Тузін ідэй на “TyzenHouse”

№ 39 (1113) 28.09.2013 - 04.10.2013 г

Стыльная "гама" з безліччу адценняў...
Яшчэ да ўсіх абмеркаванняў наконт таго, які горад стане наступнай Культурнай сталіцай Беларусі, у сапраўдную музычную Меку краіны на некалькі дзён ператварылася Гродна: 12 — 15 верасня тут упершыню прайшло Свята класічнай музыкі “TyzenHouse”.

/i/content/pi/cult/447/9343/8-2.jpeg

Раней у Гродне не было значных музычных фестываляў такога кшталту. У фестывальна-конкурснай палітры Беларусі гэты горад вядомы Рэспубліканскім фестывалем нацыянальных культур, Міжнародным фестывалем праваслаўных песняспеваў “Каложскі Дабравест”, Міжнародным конкурсам юных кампазітараў імя Юрыя Семянякі, абласной і рэспубліканскай музычна-тэатрэтычнымі алімпіядамі. А між тым, традыцыі музычнай класікі тут закладаліся здаўна, і яшчэ напрыканцы ХVIII стагоддзя сваю руку (дакладней, ідэю і грошы) прыклаў да гэтага знакаміты грамадска-палітычны дзеяч і мецэнат Антоній Тызенгаўз, які, да ўсяго, быў гарадзенскім старастам. Ягонае імя ўжо стала брэндам Гродна: яно нададзена тут не толькі вуліцы і плошчы, але і дзіцячай школе мастацтваў, галерэі, музычнай капэле, якая яшчэ ў 1990-я стала адным з самых вядомых у нас калектываў-папулярызатараў беларускай музычнай класікі — ад даўніны да сучаснасці. Таму цяперашні “TyzenHouse”, падтрыманы Міністэрствам культуры Беларусі і мясцовымі ўладамі, успрымаецца лагічным працягам усіх ранейшых-тамтэйшых захадаў у бок акадэмічнай музыкі і, шырэй, фестывальна-конкурснага руху, а таксама — прынцыпова новым вектарам, скіраваным да фестывальнай Еўропы.

Дык што ж там такога “еўрапейскага”? І што, можа, трэба скарэктаваць у бок большай “беларускасці”?

Дызайн рэкламнай прадукцыі фестывалю — папраўдзе еўрапейскі. Праграмы фестывальных канцэртаў таксама былі складзены, у лепшым сэнсе слова, па-еўрапейску. Асабліва стыльнымі, вытрыманымі ў адной “колеравай” гаме з безліччу адценняў-нюансаў, сталі вечары адкрыцця і закрыцця. На фоне ўсяго фестывальнага збудавання яны ўспрымаліся велічнымі і адначасова празрыста-летуценнымі белымі калонамі — накшталт тых, што, пазычаныя з колішняга спектакля паводле “Пігмаліёна”, разам з вялізнай эмблемай фестывалю ўпрыгожвалі сцэну Гродзенскага абласнога драматычнага тэатра (акустыка там — шыкоўная, добры канцэртны раяль прывезлі з каледжа). Узровень удзельнікаў свята — не проста еўрапейскі, а сусветны! Піяніст Барыс Петрушанскі, якога “дзеляць” паміж сабой Расія ды Італія, захапіў неверагоднай культурай самога гуку. Скрыпач Міхаіл Сіманян, якога гэтак жа “дзеляць” Арменія, Расія і Вялікабрытанія, уразіў тэхнікай на мяжы фантастыкі — пры абсалютна бездакорным інтанаванні. Наш Іван Карызна, які працягвае навучанне ў Францыі, скарыў “чарговым новым” прачытаннем Віяланчэльнага канцэрта Гайдна. Дзяржаўны камерны аркестр Беларусі — еўрапейскай лёгкасцю гуку замест напружанага “пілавання” струнных. Польшча была прадстаўлена сольным канцэртам піяніста Пятра Палечнага і маладым дырыжорам Якубам Храновічам, па ўзмаху рукі якога наш аркестр у некаторых творах вечара закрыцця пераўзышоў не толькі сябе самога, але і лепшыя калектывы свету. А якія былі бісы! Кожны з удзельнікаў імкнуўся сыграць штосьці “ў гонар беларусаў” — гучала нават Адажыа з “Маленькага прынца” Яўгена Глебава.

