Шаляпін, Каруза, Нурыеў...

№ 1 (819) 05.01.2008 - 11.01.2008 г

Гэтыя прозвішчы знакамітых выканаўцаў вынесены ў загаловак нездарма: славутыя артысты мелі гонар выступаць на праслаўленай сцэне Гранд-опера, або Парыжскай оперы. Гэтаксама, як легендарныя балерыны Марыя Тальёні і Карлота Грызі, танцоўшчыкі Міхаіл Фокін і Серж Ліфар, спевакі Паліна Віярдо, Антаніна Няжданава, Марыя Калас, Ціта Гобі, Мікалай Геда. Мінулым летам мне пашчасціла трапіць у Парыж, а там — наведаць Гранд-опера.

 /i/content/pi/cult/143/934/Grand-opera1.jpg

Зала Гранд-опера.

Будынак гэтага тэатра не належыць да тых “кропак” французскай сталіцы, куды ў першую чаргу імкнуцца турысты. Эйфелева вежа, Нотр-Дам, Луўр, Дом Інвалідаў, ды яшчэ Версаль, які знаходзіцца ў прадмесці горада, найперш прывабліваюць увагу.
Але ў кожным падарожжы заўсёды ёсць вольны час, і, калі не змарнаваць яго на бясконцае наведванне модных магазінаў і буцікаў, можна трапіць і ў Гранд-опера. Каб не заблукаць у парыжскіх вулачках, асабліва, калі ў вашых руках няма карты, выкарыстаем метро. Балазе, патрэбны прыпынак так і называецца: “Плошча Гранд-опера”.
Прыгажосць і веліч фасада тэатра ўражваюць. На прыступках сядзіць шмат маладых парыжан: для іх гэтая тэрыторыя, відаць, альтэрнатыва кавярні.
Прыязджаючы ў Парыж, амаль кожны турыст набывае за 40 еўра музейную картку, якая дазваляе наведаць ледзь не ўсе музеі Парыжа. Паколькі на Гранд-опера дзеянне музейнай карткі не распаўсюджваецца, давядзецца стаць у чаргу за ўваходнымі білетамі: 8 еўра — даросламу, 4 — студэнту. “I am a student”, — кажу дзяўчыне ў касе за шклом і раблю разумны выгляд. Ёй застаецца паверыць мне на слова: беларускую мову, пазначаную на студэнцкім білеце, пакуль не вучаць у Францыі.
Чарга ў тэатр не надта вялікая. Гранд-опера пакуль не ахапіў той бум і, не пабаюся гэтага слова, амаль істэрыя, што існуюць вакол наведвання Эйфелевай вежы ці Луўра. Уражанне ад знаёмства з шэдэўрамі апошняга крыху псаваў натоўп турыстаў, якія вельмі хутка хадзілі, а часам ледзь не бегалі ад экспаната да экспаната, асвятляючы прастору залаў успышкамі сваіх фотаапаратаў.
Пакуль мы яшчэ не пачалі разглядаць экспазіцыі і музей Гранд-опера, самы час нагадаць некаторыя факты з гісторыі знакамітага тэатра.
Афіцыйная назва тэатра, пазначаная на фасадзе, — “Нацыянальная акадэмія музыкі і танца”. Яе гісторыя пачынаецца ў перыяд кіравання Францыяй Людовіка XIV, “караля-сонца”, таго самага, якому ў сталыя гады служыў капітан каралеўскіх мушкецёраў гасконец д’Артаньян. 1669 год лічыцца датай заснавання тэатра, але адкрыўся ён толькі праз два гады і першапачаткова меў назву “Каралеўская акадэмія музыкі”. За два гады да сваёй смерці, у 1713 годзе, стары кароль спрычыніўся і да стварэння пры тэатры балетнай школы. 3 таго часу балет і опера ішлі поруч больш чым два з паловай стагоддзі. Толькі ў 1990 годзе оперная трупа пераехала ў будынак на плошчы Бастыліі, узяўшы сабе імя “Опера дэ Бастыль”. А балет, які, здавалася, быў у тэатры маладзейшым, пакінуў сабе і “кватэру”, і назву тэатра. Зрэшты, менавіта ў гэтым будынку на плошчы Гранд-опера яны з’явіліся адначасова ў 1875 годзе, калі быў узведзены новы гмах тэатра, спраектаваны маладым на той час архітэктарам Шарлем Гарнье. Тады, дарэчы, і з’явілася назва “Гранд-опера” (цяпер будынак часам называюць “Палац Гарнье”). Кожнага наведвальніка тэатр уражвае, але ні ў якім выпадку не прыгнятае сваімі памерамі.
 /i/content/pi/cult/143/934/Grand-opera2.jpg
Знакаміты фасад.

