Архітэктоніка класікі

№ 40 (1114) 05.10.2013 - 11.10.2013 г

2 кастрычніка ў Беларускай дзяржаўнай філармоніі ўрачыста адкрыўся VIII Міжнародны фестываль Юрыя Башмета
Віншавальны адрас Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Аляксандра Лукашэнкі зачытаў міністр культуры краіны Барыс Святлоў. Лідар дзяржавы адзначыў, што “гэты форум нязменна з’яўляецца хвалюючай і запамінальнай падзеяй культурнага жыцця Еўропы, адным з лепшых музычных праектаў сучаснасці. Фестываль з гонарам выконвае важную місію захавання і папулярызацыі твораў класічнага мастацтва, далучае сучаснікаў да ідэалаў сапраўднай духоўнасці і сусветнай культуры”...

У рамках VIII Міжнароднага фестывалю Юрыя Башмета Ганаровай граматай Савета Міністраў за плённую творчую і культурную дзейнасць, значны ўклад у развіццё культуры і мастацтва, міжнароднае супрацоўніцтва ў сферы культуры Беларусі быў адзначаны сустаршыня Рэспубліканскага аргкамітэта, мастацкі кіраўнік фестывалю, лаўрэат міжнародных конкурсаў Расціслаў Крымер, які ў другім аддзяленні канцэрта саліраваў разам з Ксеніяй Башмет.

/i/content/pi/cult/448/9362/2-1.jpeg

Юрый Башмет трапіў на сцэну літаральна з аэрапорта — і адразу паўстаў перад слухачамі ў дзвюх сваіх іпастасях: спачатку — легендарнага альтыста, потым — дырыжора Камернага ансамбля “Салісты Масквы”. Менавіта ў такім парадку былі размеркаваны яго “ролі” ў прысвечаным яму Адажыа “Настальгія” грузінскага кампазітара Э.Лалашвілі. “Разыначкай” канцэрта стала літаратурна-музычная кампазіцыя, дзе чытанне Канстанцінам Хабенскім паэмы У.Маякоўскага “Воблака ў штанах” чаргавалася з пералажэннямі фартэпіянных мініяцюр С.Пракоф’ева.

Фестываль, напоўнены адметнымі канцэртамі, шматлікімі майстар-класамі і аздоблены выстаўкай лепшых карцін сучасных беларускіх мастакоў, працягнецца да 12 кастрычніка. А заўтра на ім — сусветная прэм’ера твора “Архітэктон” беларускага кампазітара Валерыя Воранава, які апошнім часам “вандруе” паміж Беларуссю і Германіяй. Найскладаную партытуру прадставяць публіцы нашы выканаўцы, у тым ліку Маладзёжны сімфанічны аркестр Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі, за дырыжорскім пультам якога ў гэты вечар будзе Алпаслан Эрцюнгеалп (Турцыя) — асістэнт самога Клаўдзіа Абада.

— Ідэя гэтага твора, — распавёў “К” у час рэпетыцыі Валерый Воранаў, — выспявала паступова. Некалькі гадоў таму я натхніўся майстэрствам салістаў Беларускай дзяржаўнай філармоніі Таццяны Котавай і Валерыя Баравікова ды напісаў для фестывалю фартэпіянных дуэтаў, які яны ладзяць, ансамблевы твор. Але тое супрацоўніцтва хацелася прадоўжыць, і я стаў думаць над нейкім новым творам, дзе можна было б з’яднаць чатырох піяністаў. Паралельна гэтаму, была ў мяне калісьці ідэя, ініцыяваная адным вядомым беларускім пісьменнікам: напісаць оперу пра Казіміра Малевіча і, шырэй, Віцебск 1920-х, калі тут нараджалася новае мастацтва, названае супрэматызмам і архітэктонамі. І калі на пачатку года да мяне звярнуўся Расціслаў Крымер з прапановай напісаць штосьці для Фестывалю Юрыя Башмета, абедзве колішнія задумкі натуральна з’ядналіся разам. Ну а верш “Звярынец”, напісаны Велімірам Хлебнікавым у 1911-м як прадчуванне будучых войнаў і катастроф чалавецтва, я ўпершыню прачытаў яшчэ ў 1986-м, калі мне было шаснаццаць, і з таго часу ён мяне, што называецца, не адпускаў. Твор паводле яго спачатку хацеў назваць Канцэртам для харызмы з аркестрам, бо адразу вырашыў, што ў якасці чытальніка павінен выступіць вядомы беларускі рокер Міхей Насарогаў. Але назва “Архітэктон”, быццам бы не звязаная з вершам, невыпадкова адсылае слухача да мастацкіх ідэй Малевіча, бо яны знайшлі ўвасабленне ў маёй музыцы…

Фота Сяргея ЖДАНОВІЧА

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"