Ды ўсё ж самымі моцнымі апладысментамі публіка вітала сусветна вядомага ўраджэнца Гродна Кірыла Кедука — не толькі за яго віртуозную фартэпіянную ігру, але і за сам фестываль, ідэю якога ён увасобіў, нарэшце, у жыццё (інтэрв’ю з К.Кедуком гл. у “К” № 36). Але... Акурат на гэтай акалічнасці і пачынаюцца беларускія рэаліі. І сам Кірыл, і ягоная “група падтрымкі”, куды ўваходзілі прадстаўнікі Гродзенскага аблвыканкама ды музычнага каледжа, займаючыся арганізацыяй фестывалю, асабіста ўнікалі ва ўсе пытанні. Тэлефон музыказнаўцы Аляксея Саладухіна, тэхнічнага дырэктара свята, літаральна прырос да вуха свайго гаспадара, бо ўвесь час усплывалі “дробязі”, якія ён вырашаў сам: білеты, кветкі, прыезд-ад’езд гасцей… Усё працавала як гадзіннік.

Але часам крыўдна станавілася, што сілы творцаў і кіраўнікоў, уключаючы намесніка галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Гродзенскага аблвыканкама Аляксандра Вярсоцкага, расходуюцца так “неэканомна”.

А калі пасля завяршэння фестывалю Кірыл пачаў сам адбіраць, апрацоўваць ды перасылаць фестывальныя фота ў СМІ, стала канчаткова зразумела: гэта па-нашаму, па-беларуску! Бо калі даверыць — няма каму, мы прызвычайваемся ўсё рабіць самі.

Але ж да наступнага свята, над якім арганізатары пачалі працаваць ужо зараз, было б усё ж няблага скласці каманду — адказную, ініцыятыўную, каб не даводзілася за яе перарабляць і перавырашаць, як гэта часам здараецца ў нашай “беларускай рэчаіснасці”.

Канфлікт “еўрапейскасці” і “беларускасці” адчуваўся і ў вядзенні канцэртаў. У еўрапейскіх традыцыях — падрабязныя праграмкі ды мінімальная інфармацыя са сцэны: уся праграма звычайна аб’яўляецца напачатку, каб потым не перапыняцца на “інфармацыйныя паўзы”. Але ў нашых умовах, ды яшчэ ўлічваючы, што ў падобных фестывальна-аншлагавых залах бываюць розныя катэгорыі слухачоў (а на “TyzenHouse” прыходзілі-прыязджалі і цэлымі сем’ямі, і студэнцкімі ды вытворчымі групоўкамі), было б няблага працягваць асветніцкую функцыю форуму. Ніхто не заклікае да формулы “спачатку лекцыя...”, але залатую сярэдзіну знайсці можна.

У еўрапейскіх традыцыях — не перагружаць афішу дадатковымі “каляфестывальнымі” мерапрыемствамі. Бо шматлікія турысты, што складаюць асноўную фестывальную публіку, прыязджаюць не толькі за духоўнай ежай, але і за добрым адпачынкам, знаходзячы яго ў наведванні разнастайных мясцовых славутасцей ды кавярняў. “TyzenHouse” таксама намеціў магчымы вектар культурнага турызму. Але ў нашых рэаліях ён не замежны, а хутчэй рэгіянальны: на канцэрты арганізавана прыязджалі педагогі і навучэнцы не толькі Гродзенскага, але і Лідскага музычнага каледжа, іншых культурных устаноў, нават са сталіцы. Для такога кантынгенту мэтазгодна было б прадугледжваць майстар-класы, творчыя сустрэчы. Дый правядзенне свята ў тэатры, пакуль філармонія зачынена на працяглы рамонт, патрабавала б нейкага тэатралізаванага пралогу, такога рэкламнага шчыта на ўваходзе, каб эмблему было відаць з гарадскога транспарту наводдаль. Усё гэта таксама складае фестывальную аўру горада, надае яму значнасць у вачах не адно музыкантаў, але і простых мінакоў.

Некаторыя канцэрты, дарэчы, можна было б дубліраваць і ў сталічнай філармоніі. Той жа Камерны аркестр напярэдадні рэпеціраваў у Мінску, разам з салістамі і дырыжорам. Пэўна, можна было б і “канцэртнуць”?

Ваню Карызну мы бачым нячаста, а Кірыла Кедука, які гастралюе па ўсім свеце, мінчане не чулі ўвогуле. Адным словам, на цяперашнім этапе “TyzenHouse” патрабуе далейшага развіцця ды пашырэння…

Фота Настассі ШОПУК

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"