Натуральная гаспадарка Сашы Варламава

№ 1 (819) 05.01.2008 - 11.01.2008 г

Біяграфія Сашы Варламава ўражвае не менш за жыццяпіс сучасных нешматлікіх геніяў-працаголікаў — Карла Лагерфельда, Валянціна Елізар’ева, Міхаіла Фінберга. Імя Сашы стала стопрацэнтным брэндам, але сёння гутарка не пра яго асобу, а — пра яго праекты і дасягненні рэспубліканскай значнасці, якія, канешне, неадлучныя ад яго поглядаў, мыслення і ўпартага характару. Саша не заўсёды займаўся модай, пра што нагадваюць харэаграфія, яго 70 навуковых артыкулаў у энцыклапедыі “Этнаграфія Беларусі”, стварэнне музея беларускага прыкладнога мастацтва ў колішнім Інстытуце культуры ў 1980-х… Але сёння Саша Варламаў асацыіруецца выключна з беларускай модай, што стала вынікам значнага ўнёску ў развіццё гэтай сферы. І развіццё — праз новыя імёны маладых дызайнераў, фотамастакоў, мадэлей. Для іх ён спрабуе “прабіваць” шлях да абранай прафесіі, дзе мала аднаго толькі жадання. Хто скажа, якія невырашальныя праблемы “разруліў” Варламаў, каб стварыць куток адзення ад маладых дызайнераў “Млына моды” ў сталічным універмагу “Гандлёвы дом на Нямізе”? Кажуць, што і Пастанова Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь №1476 аб першачарговых мерах па развіцці маладзёжнай моды ў Рэспубліцы Беларусь — таксама плён высілкаў Сашы, які ўсімі сродкамі і сіламі прапагандуе маладзёжны модны рух… Адным словам, “Культура” цалкам падтрымлівае канструктыўныя погляды таленавітага дызайнера. Таму з гэтага года адкрываем рубрыку “Прэзентацы-Я”, у якой пазнаёмім нашых чытачоў з удзельнікамі Рэспубліканскага фестывалю-конкурсу моды і фота “Млын моды”. Уступнае слова — Сашу ВАРЛАМАВУ.

