"Дажынкі" ў фармаце 3D і чайнік для ўсіх...

№ 38 (1112) 21.09.2013 - 27.09.2013 г

Напярэдадні падзеі
Восень — час дажынак: ад раённых і абласных да рэспубліканскіх. І кожнае з гэтых святаў пакідае пасля сябе не толькі важкі каравай чарговага ўраджаю, але і якасна абноўленую сацыяльна-культурную сферу. Бягучы год, натуральна, — не выключэнне.

/i/content/pi/cult/446/9325/1-3.jpeg

 14 верасня свята хлебаробаў Брэстчыны адвіравала ў Ляхавічах. На парадку дня — Рэспубліканскі фестываль-кірмаш працаўнікоў вёскі “Дажынкі-2013”, што неўзабаве пройдзе ў Жлобіне.

/i/content/pi/cult/446/9325/1-4.jpeg

Адна з ключавых культурных падзей дажынак у Ляхавічах звязана з карэннай рэканструкцыяй кінатэатра “Кастрычнік”. Па словах намесніка начальніка ўпраўлення ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Брэсцкага аблвыканкама Сяргея Панасюка, толькі на набыццё 3D-абсталявання было выкарыстана 300 мільёнаў рублёў. Ва ўрачыстым адкрыцці новага кінатэатра, якое адбылося ў дзень дажынак, прыняў удзел старшыня Брэсцкага аблвыканкама Канстанцін Сумар. На першым паказе разам з мясцовай дзятвой кіраўнік вобласці з цікавасцю глядзеў мульцікі ў фармаце 3D.

Новае аблічча займее і кінатэатр “Радзіма” ў Жлобіне. Намеснік начальніка аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Жлобінскага райвыканама Віктар Бажан паведамляе, што да Рэспубліканскага фестывалю-кірмашу ўстанова займее іншае вонкавае аблічча, а цягам года ў кінатэатры будзе таксама ўсталявана сучаснае тэхнічнае аснашчэнне.

А ўсяго да “Дажынак-2013” рамантаваўся ці не дзясятак аб’ектаў культуры. Сярод іх — раённыя Дзіцячая і Цэнтральная бібліятэкі, ДШМ № 1, краязнаўчы музей, Гарадскі цэнтр культуры.

Для добраўпарадкавання цягам года парку “Прыдняпроўскі” была абвешчана дабрачынная акцыя, у выніку якой жыхары горада і раёна сабралі каля 900 мільёнаў рублёў. Змяніўся і заапарк: ля яго неўзабаве размесціцца выстаўка драўлянай скульптуры, прысвечаная мясцовай фаўне...

На бульвары Металургаў пад час Рэспубліканскага свята будуць прадстаўлены творчыя здабыткі ўсёй Гомельшчыны. Жлобінскі раён прэзентуе чайна-зёлкавы падворак “Духмяны водар”. Ягоная папулярнасць — гарантавана, бо аматараў гарбаты будзе чакаць чайнік, выраблены на заводзе “Днепр”. Паколькі дыяметр і вышыня посуду перавышаюць тры метры, смачнага пітва хопіць для ўсіх!..

На здымку: Жлобін жыве цяпер прадчуваннем Рэспубліканскага фестывалю-кірмашу працаўнікоў вёскі “Дажынкі-2013”. У хлебаробскім свяце возьме ўдзел і народны вакальны ансамбль “Сузор’е” з аграгарадка “Кароткавічы”.

Фота Мікалая СЕМЯНЦА