Казка і ява Нясвіжчыны

№ 1 (819) 05.01.2008 - 11.01.2008 г

18 студзеня Міншчына святкуе 70-годдзе. Гэтая вобласць — не толькі геаграфічны цэнтр Беларусі, але і пастаянны лідэр рэспубліканскага сацыякультурнага развіцця. Тут спрадвек — адны з лепшых паказчыкаў па выкананні дзяржаўных праграм: па адраджэнні вёскі, развіцці малых і сярэдніх гарадоў, па кадравым забеспячэнні культурнай сферы... А Нясвіжскі раён у маштабах Міншчыны (ды і краіны) — таксама надзвычай паказальны і адметны. Мясцовае княства згадваецца ў пісьмовых помніках аж з 1223 года. Ардынацыя Радзівілаў з XVI стагоддзя досыць вынікова экспартуе нашу нацыянальную культуру і па беларускіх правінцыях, і па еўрапейскіх абсягах. Сённяшнія спадкаемцы княжычаў-асветнікаў не менш адказна доўжаць традыцыі выбітных продкаў. Пераканаліся ў гэтым у час нашай камандзіроўкі ў “сэрца Беларусі”, дзе паміж каляднымі і навагоднімі святамі феерычная казка сівой даўніны арганічна паядналася з гэткай жа прывабнай сённяшняй явай.

 /i/content/pi/cult/143/933/Kult-1-4.jpg

Калядны баль у ратушы.

Адраджэнне статуса мястэчак
На ІІІ Усебеларускім сходзе развіццё малых і сярэдніх гарадоў абвешчана адным з прыярытэтаў сацыяльна-эканамічнага развіцця краіны да 2010 года. Адпаведная комплексная дзяржаўная праграма зацверджана Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь у чэрвені 2007-га. Многія з нашых мястэчак з’яўляліся колісь духоўнымі, культурнымі і адукацыйнымі цэнтрамі рэгіёнаў. Мэта праграмы — адраджэнне статуса мястэчак, але на новым якасным узроўні. З улікам самых апошніх дасягненняў навукі, культуры, горадабудаўніцтва. З прыцягненнем лепшых творцаў рэспублікі. Добраўпарадкаванне пасёлка Мір, што на Гродзеншчыне, з ягоным духоўна-канцэртным прызамкавым асяродкам — бадай, адзін з яркіх прыкладаў ажыццяўлення згаданай комплекснай праграмы.
Не менш паказальнай з’яўляецца і асучасненая старасвеччына Нясвіжа. Леташняя здача першай чаргі абнаўлення мясцовага Палаца, з любоўю і княжацкім шыкам адрэстаўраваная гарадская ратуша, што здолела застацца “духоўнаўтваральным” збудаваннем райцэнтра, — пра гэтыя нацыянальныя аб’екты-дзівосы “Культура” пісала ўжо неаднаразова. Але ў комплексную праграму па Міншчыне ўключана яшчэ 38 малых і сярэдніх мястэчак (42 установы клубнага тыпу, 81 бібліятэка, больш чым 3,5 тысячы помнікаў гісторыі, архітэктуры і археалогіі). Адно з такіх паселішчаў у Нясвіжскім раёне — гарадскі пасёлак Гарадзея, дзе напрыканцы лістапада пралёг адзін з маршрутаў удзельнікаў Рэспубліканскага семінара кіруючых работнікаў, на якім і разглядаўся ход выканання згаданай дзяржпраграмы...
І пяці тысяч жыхароў у гарпасёлку не набярэцца. Тыповае беларускае мястэчка з тыповым гаспадарскім падыходам і да чысціні прыватных падворкаў, і да знешняга выгляду будынкаў і добраўпарадкавання тэрыторый. Як аказваецца, ролю нашчадка фундатараў і мецэнатаў Радзівілаў упэўнена ўзяў на сябе дырэктар мясцовага цукровага камбіната (аднаго з чатырох у рэспубліцы) Міхаіл Крыштаповіч. У спалучэнні з актыўнасцю кіраўніцтва Нясвіжскага райвыканкама і мясцовага аддзела культуры ўмовы для ўдасканалення сацкультбыту — самыя спрыяльныя.
 /i/content/pi/cult/143/933/Kult-1-3.jpg
Сышліся ў Нясвіжы даўніна і ява: рамізніца Вольга Чэхі вадзіцель Эдуард Навошчык.


