1. Сайт для прэзентацыі мастацтва
Сацыяльнымі сеткамі, па сутнасці, я карыстаюся больш для прэзентацыі самой сябе і для папулярызацыі майстэрства выцінанкі. Я выкладваю ў сваіх блогах лепшыя айчынныя ды замежныя работы. Адна з галоўных мэт — каб людзі разумелі адрозненне ўласна беларускай выцінанкі ад простай папяровай выразкі, каб маглі пабачыць гэта на прыкладах высокага мастацкага, інтэлектуальнага і духоўнага ўзроўню. Таксама на ўласным сайце я змяшчаю мае ранейшыя работы і інфармацыю па гісторыі выцінанкі.
2. Пасябраваць праз мастацтва
Ёсць людзі, з якімі я пазнаёмілася праз Інтэрнэт, а потым нашы кантакты перайшлі ў рэальнае жыццё і нават пераўтварыліся ў творчыя стасункі. Напрыклад, у Сеціве размаўлялі з паэткай і перакладчыцай Наталляй Русецкай, пасябравалі. Пасля я атрымала ад яе запрашэнне на фестываль "Wielokulturowy Lublin", наведвала прэзентацыю ейнай кнігі… Яшчэ праз Сеціва праводзіла творчыя кансультацыі: мяне знайшоў чалавек, які цікавіўся папяровай выразкай, але не меў адпаведнай адукацыі. Я бачыла фотаздымкі яго работ: яны вельмі складаныя. Ён нешта пытаў, я адказвала, дапамагала. Было бачна, што чалавек прымае ўсё да ўвагі і вельмі плённа развіваецца ў гэтым кірунку.
3. З усяго свету
У Інтэрнэце ёсць суполка, мадэратарам якой я з’яўляюся: http://wycinanka-by.livejournal.com/. Там сабрана шмат інфармацыі па беларускай выцінанцы ад людзей з усяго свету. Часта звяртаюся па яе і заўсёды знаходжу для сябе нешта цікавае. Напрыклад, даведалася, што ў Лацінскай Амерыцы папера была яшчэ да прыезду еўрапейцаў — яны з яе выразалі фігуры духаў для рэлігійных абрадаў.
4. Натхніцца
Крыніц натхнення ў Сеціве няшмат. Інтэрнэт усё ж такі — месца для стасункаў па зацікаўленасцях альбо для пошуку пэўнай інфармацыі. А мяне натхняе “жывая” культура: рэальныя выстаўкі, народнае майстэрства, нашы казкі, легенды… Нават фотаздымак — і той не дае такой паўнаты ўздзеяння, як рэальная рэч. Захоплівае заўжды тое, што можна патрымаць у руках, а фота — гэта хутчэй проста інфармацыйная прастора.
5. Кніжныя анонсы
Я — аўтар кнігі “Мая выцінанка”, фотаздымкі якой змешчаны на маёй старонцы ў Інтэрнэце. Але, з пункта гледжання аўтарства, не згодная з тым, што кнігі сучаснікаў выкладаюць у агульны доступ. Можна з кожнага параграфа змяшчаць старонку, каб людзі маглі паглядзець, зацікавіцца, бо ў краме кнігу па вокладцы не набываюць, а гартаюць старонкі, крыху вачыма прабягаюцца… Таму некалькі старонак для прэзентацыі кнігі — справа станоўчая. Але я не згодная, калі кнігу выкладаюць цалкам у электронным варыянце. Іншая справа — існуюць такія выданні, што выходзілі на пачатку мінулага стагоддзя, якіх захавалася вельмі мала і якія не перавыдаюцца. У такім выпадку, лічу, вельмі добра, калі такая кніга ёсць у алічбаваным варыянце.
Занатавала Вольга НАВІЦКАЯ