300 + 20: ну а больш?

№ 38 (1112) 21.09.2013 - 27.09.2013 г

25 верасня Мінскі абласны драматычны тэатр адкрывае сезон — 300-м спектаклем “Камедыі”!
За 20 гадоў свайго існавання гэты спектакль — “Камедыя пра селяніна Дзёмку, яго жонку Маланку, арандатара Давіда і Чорта, які страціў сэнс існавання” — ужо стаў візітоўкай тэатра, менавіта ім маладзечанцы адкрываюць кожны сезон. Саму гісторыю калісьці выклаў Каэтан Марашэўскі, дапоўніў — Францішак Аляхновіч, а сваю версію сачыніў рэжысёр і педагог тагачаснага Беларускага дзяржаўнага тэатральна-мастацкага інстытута Уладзімір Рудаў.

/i/content/pi/cult/446/9317/8-4.jpeg

П’еса была ўвасоблена рэжысёрам Андрэем Андросікам — як бліскучы дыпломны спектакль выпускнікоў-акцёраў, які потым доўга ішоў у прыватным Альтэрнатыўным тэатры. Некаторы час Андросік працаваў і ў нас, і прэм’ера завадной пастаноўкі дазволіла нашаму, на той час зусім маладому, тэатру гучна заявіць пра сябе ў культурнай прасторы. Менавіта “Камедыяй” адкрываўся першы фестываль “Маладзечанская сакавіца”, і маладым акцёрам Аляксандру Пашкевічу (наш нязменны памяркоўны Дзёмка), Таццяне Кавалеўскай (цяпер яна выкладае ў Мінску), Яўгену Іўковічу (цяпер ён у Маладзёжным тэатры) і Раману Цыркіну (так-так, цяперашні галоўны рэжысёр Мазырскага драмтэатра імя Івана Мележа таксама пачынаў у нас!) давялося трымаць своеасаблівы іспыт перад такімі майстрамі сцэны, як Стэфанія Станюта, Расціслаў Янкоўскі, Зінаіда Браварская, Аляксандра Клімава ды іншыя. Ролю Давіда рэпеціраваў нават мастак-пастаноўшчык спектакля Ігар Падлівальчаў — цяпер адзін з вядучых артыстаў Новага драматычнага тэатра.

Спектаклі-рэкардсмены для такога абласнога тэатра, як наш, — вялікая рэдкасць. Бо ў невялікіх гарадах цікавасць публікі можна падтрымліваць толькі частай зменай рэпертуару. Але “Камедыя” карысталася папраўдзе нязменнай глядацкай любоўю, у яе з’явіліся ледзь не “пастаянныя наведвальнікі”, якія бачылі спектакль разоў сем, а з часам прыводзілі на яго падрослае “маладое пакаленне”. Таму і не дзіва, што, здараецца, рэплікі персанажаў злятаюць з вуснаў публікі раней, чым вымаўляюцца на сцэне.

Дык у чым жа прычына такога поспеху? На мой погляд, паводле формы — гэта беларускі аналаг італьянскіх камедый масак і становішчаў. Праўда, замест сапраўдных масак, што існавалі ў дэль артэ, выкарыстоўваецца грым, прыдуманы калісьці нашым грымёрам Мікалаем Мамацюком: каларытныя насы, злепленыя з гумозы, вусы, маршчынкі. Персанажы-тыпажы надзелены пазнавальнымі рысамі. Амаль дэтэктыўны сюжэт увесь час трымае гледача ў чаканні развязкі. Спектакль — жыве. У ім раз-пораз з’яўляюцца імправізацыі, якіх няма ў тэксце.

А сама рэжысура Майстра і Педагога з вялікай літары! Андросік, на маю думку, наглядна прадэманстраваў забыты прыём-тэзіс — “артыст і дыванок”. Не трэба запаўняць прастору сцэны грувасткімі дэкарацыямі, — вынаходліваму рэжысёру дастаткова ўмоўнага “дыванка” і адоранага акцёра, каб стварыць незабыўнае відовішча. Якім пры гэтым было ўздзеянне рэжысёра на акцёраў, можна здагадвацца ўжо па тым, што калі я ўводзіўся на ролю Чорта, дык калегі, дапамагаючы мне, амаль даслоўна паўтаралі ўсе ягоныя фразы. Андросік сам распрацаваў і светлавую партытуру. І калі асвятляльнікам у тэатр прыходзіць новы супрацоўнік, той жа Аляксандр Пашкевіч — артыст з першага складу, які памятае пастаноўку ва ўсіх падрабязнасцях, — праводзіць з ім асобную рэпетыцыю, робіць неабходныя папраўкі.

Пэўна, яшчэ адной прычынай доўгажыхарства стала тое, што спектакль — не проста забаўка. “Куды ісці?” — у роспачы крычыць галоўны герой у фінале, прайграўшы пары Чорту. На гэтай фразе ў зале заўсёды павісае цішыня. Бо пытанне, насамрэч, філасофскае: хто мы, адкуль, навошта жывём, куды ідзём?

П’еса ставілася ў многіх тэатрах краіны. У некаторых, як і ў нас, тыя спектаклі не зніклі з афішы. Вось бы сабраць іх усе разам, у адным фестывальным праекце! У памяць пра тую ідэю-агеньчык, якую прыдумаў Уладзімір Рудаў, а “распаліў” Андрэй Андросік…

 

Ад рэдакцыі

А што? Калі ладзяцца выстаўкі адной карціны, дык чаму ў нас не можа быць фестывалю адной п’есы? Пачаўшы з “Камедыі” і ўласна рэспубліканскай прасторы, потым можна было б выйсці і на замежныя кантакты. Скажаце, гледачы стомяцца? Ды наадварот: заўсёды ж цікава параўноўваць! У той жа Эстонскай оперы, як “К” ужо калісьці пісала, цікавасць гледачоў падаграваецца тым, што на адзін і той жа сюжэт ставяць оперу і балет. Глядач ідзе на абедзве версіі — і параўноўвае. Так і тут: параўнанне, да ўсяго, магло б спрыяць выхаванню ўдумлівага гледача. Дый тэатры маглі б дадаткова “паспаборнічаць”, чыя пастаноўка выразнейшая…

Надзея БУНЦЭВІЧ

Аўтар: Алег ЧЭЧАНЕЎ
акцёр, рэжысёр