Услухаемся ў магію лічбаў: плошча Гранд-опера больш за 11 тысяч квадратных метраў; 450 артыстаў і статыстаў, якія могуць адначасова знаходзіцца на сцэне, прыцягваюць увагу больш за 2000 гледачоў. Піянерам у галіне тэхнічнага прагрэсу тэатр стаў дастаткова даўно: яшчэ ў 1822 годзе там упершыню ў Еўропе з’явілася газавае асвятленне, што дало магчымасць не толькі змяніць глыбіню сцэны, але і выкарыстоўваць разнастайныя светлавыя эфекты.
Гаворку пра гісторыю тэатра можна працягнуць і на першым паверсе, куды мы трапім, узняўшыся па шырокай, урачыстай, сапраўднай імператарскай лесвіцы, абліцаванай белым мармурам. Там нас чакае музей, прычым адначасова і оперны, і балетны.
Але гэта не той музей у традыцыйным нашым уяўленні, з групамі турыстаў і з гідам, — не: “экскурсаводам” з’яўляецца тая тэатральная атмасфера, якая захавалася з мінулага або пазамінулага стагоддзя.У адным з пакояў можна пабачыць выстаўку тэатральнага касцюма. Сапраўдны тэатрал будзе разглядаць іх з душэўным трымценнем. Адначасова ўсведамляеш, што артысты, якія выступалі на сцэне Гранд-опера ў гэтых касцюмах, ужо даўно адышлі ў тэатральную бессмяротнасць... Далей ніхто не абміне доўгі, выцягнуты ў плане, пакой — бібліятэку. Пад нагамі ўвесь час ціха рыпіць паркет. Кніжныя шафы з зашклёнымі паліцамі — ад падлогі да самай столі, а яна высокая. Тут захоўваюцца ноты, клавіры, мноства кніг і альбомаў, якія бываюць патрэбны падчас падрыхтоўкі новых спектакляў і рэжысёрам, і дырыжорам, і мастакам, і выканаўцам. Уяўленне малюе карціну: у тэатральную бібліятэку зазірае выканаўца партыі Эсмеральды — каб перачытаць раман Віктора Гюго, або выканаўца партыі Кармэн — каб разгарнуць кнігу з навелай Праспера Мерыме. На сценах бібліятэкі — карціны. Вось на адной з іх — знакамітая руская балерына Тамара Карсавіна ў партыі Жарптушкі з аднайменнага балета І.Стравінскага. Рускі балет Л.Дзягілева, у складзе якога не адзін сезон танцавала Карсавіна, неаднойчы выступаў у Парыжы.А вось партрэт Рудольфа Нурыева, славутага рускага танцоўшчыка і харэографа, запрошанага ў 1985 — 1989 гадах быць мастацкім дырэктарам балетнай трупы Гранд-опера, у экспазіцыі не знайсці. Калі імя Карсавінай належыць гісторыі балета, дык, відаць, асоба Нурыева яшчэ належыць сучаснасці і стацца гісторыяй не паспела.Што тычыцца яго асобы, дык гэтага выдатнага танцоўшчыка французы ўжо лічаць “сваім” (“перабежчыкам” Р.Нурыеў стаў у 1961 годзе ў парыжскім аэрапорце Ля Буржэ). Прынамсі, у аглядных экскурсіях па горадзе яго прозвішча гід прамаўляе побач з прозвішчамі Дзюма, Гюго, Сартра, Хэмінгуэя — як здабытак французскай культуры.
Цяпер падымемся на другі паверх будынка. Калі першы паверх для наведвальнікаў — гэта мінулае, дык другі — сучаснасць. Спярша мы трапляем у фае, дзе можна ўбачыць шмат скульптурных партрэтаў вялікіх кампазітараў, звязаных уласнай творчасцю з Гранд-опера. А з фае ёсць унікальная магчымасць зазірнуць у тэатральную залу. Адчынены толькі двое дзвярэй, праз якія кожны наведвальнік можа патрапіць у адну з дзвюх невялікіх лож. Адсюль адкрываецца сапраўды велічная карціна! Пяціярусная тэатральная зала мае пераважна чырвоны колер, балконы багата аздоблены пазалотай. Як цікава было б трапіць сюды яшчэ і на спектакль!
/i/content/pi/cult/143/934/Grand-opera3.jpg 
Плошча перад будынкам тэатра.