Калі ў сярэднім па рэспубліцы на развіццё культуры выдаткоўваецца па 3 працэнты ад раённага бюджэту, дык на Нясвіжчыне гэты паказчык перавышае 8 працэнтаў.
Дом культуры ў гарпасёлку ўпрыгожыў бы любы абласны цэнтр. І не толькі дагледжаным знешнім выглядам, але і паўнацэнным сучасным напаўненнем: глядзельная зала на 360 месцаў, пакоі для заняткаў тэатральнага, двух вакальных, трох танцавальных гурткоў і вакальна-інструментальнага ансамбля, два басейны (!), спартыўная зала, більярдная... Спалучэнне культурнага і спартыўнага выхавання — адна з характэрных рыс ДК Міншчыны. І ў гэтым мясцовыя культработнікі бачаць перспектыву развіцця ўласнай дзейнасці: маўляў, здаровы дух толькі ў здаровым целе. Таму і не дзіва, што ўстанова прымае ў месяц больш за тысячу наведвальнікаў і за кошт платных паслуг зарабляе за гэты час у сярэднім 2 мільёны рублёў. Матэрыяльная база — рэч важная, але не вырашальная. Самы галоўны складнік, як паказвае практыка, — кадравы. Усе пяць творчых супрацоўнікаў ДК маюць спецыяльную вышэйшую адукацыю. Дырэктарка ўстановы Вольга Захарэц мае за плячыма Полацкае музвучылішча, цяпер — на чацвёртым курсе завочнага харавога аддзялення Беларускага дзяржаўнага універсітэта культуры і мастацтваў. Яна ўпэўнена, што рэгулярнае павышэнне прафесійнай кваліфікацыі — найпершы абавязак культработніка. Таму гарадзейскіх дзяўчат, нягледзячы на тое, што ўсе навукі “пераўзышлі” ў ВНУ, заўжды можна пабачыць і на раённых, і на абласных, і на рэспубліканскіх курсах. І па доказы высокай прафесійнай годнасці далёка хадзіць не трэба: мясцовая бібліятэкарка Ганна Калоша, якая ў сферы 25 гадоў, спісала апошнім часам толькі 100 састарэлых кніжак, а новых набыла ў бібліятэчны фонд 500 — у пяць разоў болей...
І апошні нюанс новага статуса Гарадзеі. Яна па вартасці стала адной з прывабных кропак турыстычных маршрутаў рэспубліканскага значэння. А па чым, апрача ўстаноў культуры і аб’ектаў гістарычнай спадчыны, складаюць турысты ўражанне ад гасціннасці мястэчка? Правільна — па камфартабельнасці гасцініцы. А яна ў Гарадзеі таксама пад пільным вокам мецэната дзяржаўнага ўзроўню Міхаіла Крыштаповіча, для якога ў мястэчку дробязей не існуе. Дык вось, да феерычных навагодніх баляў рыхтаваліся не толькі ў мясцовым ДК. Усе месцы (хоць яны і не з танных) у “Гарадзейскім фальварку” на святы раскуплены. А сама гасцініца, што аформлена як старадаўні казачны куфэрак, даўно выйшла на самафінансаванне. Не ў многіх мястэчках пакуль што могуць пахваліцца такой адладжанасцю сацкультбыту!

Рахунак мінулага года
Тут самая нагода пагаварыць пра акалічнасць, якая больш чым прадметна характарызуе стан спраў у абласной сферы культуры. Анатоль Акушэвіч, анансуючы нашу вандроўку, зазначыў, што сустрэнемся мы з найцудоўнымі людзьмі, якія ведаюць і любяць сваю справу, таму і не рабіў аніякіх каментарыяў: маўляў, пра выніковасць галіны меркаваць будзеце па дзейнасці і пазіцыі мясцовых кадраў. Што мы і зрабілі.
 /i/content/pi/cult/143/933/Kult-1-6.jpg

Начальнік упраўлення культуры Мінскага аблвыканкама Анатоль Акушэвіч сярод ланскіх артыстаў.


