Партытура бясконцасці

№ 39 (1113) 28.09.2013 - 04.10.2013 г

Васьмёрка "чытаецца" як...
2 — 12 кастрычніка ў Мінску пройдзе VІІІ Міжнародны фестываль Юрыя Башмета, які збярэ на васьмі выбітных канцэртах сусветных зорак і найталенавітую творчую моладзь.

VІІІ Міжнародны фестываль Юрыя Башмета — і акурат восем канцэртаў у праграме. Ці ж гэта не сімвалічна? І справа не ў тым, што лічба проста паўтараецца, а ў тым, што яна “чытаецца” яшчэ і быццам бы “па гарызанталі”, у музычна-часавым вымярэнні, нагадваючы ў такім выглядзе ўсім вядомы знак бясконцасці.

Яшчэ адна значная “васьмёрка” ў фестывальнай праграме — гэта прыезд знакамітага польскага кампазітара і дырыжора, класіка сусветнага авангарда Кшыштафа Пендэрэцкага, якому ў лістападзе споўніцца 80 гадоў. Чарговым вымярэннем бясконцасці музычных талентаў стане і канцэрт 8 кастрычніка: менавіта ў гэты вечар на сцэне Беларускай дзяржаўнай філармоніі збяруцца лаўрэаты Міжнароднага конкурсу імя П.І. Чайкоўскага — аднаго з самых прэстыжных у свеце. Сярод іх — нідэрландская скрыпачка Таццяна Самуіл, якая ўжо скарыла сэрцы беларускіх слухачоў, піяніст Аляксей Чарноў, што пачынаў сваю кар’еру з перамогі на колішнім Міжнародным конкурсе піяністаў у Мінску, і ажно два віяланчэлісты — расіянін Аляксандр Бузлоў і француз Раман Гар’ё. А наш лаўрэат гэтага ж конкурсу — віяланчэліст Іван Карызна — будзе саліраваць на 25-годдзі знакамітага аркестра Уладзіміра Перліна, свайго, між іншым, першага і галоўнага настаўніка.

Увогуле, беларускасці еўрапейскага ўзроўню будзе на фестывалі шмат.

Выступяць і скрыпач Арцём Шышкоў, і кантрабасіст Стас Анішчанка, і лепшыя творчыя калектывы краіны — сумесна з гасцямі. Сапраўднай падзеяй стане сусветная прэм’ера твора беларускага кампазітара — “Архітэктон” для двух фартэпіяна, аргана і сімфанічнага аркестра Валерыя Воранава, які апошнім часам жыве і працуе ў Германіі.

Ці ж не цікава, як інтэрпрэтуе гэтую партытуру турэцкі дырыжор Алпаслан Эрцюнгеалп?..

Фота Юрыя ІВАНОВА

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"