Сцэна пустая і слаба асветленая. Партэр закрыты і ў пераносным, і ў літаральным сэнсе: усе крэслы закрывае цёмная, з сінім адценнем, тканіна. Але калі падысці да краю ложы, можна разгледзець і сцэну, і ложы для ганаровых гасцей. У адрозненне ад старога будынка нашага Нацыянальнага тэатра оперы і балета, у якім з ложы бачна толькі частка сцэны, у Гранд-опера ў ложы пераўтварылі бенуар. Яго плошча падзелена на індывідуальныя ложы, у якіх наўрад ці памесціцца больш чым два-тры крэслы.
Калі глядзець на сцэну, дык суседзяў па ложах не відаць, але пры жаданні заўсёды можна абмяняцца з імі ўражаннямі аб прэм’еры. Калі ж кінуць погляд з ложы ўверх, дык убачыш маляўнічую столь, плафон, распісаны яшчэ ў 1966 годзе нашым суайчыннікам Маркам Шагалам. (Дарэчы, у сваёй кнізе Мая Плісецкая — знакамітая балерына, якая таксама па дзеду і бацьку мае беларускія карані, — згадвае, як пазіравала мастаку ў час гастролей у Парыжы маскоўскага Вялікага тэатра. А потым гэтыя накіды ўбачыла сярод іншых фігур на плафоне столі.)
Калі напрыканцы ў наведвальніка Гранд-опера яшчэ застаецца час, можна зайсці ў магазін сувеніраў, размешчаны ў інфармацыйным холе (на тым жа ўзроўні, дзе і каса, але ніжэй за першы паверх тэатра). Ды ні ў якім разе не варта пачынаць з яго знаёмства з Гранд-опера! Яго наведванне — праверка на сілу волі, але перамагчы ў гэтым змаганні немагчыма. Не адзін турыст страціў тут адлік часу, гартаючы альбомы і выбіраючы паштоўкі... Суайчыннікі Шагала ў магазіне не ў пашане: ніякай прадукцыі на беларускай ці іншай славянскай мове не знайсці. Ці не ў гэтым праяўляецца вялікасць і, адначасова, эгаізм нацыі? Нашто нам, маўляў, іншыя мовы? Хай іншыя вучаць нашу, французскую! Толькі для калег па Еўрасаюзе — англічан, іспанцаў і італьянцаў — робіцца выключэнне.
Што можа знайсці для сябе наведвальнік? Ды літаральна ўсё! Каляровыя, на глянцавай паперы, як вялікія, так і маленькія, альбомы пра гісторыю і сучаснасць Гранд-опера, плакаты і афішы, DVD-дыскі з лепшымі спектаклямі опернага і балетнага рэпертуару, паштоўкі з выявамі тэатра і фотаздымкамі вядучых выканаўцаў. I галоўнае, што ўсяго шмат! Між тым, музей, экспазіцыя і холы Гранд-опера адчынены для наведвальнікаў увесь год (акрамя 1 студзеня, 1 мая, 25 снежня, дзён спектакляў, канцэртаў і спецыяльных мерапрыемстваў).Прыбыткі, якія атрымлівае тэатр дзякуючы шматлікім турыстам, дапамагаюць Гранд-опера мець грошы на рамонт і рэканструкцыю будынка. Адначасова гэта ёсць і разумная рэклама, і магчымасць папулярызацыі тэатра. Так, у Мінску ёсць Музей гісторыі тэатральнай і музычнай культуры, ён мае багатую экспазіцыю.Але шкада, што ніводны з нашых музычных ці драматычных тэатраў пакуль што не выкарыстоўвае (асабліва летам, калі адзін тэатральны сезон скончыўся, а новы не пачаўся) надзвычай цікавы, на маю думку, вопыт парыжскай Гранд-опера.... З даўніх часоў існуе павер’е: для таго, каб вярнуцца ў мясціны, якія пакінулі незабыўнае ўражанне, трэба кінуць у ваду дробную манетку. Гранд-опера не глядзіць сваім фасадам на Сену. Але і без гэтай традыцыі тэатр ніколі не страціць сваіх наведвальнікаў, якія з вялікай ахвотай ператворацца ў яго гледачоў. Усе асобы, вынік творчасці якіх адлюстроўвае гэты найпрыгажэйшы будынак, артысты, што выступалі на ягонай сцэне, уласнай энергетыкай стварылі Гранд-опера такую прывабнасць, пераадолець прыцягненне якой немагчыма. Ды і не трэба...

Дзяніс МАРЦІНОВІЧ
Мінск — Парыж — Мінск