Вось як, да прыкладу, падвёў рахункі мінулага года намеснік старшыні Нясвіжскага райвыканкама па сацыяльных пытаннях Аляксандр Майсеня:
— Самай важнай лічу работу з моладдзю. Нашых культасветработнікаў у гэтым плане дзейсна падтрымліваюць і райвыканкам, і, як вы пераканаліся, мясцовыя гаспадарнікі. І вынікі года тут мяне радуюць вельмі: значна павялічылася ў раёне нараджальнасць, зменшылася колькасць скасаваных шлюбаў, няма прыросту правапарушэнняў. 91 працэнт выпускнікоў школ вучацца далей, 55 працэнтаў з іх паступаюць у ВНУ... Заключаны дамовы па супрацоўніцтве культасветработнікаў з Праваслаўнай Царквой. Свае намаганні аб’ядноўваюць не толькі РЦК і нядзельная школа. Супрацоўніцтва святароў і культасветработнікаў становіцца традыцыйным і для вёсак раёна. Мы не шкадуем грошай на ўмацаванне матэрыяльнай базы, адсочваем прафесійны ўзровень кадраў у культурнай сферы. Таму і адчуваем аддачу. Усе 169 калектываў мастацкай самадзейнасці (12 з іх — народныя, 3 — узорныя) досыць мабільныя і бяруць пастаянны ўдзел у абменных канцэртах у іншых раёнах не толькі Міншчыны. І гэтыя працэсы самаўдасканальвання, пастаяннага назапашвання прафесійнага досведу характэрны не толькі для мястэчак, але і для вёсак раёна. Да пяці аграгарадкоў раёна летась далучыліся яшчэ тры: у Друцкаўшчыне, Заазер’і і Лані. Мяняецца, удасканальваецца тыпалогія ўстаноў культуры — цяпер пераважна гэта не СДК, а цэнтры культуры і вольнага часу...
/i/content/pi/cult/143/933/Kult-1-2.jpg 
Дырэктарка Нясвіжскага РЦК Таццяна Лук’янчык.
Нямала ўдач і ў “справаздачы” дырэктаркі раённага Цэнтра культуры Таццяны Лук’янчык:
— Безумоўна, сёння ўсё вырашае наш прафесіяналізм. 8 супрацоўнікаў РЦК маюць вышэйшую адукацыю, а 7 набываюць яе завочна... З культурніцкіх інавацый у першую чаргу назаву стварэнне перасоўнага маладзёжнага цэнтра. Разам з нашымі работнікамі культуры ў вёскі Высокая Ліпа і Навасёлкі выязджалі юрысты, сацыёлагі, урачы. Поруч з канцэртамі, забаўляльнымі мерапрыемствамі з моладдзю вялася прадметная прафесійная гаворка пра самыя злабадзённыя праблемы сённяшніх юнакоў і дзяўчат, звязаных з працай, набыццём жылля, пытаннямі творчай самарэалізацыі і здаровага ладу жыцця.
Натуральна, гэты кірунак працы ў раёне лічыцца самым важным. Згубім моладзь — згубім перспектывы. Вельмі моднымі ў нас сталі інтэлектуальныя гульні, заснаваныя на багатым мясцовым духоўна-гістарычным матэрыяле. Уцягваем у іх менавіта рабочую моладзь. Калі раней у раёне існавала сем каманд, цяпер іх аж 32! І я спакойная за інтэлектуальны ўзровень іх маладых удзельнікаў...
І падсумоўвае рахунак года заслужаны дзеяч культуры РБ, начальнік аддзела культуры Нясвіжскага райвыканкама Леаніда Віхрова:
— За 2007 год з раённага бюджэту выдаткавана і выкарыстана больш чым 4 мільярды рублёў. Працягваецца ўзвядзенне новай райбібліятэкі, распачатае, калі губернатар Міншчыны Леанід Фёдаравіч Крупец яшчэ працаваў старшынёй Нясвіжскага райвыканкама, — асвоена на аб’екце больш за мільярд рублёў.
Усяго на рамонт устаноў культуры з самых розных бюджэтаў выкарыстана 505 мільёнаў, на набыццё музычных інструментаў, асвятляльнага і гукаўзмацняльнага абсталявання — 63,9 мільёна рублёў. Для сельскіх бібліятэк набыта 10 камп’ютэраў. На камплектаванне бібліятэчнага фонду раёна выкарыстана 86,2 мільёна рублёў, у тым ліку 74,3 мільёна — з бюджэтных сродкаў. План па платных паслугах у супастаўных цэнах выкананы больш чым на 110 працэнтаў, зароблена амаль 155 мільёнаў рублёў.
Даруйце за такую колькасць лічбаў, але за кожнай з іх — нялёгкая, проста самаахвярная праца нашых культработнікаў, якіх вельмі цаню і паважаю. Дарэчы, 94 працэнты іх маюць вышэйшую і сярэднюю спецыяльную адукацыю. Паказчык, пагадзіцеся, больш чым красамоўны...
І наша кароткае рэзюме. Калі ў сярэднім за год агульны вынік ад прадастаўлення платных паслуг сягае па вобласці да 7 мільярдаў рублёў, дык падстаў хвалявацца за работнікаў культуры Міншчыны — няма.

Калі дырэктарка клуба — дэпутат

“Навасёлкі” — аграгарадок 2006 года нараджэння. У кіраўніка мясцовай СВФ “Росіч — Агра” Алега Шахновіча клубныя работнікі— у асаблівай пашане. Дарэчы, не СДК тут цяпер, а Цэнтр культуры. На рамонт яго пайшло больш чым 100 мільёнаў. Сума, як думаецца, аптымальная, бо, апрача 780 жыхароў Навасёлак, ЦК абслугоўвае яшчэ 6 вёсак, а без належнай базы гэта зрабіць цяжка. Але таму і задаволены Алег Шахновіч, што абслугоўванне гэтае наладжана як мае быць. Нават у час рамонту ЦК (да аграгарадскіх уваходзін) план па аказанні платных паслуг выканаў за кошт выязных канцэртаў. А якое свята вёскі правялі культасветработнікі ў Петухоўшчыне, якая святкавала стагоддзе! Відэафільм, зняты па выніках гэтай маштабнай і шматпланавай дзеі, можна дэманстраваць у якасці метадычнага дапаможніка.
А кадры хто? Маладыя, прыгожыя, актыўныя, адукаваныя. Два маладыя спецыялісты і мастацкі кіраўнік Валя Петручэня (пасля педкаледжа) і бібліятэкар Вераніка Міхаленя (скончыла Магілёўскі бібліятэчны тэхнікум) жывуць у добраўпарадкаваным інтэрнаце (блок — на двух чалавек) ад аграфірмы, вельмі задаволены. Трэці — акампаніятар, баяніст-віртуоз Аляксандр Герасімовіч...
 /i/content/pi/cult/143/933/Kult-1-5.jpg

Дырэктарка Навасёлкаўскага ЦК Наталля Яцкевіч.

Пра дырэктарку Цэнтра культуры гаворка асобная. Наталля Яцкевіч аднадушна абрана сёлета дэпутатам сельсавета. Пашана — па заслугах.
І яшчэ адна асаблівасць культасветработнікаў і Міншчыны наогул, і Нясвіжчыны ў прыватнасці. Да прыкладу, загадчыца клуба-бібліятэкі ў вёсцы Завітая Лілія Ільюшэнка, плюс да ўсяго, дапамагае і старасце паселішча: вырашае самыя неадкладныя жыццёвыя праблемы аднавяскоўцаў. А Святлана Дзянішчык— дырэктарка СДК з вёскі Лань — за 22 гады працы ў сферы культуры ўсіх жыхароў навакольных вёсак ведае не толькі па імёнах-прозвішчах, але і па норавах-запатрабаваннях.
Ну як такім не давяраць! Не толькі культурную, але і сацыяльную палітыку дзяржавы яны праводзяць з поспехам...
Дык вось, пра Наталлю Яцкевіч. Трымае цяпер на кантролі не толькі правядзенне калядных ды навагодніх баляў-казак, але і ад вясковай сённяшняй явы не адрываецца. Тым больш, што ў вёсцы — шмат перасяленцаў чарнобыльскіх з няпростымі лёсамі, якім не толькі добрае слова, але і канкрэтная падтрымка патрэбны. Дзеці яе — 12-гадовая Насця і 15-гадовы Дзяніс — найпершыя памочнікі ў клубнай справе: дачка танцуе цудоўна, а сын спявае. А муж — вадзіцелем у Алега Шахновіча. Вось такая повязь казкі і явы, творчасці і вытворчасці.

Аграгарадскія ўваходзіны
“Лань” — з аграгарадкоў леташніх. У мясцовым СДК напярэдадні Новага года адбыліся якраз уваходзіны. Маштабныя, тэатралізаваныя, з выдумкай. На пад’ездзе да клуба кожнага наведвальніка сустракаюць казачныя кірмашовыя Дзед (мясцовая бібліятэкарка Алена Тарасевіч) ды Баба (дырэктарка Дома рамёстваў з Міцькавічаў — адзіны сельсавет — Ала Каладзінская), якія запрашаюць люд паспаліты на свята. Уваходзіны — справа сур’ёзная. У Лані — сур’ёзная ўдвая.
Клубны будынак тут не тыповы, як у Навасёлках, а ўзростам аж з 1913 года. На капітальны рамонт, які закончыўся тыдзень таму, пайшло каля 100 мільёнаў. Працы было шмат, але і вынік атрымаўся бліскучым. Хоць і невялікае памяшканне, але — утульнае, цёплае.
Дарэчы, будынак калісьці таксама належаў Радзівілам. Так што і тут повязь са слаўнай мінуўшчынай самая шчыльная. Вёска не толькі шматлюдная — за 700 жыхароў, але і заможная — і гэта таксама ў мясцовых нясвіжскіх традыцыях.
Уваходзіны атрымаліся вельмі прадстаўнічымі. Апрача ланскіх руплівых і таленавітых жанчынак на чале з дырэктаркай СДК Святланай Дзянішчык завіталі на свята народны ансамбль народнай песні “Крынічанька” з Міцькавіцкага СДК, якім кіруе старэйшы работнік культуры раёна Людміла Міклаш, старшыня сельвыканкама Людміла Буглай, намеснік старшыні СВК “Лань — Нясвіж” па ідэалогіі Галіна Салавей. Словам, традыцыйны для Міншчыны расклад: творцы і гаспадарнікі — поруч. Мясцовы СВК выдаткоўвае на патрэбы вясковай культуры ад 5 да 7 мільёнаў рублёў у год. Каментарыі, як кажуць, лішнія.
У ланскіх культасветработнікаў свая адметнасць. Не толькі ўшаноўваюць старадаўнія традыцыі музыкаў з вёскі Кіркаўшчына — адраджаюць дзіцячы духавы аркестр, не толькі прапагандуюць вакальныя дасягненні адзінага ў рэспубліцы народнага мужчынскага хору пад кіраўніцтвам Івана Налівайкі, але і мэтанакіравана займаюцца адраджэннем тутэйшай абраднасці. Раённы семінар па адраджэнні і захаванні традыцыйнай спадчыны правялі менавіта ў Лані.

* * *
Жывы на Нясвіжчыне дух Радзівілаў. І спадкаемцы іх маюць гэткі ж шырокі размах душы і ў праявах творчасці, і ў ажыццяўленні самых маштабных гаспадарчых планаў. Мы пераканаліся ў гэтым, калі назіралі за шыкоўным калядным балем у Нясвіжскай ратушы, калі аглядалі прыватны музей былога мастака Нацыянальнага тэатра оперы Яўгена Ждана ў Снове, дзе выстаўлены ягоныя жывапісныя работы і эскізы тэатральных дэкарацый, калі слухалі пераднавагоднюю рэпетыцыю зухаватых самадзейных артыстаў у аграгарадку “Грыцкавічы”. І мястэчкі, і вёскі гэтай сівой і маладой зямлі — доказ таму, што сэрца Міншчыны па-ранейшаму задае творчы (гэтаксама, як і гаспадарчы) рытм усёй Беларусі.
І напрыканцы — святочнае віншаванне чытачам “К” ад Акушэвіча-паэта (яшчэ адна дзялянка няўрымслівага і летуценнага начальніка ўпраўлення культуры Мінскага аблвыканкама, высокі кіраўніцкі і творчы аўтарытэт якога прасочваецца ў кожным дасягненні раённых носьбітаў нацыянальнай культуры!): “Няхай наступны “грызуновы” год не будзе кепскім, жорсткім і пісклявым, а наш культурны, велічны паход нам асалоду прынясе і славу!”. Мы далучаемся да прачулых зычэнняў Анатоля Леанідавіча.

Андрэй СТАРЖЫНСКІ,
Юрый ІВАНОЎ (фота),
нашы спецкарэспандэнты
Мінск — Нясвіж — Гарадзея —
Навасёлкі — Лань — Сноў — Грыцкавічы — Мінск