Калядныя песні ўлетку?

№ 39 (1113) 28.09.2013 - 04.10.2013 г

Маладзечаншчына
21 верасня Рэспубліканскае маладзёжнае грамадскае аб’яднанне “Студэнцкае этнаграфічнае таварыства” (СЭТ) у супрацы з філіялам Дзяржаўнага літаратурнага музея Янкі Купалы ў Вязынцы правяло фэст “Багач”, прымеркаваны да святкавання дня восеньскага раўнадзенства.

/i/content/pi/cult/447/9349/11-1.jpeg

У беларускім календары Багач прымеркаваны да заканчэння збору ўраджаю (“К гэтаму часу ў кожнага ўсяго багата”). “Багач” — васковая свечка ў лубцы з жытам, якую ставяць на покуць ды захоўваюць там цягам года. Свечка гэтая прыносіць у дом багацце і шчасце. Зерне ды воск для багача збіралі ўсёй вёскай, лубка штогод урачыста абносілася вакол вёскі і перадавалася новаму гаспадару.

На фэсце ў Вязынцы паспрабавалі аднавіць традыцыю: тых, хто збіраўся на свята, загадзя праз суполкі ў сацыяльных сетках папрасілі захапіць з сабой па жменьцы якога-небудзь збожжа. Фэст пачаўся з таго, што ўсе ахвотныя ссыпалі збожжа ў агульную лубку. Потым з багачом ды спевамі абышлі музейныя будынкі і аддалі свечку музейным работнікам на захаванне да наступнага года.

На свяце выступілі спеўныя і інструментальныя гурты-пераймальнікі традыцый, такія як “Варган”, “Горынь”, “Кудмень”, “Рада”, капэла “На Таку”. Прыемнай нечаканасцю стала прэзентацыя спявачак з вёскі Студзераўшчына Дзятлаўскага раёна. Усе гурты спявалі песні толькі “па сезоне”: жніўныя, восеньскія і бяседныя.

Амаль усе былі апрануты ў копіі народных строяў пэўнага рэгіёна. Бабулі, канешне ж, вызначыліся ўласнымі арыгінальнымі строямі.

Дзейнічаў кірмаш майстроў-рамеснікаў. Для дзяцей і дарослых прайшлі майстар-класы па кавальстве, вырабе лялек, пляценні з лазы і лісця. Працавала пляцоўка, на якой дзеткі разам з бацькамі маглі навучыцца беларускім традыцыйным гульням. Можна было пакаштаваць стравы традыцыйнай кухні і патанчыць народныя танцы.

Прыемна было сустрэць на фэсце амаль дваццаць работнікаў устаноў культуры Маладзечанскага раёна. Яны даведаліся пра свята праз Інтэрнэт і вырашылі далучыцца, пераняць вопыт. Павучыцца было чаму. На жаль, сетка дзяржаўных клубных устаноў часта не паспявае за актуальнымі рэаліямі. Работнікі культуры часам знаходзяцца ў палоне стэрэатыпаў, навязаных савецкай сістэмай адукацыі.

Замест таго, каб імкнуцца да захавання чысціні стылю, аўтэнтычнага фальклору, на сцэну пад час дзяржаўных мерапрыемстваў выводзяць гурты, што выконваюць песні ў кепска зробленых “фалькларыстычных” музычных апрацоўках. Прычым рэдка хто глядзіць, да якой пары народнага календара быў прымеркаваны першапачатковы варыянт песні: калядныя песні выконваюцца ўлетку, вясновыя — увосень…

Часта ўдзельнікі такіх гуртоў апрануты ў аднолькавыя, пашытыя на замову на фабрыцы мастацкіх вырабаў, строі. У той час як сярод традыцыйных строяў не знойдзецца двух дакладна аднолькавых, строі адной вёскі суадносяцца не як копіі, а як варыянты.

Мастацкія кіраўнікі народных калектываў, што працуюць пры дзяржаўных установах культуры, досыць рэдка звяртаюцца да народных традыцый сваёй мясцовасці, не вядуць даследчыцкую дзейнасць і экспедыцыйную працу, не кантактуюць са старажыламі. Рэпертуар часцяком складаецца з твораў, знойдзеных у нотных зборніках. У выніку атрымліваецца нейкі “сярэднебеларускі” фальклор без прывязкі да мясцовых традыцый.

Ладзячы святы, звязаныя з народнымі традыцыямі, дзяржаўныя ўстановы культуры часта забываюцца на тое, каб запрасіць прадстаўнікоў СМІ. Увесь розгалас абмяжоўваецца невялічкай нататкай у раённай газеце. Ды і патэнцыйным гледачам складана даведацца пра мерапрыемства. Таму колькасць удзельнікаў часта перавышае колькасць гледачоў у некалькі разоў. Гурты спяваюць самі для сябе, майстры працуюць, пакуль не пройдзе камісія, калі гэта свята-конкурс…

Такім чынам, фэст у Вязынцы стаў для работнікаў культуры Маладзечанскага раёна прыкладам паважлівага стаўлення да аўтэнтычнага фальклору, яго носьбітаў і пераймальнікаў. Магчыма, фэст дазволіць ім паглядзець па-новаму на сваю працу, натхніць на цікавыя мерапрыемствы.

Алена ЛЯШКЕВІЧ, сябра Рады РМГА “Студэнцкае этнаграфічнае таварыства”, метадыст па этнаграфіі Мінскага абласнога цэнтра народнай творчасці

Фота Кацярыны ЛАБЕЦКАЙ-ВЯРГЕЙЧЫК