Майстар з вялікай літары

№ 2 (820) 12.01.2008 - 18.01.2008 г

Усе, хто ведаў гэтага чалавека асабіста як настаўніка, сябра, калегу, грамадскага дзеяча, а перш за ўсё як аўтара шматлікіх цудоўных скульптурных твораў, — памятаюць пра яго.

 /i/content/pi/cult/144/936/Azgur.jpg
Заір Азгур пражыў доўгае жыццё і быў, мабыць, шчаслівы: слава прыйшла да яго рана і не пакідала да канца ягонага жыцця; ён атрымаў амаль усе званні і ўзнагароды, што існавалі ў СССР,— ад акадэміка і народнага мастака да Героя Сацыялістычнай Працы і двойчы лаўрэата Сталінскай прэміі. Ён быў шчаслівы і сярод сяброў-аднадумцаў, і ў сям’і, і сярод моладзі, і на зямлі Віцебшчыны, якая нарадзіла яго, і ў Мінску, дзе да яго прыйшла творчая сталасць.
Для свайго часу ён быў “знакавай” асобай, з яго імем звязана нараджэнне такіх славутых помнікаў, як абеліск на плошчы Перамогі, Якубу Коласу, С.Грыцаўцу ў Мінску, П.Машэраву ў Віцебску, Р.Тагору — у Індыі, А.Бутлераву і Я.Вучэцічу — у Маскве, У.Леніну — у розных гарадах былога СССР, П.Баграціёну і М.Барклаю дэ Толі на полі Барадзіно, дзеду Талашу — у Петрыкаве...
Ён застаўся назаўсёды ў гісторыі беларускага выяўленчага мастацтва і як аўтар шматлікіх псіхалагічных партрэтаў (іх некалькі соцень!) дзеячаў культуры і мастацтваў, вучоных і рабочых, пісьменнікаў і паэтаў, вядомых дзяржаўных і грамадскіх асоб, філосафаў і мысліцеляў, рэвалюцыянераў і змагароў за народнае шчасце розных краін і эпох, герояў Вялікай Айчыннай вайны і партызанскага руху...
Ён і аўтар мемуараў “Незабыўнае” і “Тое, што помніцца”, многіх публіцыстычных артыкулаў па мастацтве.Словам, доўгае творчае жыццё ён пражыў з годнасцю і, як кажуць, на поўную моц.
Канешне, час унёс свае карэктывы ў “ідэалагічную” ацэнку некаторых твораў майстра — так было заўсёды ў гісторыі мастацтва. Але тое, што гэтыя творы былі выкананы Заірам Ісакавічам на высокім прафесійным узроўні, — ніхто не можа ўзяць пад сумненне.
Ён быў па-сапраўднаму Майстрам, з вялікай літары, майстрам — рэалістам, у тым сэнсе слова, як ён разумеў.
Так, былі ў ягоным жыцці і сумненні, і няўдачы, і памылкі ў адносінах з калегамі, не з усімі суб’ектыўнымі довадамі ў ацэнцы мастацкіх з’яў можна было згаджацца, але яго ўтрапёная невычарпальная любоў да скульптурнай творчасці выклікае сапраўднуюпавагу.
І я вельмі рады, што амаль тры дзесяцігоддзі ведаў гэтага чалавека, шмат разоў бываў у яго майстэрні і дома, і нам было аб чым пагаварыць...

Барыс КРЭПАК