 
— “Млын моды” — гэта самы буйнамаштабны праект краіны ў галіне моды, — без прытворнай сціпласці сцвярджае Варламаў. — І яна, мода, не ўяўляецца без фатаграфіі: гэта два неразрыўныя бакі аднаго вялікага цэлага. Таму дазвольце мне прадставіць на старонках “Культуры” менавіта гэтую намінацыю фестывалю — намінацыю, якая прадстаўляе дэбюты і называецца “Фота”.
Усе канкурсанты — выключна дэбютанты, імёны якіх яшчэ ніколі не гучалі. Альбо не гучалі на поўную моц, так сур’ёзна, як зараз, на дзяржаўным узроўні. Я маю на ўвазе, канешне, фотамастакоў-пачаткоўцаў. Сёння ў намінацыі іх шасцёра (і адзін рэзервны).
— Усяго шэсць чалавек на ўсю рэспубліку? Адбор, пэўна, быў жорсткі...
— Адбіралі мы па работах. Галоўным прадметам іх фотасюжэтаў быў, па ўмовах конкурсу, чалавек. Не пейзажы, не нацюрморты, не архітэктура, а — чалавек. Для нас было важным, як малады фотамастак умее працаваць з чалавечай натурай, характарам, вобразам, як умее адчуваць унутраны свет, як перадае гэта рознымі сродкамі. А паколькі гэта дэбют, мы шукалі ў іх работах і нейкія новыя, наватарскія выяўленчыя ракурсы.
Нам не цікава, калі прадмет сюжэта разглядаецца так, як гэта рабілі да дэбютанта іншыя. Такім чынам мы і адабралі шэсць фатографаў.
— І таксама 12 мадэлей?
— Так, таму што мастакам выпадзе працаваць у конкурсе з шасцю парамі мадэлей — дзяўчына і хлопец. Іх мы выбіралі таксама па фота, улічваючы, як мадэль падае сябе на розных здымках, наколькі яна рознабаковая, артыстычная, шматпланавая, глыбінная, наколькі яна можа быць рознай.
— Тэма, зададзеная моладзі для спаборніцтва, гучыць так: “Гэта — Першы”. Напэўна, яна неяк звязана з Першым тэлеканалам?
— Так, на чале намінацыі “Фота” стаіць Белтэлерадыёкампанія. Таму лагічна, што тэмай для ўсіх фатографаў і мадэлей стала стварэнне канцэптуальнага фота. “Гэта — Першы” — такая назва канцэпцыі. Што яна значыць — вырашае для сябе кожны аўтар-удзельнік. Гэта можа быць і першы погляд, і першы дождж, і першае няшчасце, і першая перамога, першы… ва ўсіх праявах. У выніку мы атрымліваем галерэю фатаграфій з 12-цю фотамадэлямі, якая раскрывае задачу і канцэпцыю намінацыі. Гран-пры — “Суперфотамастак Беларусі” — будзе прысуджацца па выніках выстаўкі, што адбудзецца ў Палацы спорту ў пачатку мая, калі будзе праходзіць фінал “Млына моды”. Там будуць дэманстравацца створаныя за час конкурсу галерэі ўсіх шасці фатографаў, а прафесіяналы з журы вызначаць першыя месцы і Гран-пры. Паўтаруся, што яны дастануцца аўтарам з цікавым падыходам, бо мы шукаем новыя імёны, новыя твары, новыя вобразы. Мода патрабуе менавіта новае, свежае, нечаканае.
— Не сакрэт, што “Млын моды” на працягу апошніх гадоў падтрымліваецца на дзяржаўным узроўні. Прычым не фармальна, а нават асабістым удзелам у лёсе маладых пачаткоўцаў.
— Наш праект сапраўды мае шмат прыхільнікаў. Напрыклад, калі ўзяць патранажны савет і журы, мы там убачым спадарыню Людмілу Уладзіміраўну Сідорскую — жонку Прэмьер-міністра Рэспублікі Беларусь, жонку міністра замежных спраў спадарыню Маргарыту Менандраўну Мартынаву, жонку міністра культуры спадарыню Яніну Чаславаўну Матвейчук, жонку міністра адукацыі спадарыню Таццяну Мікалаеўну Радзькову... Гэтыя жанчыны разглядаюць наш праект як сцяг, ці як ключ, якім можна расчыніць дзверы ў Еўропу. Бо “Млын моды” — гэта, апроч творчасці, яшчэ і мова дыпламатыі. Калі мы прыязджаем у Еўропу, у нас здзіўлена пытаюцца: “Гэта і ёсць Беларусь?! Ніколі б не падумалі! Мы думалі, у вас носяць кажухі”. Яны таксама разумеюць і тое, што “Млын моды” дае шанц маладым дызайнерам, фатографам, мадэлям, візажыстам, стылістам адкрыць сябе. Напрыклад, сёлета наш праект аб’ядноўвае каля 10 тысяч чалавек па ўсёй краіне, а гэта — нямала.
— Што будзе далей з маладымі канкурсантамі, пераможцамі — пасля раздачы прызоў і сціхання фанфар?
— Перамогуць яны ці не, яны ўжо атрымалі пэўныя імёны і магчымасць працаваць. Гэта і ёсць “далей”: не спачываць на лаўрах, а працаваць, ствараць фатаграфіі, галерэі, рабіць выстаўкі, каб гэтыя фота потым маглі ўдзельнічаць у рэкламе. Яны будуць працаваць на моду і на сябе. Бо што такое мода? Гэта сукупнасць перспектыўных пунктаў гледжання на той ці іншы від мастацтва. Мода ў жывапісе, мода ў скульптуры, графіцы, фатаграфіі, адзенні, аксесуарах, прычосках…“Млын моды” дазваляе стаць запатрабаваным, перспектыўным, урэшце, знакамітым.
— А ці ёсць ужо сфарміраваная індустрыя, дзе можна працаваць і зарабляць сабе на хлеб мадэлям, фатографам — выхаванцам “Млына моды”?
— Канешне! Гэта сам “Млын моды”. Тут яны заўсёды запатрабаваны. У нас, так бы мовіць, натуральная гаспадарка: самі ўзрошчваем, самі потым і карыстаемся. Нам яны заўсёды патрэбны. У выніку я бачу сфарміраваную атмасферу, апынуўшыся ў якой, чалавек разумее, што творчасць — гэта адзіны сродак судакранання з Богам, Творцам. Чалавек таксама Творца, калі ён займаецца творчасцю. Гэта сэнс жыцця, стыль жыцця і жыццёвы шлях. “Я нікому не патрэбны!” — кажа малады дызайнер, малады фатограф, маладая мадэль. Дык я скажу: патрэбны! Тут, на “Млыне моды”. Дасягайце, даказвайце, спаборнічайце, адстойвайце сваё імя, творчую канцэпцыю, станавіцеся вядомымі, паспяховымі — мы даём вам магчымасць для гэтага.

Гутарыла Святлана КАСЯЧЭНКА