Гэта выгадна
Сацыяльна адказныя ініцыятывы любой кампаніі могуць прыносіць ёй такія дывідэнды, як павышэнне лаяльнасці пакупнікоў, заваёва новых рынкаў і прыцягненне новых інвестараў… Сацыяльная адказнасць бізнесу — фактар канкурэнтаздольнасці, бо апошняя дазваляе вылучыцца ў рыначнай прасторы і данесці да спажыўца свае сацыяльныя прыярытэты… А пачалося ўсё з Гая Цыльнія Мецэната, які пад час кіравання імператара Аўгуста падтрымліваў дзеячаў навукі і мастацтваў. На Беларусі вытокі мецэнацтва пайшлі ад радзівілаўскіх часоў. Магнаты браліся за апеку над культурай, бо ўсведамлялі, што дабрачынная дзейнасць і бліскучы двор з літаратарамі ды мастакамі ў значнай ступені ўзвялічвае іхні аўтарытэт у грамадстве…
У сучаснай Беларусі, нягледзячы на не сфарміраванае сістэмнае ўяўленне пра феномен сацыяльнай адказнасці бізнесу, дзяржава і прадпрымальнікі бачаць у апошняй выключна важны элемент развіцця грамадства ў эпоху рыначнай эканомікі, а таксама — эфектыўны сродак канструктыўнага дыялога бізнесу і ўлады. А цяпер — пра віды сацыяльнай адказнасці.
Мецэнацтва
Разбяромся ў тэрміналогіі. Мецэнацтва — гэта падтрымка культуры і мастацтва на бязвыплатнай аснове. Яно адрозніваецца ад дабрачыннасці сацыяльнымі і культурнымі мэтамі.
Мэты дабрачыннасці — у забеспячэнні сацыяльнага дабрабыту грамадства. Мэты мецэнацтва — больш канкрэтныя: захаванне і развіццё культуры. Сутнасць мецэнацтва — у бескарыслівай (бязвыплатнай ці на льготных умовах) падтрымцы. Для развіцця гэтага руху, як вядома, Міністэрствам культуры прапанавана стварэнне апякунскіх саветаў пры ўстановах культуры.
Асобнай катэгорыяй дабрачыннікаў і мецэнатаў выступаюць валанцёры — добраахвотнікі. Яны час ад часу працуюць, да прыкладу, на добраўпарадкаванні Навагрудскага, Любчанскага, Крэўскага замкаў, сядзібы Агінскіх у Залессі.
Спонсарства
Гэта дзейнасць юрыдычных асоб, заснаваная на пагадненні паміж арганізатарамі падзеі ці дзейнасці, з аднаго боку, і камерцыйнай кампаніяй, з другога. Інакш кажучы, мецэнацтва, што патрабуе дывідэндаў, з’яўляецца спонсарствам.
Спонсарская падтрымка адрозніваецца ад іншых відаў матэрыяльнай дапамогі тым, што прадугледжвае сустрэчную паслугу, уяўляе з сябе мэтавыя субсідыі для дасягнення ўзаемных мэт. Карацей, гаворка — пра ўзаемавыгаднае супрацоўніцтва. У любым выпадку, умовы, на якіх прадастаўляецца
спонсарская падтрымка, павінны быць аформлены спецыяльнай
дамовай і адпаведнымі пратаколамі.
З дапамогай шэрагу прыватных кампаній Нацыянальная бібліятэка Беларусі правяла акцыю “Рарытэтныя выданні — беларускай скарбніцы” і атрымала 26 унікальных старадрукаў, перыядычных выданняў і карт. Пры фінансавай падтрымцы аднаго з прадпрыемстваў Беларускі фонд культуры выдаў “Дзікае паляванне караля Стаха” Уладзіміра
Караткевіча…
Стратэгія бізнесу
Гэта ўзгодненая сукупнасць рашэнняў і прынцыпаў, якія аказваюць уплыў на дзейнасць арганізацыі ды маюць доўгатэрміновае выкарыстанне. Сацыяльная адказнасць — складнік такой стратэгіі.
√
Пры садзейнічанні адной з бізнес-асацыяцый
ды іншых партнёраў у рамках праграмы
“Рэгіёны Балтыйскага мора” быў рэалізаваны
праект Беларусі, Латвіі і Швецыі
“Панарама Дзвіна — Даўгава”, скіраваны
на адраджэнне гандлёвага шляху
“з варагаў у грэкі”.
У айчыннай практыцы існуюць прыклады, калі прадпрымальнікі займаюцца асветніцтвам (ствараюць, у тым ліку, інфармацыйныя інтэрнэт-парталы, якія ўтрымліваюць турыстычна-краязнаўчы блок).
Сацыяльныя інвестыцыі
Гаворка — пра доўгатэрміновае ўкладанне капіталу ў сацыяльную сферу для атрымання прыбытку. Прыкладаў шмат: фатограф з Гомеля выкупіў старыя дамы і стварыў арт-вёску, дзе ладзіць для ахвотных культурныя праграмы; мінчанін набывае хутар у Валожынскім раёне для правядзення музычных фестываляў; аграрнік пераўтварае хутар на Мядзельшчыне ў агратурыстычную вёску; аналагічны комплекс з’явіцца неўзабаве на беразе Свіцязі ў Карэліцкім раёне…
Вялікай папулярнасцю ў наведвальнікаў карыстаецца маёнтак “Каробчыцы”, створаны па ініцыятыве кіраўніцтва Гродзенскага мясакамбіната.
Замест заключэння
Для многіх прадпрымальнікаў, якія ўсвядомілі важнасць сацыяльнай адказнасці не толькі перад супрацоўнікамі, акцыянерамі, партнёрамі, але і перад грамадствам, магчымасць набыцця статуса сацыяльна адказнага бізнесмена з’яўляецца больш важнай за імгненны фінансавы поспех. Тым больш, што і дзяржава імкнецца ўсяляк заахвочваць мецэнацкую ды спонсарскую дзейнасць: праводзіць адпаведныя конкурсы, папулярызуе такія ініцыятывы праз СМІ… І на падставе прыведзеных у дыпломнай рабоце прыкладаў можна з упэўненасцю меркаваць, што наша нацыянальная культура здольная выступіць годным партнёрам у справе ўмацавання эканомікі. Але неаспрэчным з’яўляецца і тое, што такое дзяржаўна-прыватнае партнёрства вымагае ад работнікаў культуры асаблівых камунікацыйных тэхналогій, інавацыйных арганізатарскіх падыходаў і крэатыўнага мыслення.
Папярэднія матэрыялы па дыпломных работах студэнтаў Універсітэта культуры і мастацтваў: