Гасцей свята чакае сустрэча з капыльскімі і старадарожскімі ручнікамі, лагойскай ды івянецкай керамікай, клецкай і маладзечанскай лазой, вілейскай і мядзельскай разьбой па дрэве. Для ўсіх ахвотных адбудуцца майстар-класы па пляценні і ткацтве. Навучэнцы гурткоў і студый дэкаратыўна-прыкладной творчасці возьмуць удзел у конкурсе “Беларуская лялька”. Пройдуць выступленні самадзейных артыстаў сталічнай вобласці, прадстаўнікоў беларускай дыяспары Расіі і Нацыянальнага акадэмічнага хору імя Цітовіча.
Паколькі свята мае на мэце спрыянне рэалізацыі Дзяржаўнай праграмы адраджэння тэхналогіі і традыцый вырабу слуцкіх паясоў ды развіцця вытворчасці сувенірнай прадукцыі, а таксама далейшага развіцця і прапаганды традыцыйнага мастацтва, у рамках абласной імпрэзы адбудзецца навукова-практычная канферэнцыя “Беларускі пояс: гістарычныя шляхі сучасная практыка”.
Чакаецца, што на канферэнцыі будзе абмеркавана хада выканання Дзяржаўнай праграмы, зроблены высновы з ужо напрацаванага досведу і агучаны прапановы па максімальна эфектыўным скарыстанні сродкаў, выдаткаваных дзяржавай на рэалізацыю палажэнняў праграмы.
Ул. інф.