацкімі выстаўкамі і візітамі дэлегацый экспертаў у галіне культуры. Гэтыя пытанні абмяркоўваліся на сустрэчы Надзвычайнага і Паўнамоцнага Пасла Беларусі ў ААЭ Рамана Галоўчанкі з міністрам культуры, моладзі і грамадскага развіцця ААЭ шэйхам Нахаянам бен Мубаракам аль-Нахаянам.


Францыя

На канцэрце “Па слядах “Песняроў” у Парыжы беларускі спявак Аляксандр Меркуль выканаў шлягеры знакамітага ансамбля. На мерапрыемстве прысутнічаў Пасол Беларусі ў Францыі Павел Латушка, які адзначыў вялікую ролю творчасці Уладзіміра Мулявіна і ансамбля “Песняры” ў развіцці беларускага песеннага мастацтва.

Міністэрства культуры Францыі выказала ідэю аб арганізацыі на базе аднаго з беларускіх замкаў міжнароднага семінара па выкарыстанні аб’ектаў гісторыка-культурнай спадчыны. Пра гэта ішла гаворка на сустрэчы прадстаўнікоў Нацыянальнага гісторыка-культурнага музея-запаведніка “Нясвіж”, Замкавага комплексу “Мір” і Пасольства Беларусі ў Францыі з дырэктарам Дэпартамента еўрапейскіх і міжнародных спраў Генеральнай дырэкцыі спадчыны Міністэрства культуры Францыі Бруна Фавелем.

Падрыхтавала Вольга НАВІЦКАЯ