Эстонія
Адразу тры выставачныя праекты прадставіў на фестывалі “Ноч дызайну” ў Таліне Беларускі саюз дызайнераў. На выстаўцы “Alba Ruthenia. Belarusian Design Now” дэманструецца якасны сучасны прадметны дызайн з Беларусі. На “Democracy Poster Guidelines” — плакаты айчынных, літоўскіх, расійскіх і эстонскіх плакатыстаў, прысвечаныя эпосе перабудовы. А ў экспазіцыі “poSTOOLat” — дваццаць тры незвычайныя аўтарскія крэслы нашых дызайнераў.
Расія
Беларуская дэлегацыя прыняла ўдзел у юбілейных урачыстасцях святкавання 1150-годдзя Смаленска і 70-годдзя вызвалення Смаленшчыны ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. У мерапрыемствах узялі ўдзел прадстаўнікі творчых калектываў, майстры мастацтваў з рэгіёнаў Беларусі. Па вуліцах Смаленска прайшла выстаўка-кірмаш дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва “Горад майстроў” з удзелам шматлікіх творцаў з усіх куткоў Беларусі.
Гомельскі дзяржаўны тэатр лялек паспяхова прадставіў спектакль “Чарадзейны рукзачок” па п’есе Васіля Ткачова на V Міжнародным фестывалі нацыянальных лялечных тэатраў у Самары. Усяго ў форуме ўдзельнічалі 19 тэатраў, сярод якіх — творчыя калектывы з Германіі, Швецыі, Галандыі.
Балгарыя
Стужка Мікалая Князева “Скрасці Бельмандо” атрымала спецыяльны прыз і дыплом на І Міжнародным фестывалі мастацкіх і тэлевізійных фільмаў “Славянская сказка” імя акадэміка Д.С. Ліхачова ў Сафіі. Усяго ў форуме прыняло ўдзел больш за 300 мастацкіх, дакументальных і анімацыйных стужак з Беларусі, Расіі, Украіны, Балгарыі, Македоніі, Малдовы, США, Кітая ды іншых краін. Сам фэст прымеркаваны да 1150-годдзя стварэння славянскага пісьменства і зацвярджэння славянскай культуры ў еўразійскай прасторы.
Малдова
У Кішынёве да канца бягучага года плануецца адкрыць Беларускі навукова-культурны цэнтр. Там будуць прадстаўлены нацыянальныя строі, элементы фальклору, кнігі, сувеніры, іншыя экспанаты, звязаныя з нашай культурай, пісьменствам, гісторыяй, традыцыямі, звычаямі. Акрамя таго, у Цэнтры з’явіцца бібліятэка Беларускай абшчыны Малдовы.
Латвія
У Доме-музеі Я.Райніса, што ў Юрмале, працуе выстаўка “У сэрца глянь сваё”, прысвечаная Янку Купалу. Экспазіцыя была падрыхтавана Дзяржаўным літаратурным музеем Янкі Купалы ў Мінску ў рамках рэалізацыі Праграмы супрацоўніцтва міністэрстваў культуры Беларусі і Латвіі на 2013 — 2015 гады.
Падрыхтавала Вольга НАВІЦКАЯ