Экалогія — справа агульная

№ 39 (1113) 28.09.2013 - 04.10.2013 г

З 23 па 26 верасня ў Мінску праходзіў VIII Форум творчай і навуковай інтэлігенцыі дзяржаў — удзельніц СНД. Тэмай яго была экалогія, бо 2013-ты ў Садружнасці абвешчаны Годам экалагічнай культуры і аховы навакольнага асяроддзя.

Калісьці пад экалогіяй меліся на ўвазе гарманічныя стасункі чалавека і прыроды. Сёння ж гэтая сфера ахоплівае ўсе сацыяльныя, палітычныя, эканамічныя і культурныя чыннікі, якія наўпрост ці ўскосна адбіваюцца на стане навакольнага асяроддзя, а праз яго — на фізічным і духоўным здароўі чалавека. Не дзіва, што ў форуме бралі ўдзел спецыялісты ў галіне адукацыі, культуры, аховы здароўя, прадстаўнікі дзяржаўнай улады з дзесяці краін Садружнасці.

На форуме канстатавалася, што часам даволі цяжка дамагчыся безумоўнага выканання прыродаахоўнага заканадаўства, бо яно закранае інтарэсы аб’ектаў гаспадарання. Аналагічная сітуацыя, дарэчы, — і з аховай помнікаў гісторыі ды культуры.

Уласна кажучы, гаворка ішла пра тое, як зрабіць экалогію прыбытковай, а эканоміку — экалагічнай. Іншага шляху няма. Стратэгічным курсам мусіць стаць асваенне высокіх тэхналогій і экалагічная адукацыя грамадства, бо без грамадскай падтрымкі нават самыя самыя лепшыя законы застануцца “мёртвай літарай”.

Многія ўдзельнікі форуму адзначалі беларускі досвед аховы прыроды пры захаванні высокіх тэмпаў развіцця вытворчасці як пазітыўны і варты пераймання іншымі краінамі Садружнасці. Асабліва выразна поспехі нашай краіны ў эканамічнай ды сацыяльных сферах глядзяцца на тле пераадолення наступстваў Чарнобыльскай катастрофы.

Праграма форуму дазволіла нашым гасцям з СНД пазнаёміцца з гісторыяй і культурай Беларусі. Яны наведалі Мірскі замак, Нацыянальны мастацкі музей Беларусі, Музей гісторыі горада Мінска, “Мінск-Арэну”, Оперны тэатр, Спартыўна-аздараўленчы комплекс “Лагойск”, навуковыя і навучальныя ўстановы краіны. А праходзілі пленарныя пасяджэнні ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі.

Агульнай думкай удзельнікаў форуму было ўсведамленне неабходнасці скаардынаваных намаганняў у справе аховы навакольнага асяроддзя, што, у сваю чаргу, патрабуе большага эканамічнага і культурнага збліжэння краін СНД. У кулуарах форуму можна было пачуць развагі і пра тое, што Садружнасці, акрамя балансу эканамічных ды палітычных інтарэсаў, патрэбна моцная аб’яднальная ідэя, кшталту той, якую меў Савецкі Саюз. Зразумела, што канцэптуальна яна мусіць грунтавацца на аб’ектыўнай рэчаіснасці і агульначалавечых каштоўнасцях. Што ж да ўласна Форуму як сацыяльнага інстытута, то ў перспектыве ён мог бы стаць “Рымскім клубам” Еўразійскай прасторы.

 

Пра яшчэ адзін кірунак працы форуму чытайце тут.

Аўтар: Пётра ВАСІЛЕЎСКІ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"