Узначаліць Галіна Данэлія

№ 40 (1114) 05.10.2013 - 11.10.2013 г

Кінафорум
Як паведамілі арганізатары Мінскага міжнароднага фестывалю "Лістапад", старшынёй журы конкурсу фільмаў для дзіцячай і юнацкай аўдыторыі “Лiстападзiк” стане Галіна Данэлія — рэжысёр, актрыса, прэзідэнт Фонду Георгія Данэліі і генеральны дырэктар галерэі “Пан-Дан”.

Галіна Іванаўна пастаянна жыве і працуе ў Маскве. Але наведвае і Беларусь, з якой сама родам.

Яе досвед працы ў кіно пачаўся з навучання на акцёрскім факультэце Тэатральнага вучылішча імя Б.Шчукіна. Пазней яна скончыла рэжысёрскі факультэт ВГИКа (майстэрня І.Таланкіна). Працавала на кінастудыі імя Максіма Горкага. Рэжысёр карцін "Бягучы дзень" (1986 г.), "Жарт" (1987 г.), "Француз" (1988 г.). У якасці прадзюсара прымала ўдзел у анімацыйных праектах "Калабок" (2007 г.), "Месяц/Марс" (2008 г.), "Лёлік і Барбарыкі" (2009, 2012 гг.).

У Мінску Галіна Данэлія прэзентуе анімацыйны серыял пра чалавечкаў з планеты Барбарэла і школу Сяброўства "Лёлік і Барбарыкі" (рэжысёр — Уладзімір Сакоў). У стварэнні гэтага мультфільма прымалі ўдзел педагогі і дзіцячыя псіхолагі. У кожнай серыі гучаць песні аўтара ды кампазітара Любашы, напісаныя адмыслова для праекта. Выконвае іх дзіцячы музычны гурт "Барбарыкі".

Конкурс фільмаў для дзіцячай і юнацкай аўдыторыі "Лістападзік" пройдзе 2 — 5 лістапада ў г. Мінску ў рамках ХХ Мінскага міжнароднага кінафестывалю "Лістапад". У конкурсе возьмуць удзел 9 фільмаў.