Неверагодныя прыгоды ашмянскага Монтэ-Крыста

№ 38 (1112) 21.09.2013 - 27.09.2013 г

Зігмунд Мінейка: паміж Беларуссю і Грэцыяй
…З кім разам вучыўся Зігмунд Мінейка, мне дакладна не вядома (у яго мемуарах згадваюцца толькі некаторыя ягоныя землякі). Але мяркуючы па гадах вучобы — з Вікторам фон Валем, князем Давідам Аргуцінскім-Даўгарукавым, Аляксандрам Шэпелевым, якія ў 1859 — 1861 гадах заканчвалі вучылішча: хто ў званні прапаршчыка, хто ў званні штабс-капітана.

(Працяг. Пачатак у № 35 — 37.)

Імёны таксама, як і аднакласнікаў Зігмунда па Віленскай гімназіі, мала вядомыя (іх ведаюць хіба спецыялісты), але кожны з вышэйзгаданых так ці інакш унёс сваю лепту ў ваенна-інжынернае мысленне Расіі.

Не магу не прыгадаць і сакурсніка Мінейкі — Паўла Унтэрбергера, будучага генерал-лейтэнанта, ваеннага губернатара Прыморскай вобласці і Ніжагародскай губерні, Вайсковага атамана Усурыйскага казачага войска, таго самага, на каго Барыс Савінкаў аднойчы ў Ніжнім Ноўгарадзе рыхтаваў замах. Пасля рэвалюцыі ён пакінуў Расію, выехаў да дачкі ў Германію і там памёр у 1921 годзе…

/i/content/pi/cult/446/9309/15-1.jpeg

Некаторы час Зігмунд вучыўся і з земляком Лявонам Чаховічам, які таксама не скончыў вучылішча, з’ехаў на радзіму, а калі пачалося паўстанне, узначаліў штаб партызанскага атрада свайго брата Густава Чаховіча. Ваяваў у Любанскіх лясах, на Ашмяншчыне і ў Віленскім павеце. Адбыў 12-гадовую сібірскую катаргу. Нейкі час жыў у Іркуцку, займаўся будаўнічым падрадам, потым вярнуўся ў Вільню і памёр напярэдадні Першай сусветнай вайны… Сярод іншых землякоў Зігмунд называў у мемуарах імёны Балеслава Дабравольскага з Ваўкавыска (былога сябра па гімназіі), Чашкевіча з Падолля, Сіп’янскага з Віцебска, Шпырко з Гродна, Эмануэля Юндзіла, Межаеўскага, Ігнатовіча, але пра іх я мала што ведаю.

Яшчэ я ўзгадаю генерал-лейтэнанта Аляксея Бутоўскага, які пасля Палтаўскага кадэцкага корпуса і Канстанцінаўскага артылерыйскага вучылішча працягваў вучобу — з 1856 па 1860 гады — менавіта ў Мікалаеўскім інжынерным вучылішчы. Прайшоў час, і ён стаў, разам з П’ерам дэ Кубертэнам і Мінейкам, адным з заснавальнікаў Міжнароднага алімпійскага камітэта (МАК) ды вядомым спартыўным функцыянерам. І так здарылася, што Бутоўскі, Кубертэн і Зігмунд Мінейка стаялі ў красавіку 1896 года побач на трыбуне ў дзень адкрыцця ў Афінах Першых Алімпійскіх гульняў сучаснасці. Дарэчы, сёння стадыён “Ворскла” ў Палтаве носіць імя Аляксея Бутоўскага, які памёр 25 лютага 1917-га, калі бушавала Лютаўская рэвалюцыя.

Хачу прыгадаць і імёны некаторых іншых знакамітых асоб, якія ў розныя гады скончылі гэтую вядомую ўстанову: канешне ж, у першую чаргу, гэта ўсім вядомы генерал-лейтэнант Дзмітрый Карбышаў; герой Порт-Артура, генерал Раман Кандраценка; наш зямляк з Магілёва, генерал Уладзімір Май-Маеўскі, камандуючы (пасля А.Дзянікіна) Добраахвотнай арміяй, якога змяніў барон Пётр Урангель. Таксама — прафесар фартыфікацыі і кампазітар Цэзар Кюі, родам з Вільні; пісьменнікі Фёдар Дастаеўскі і Дзмітрый Грыгаровіч, аўтар аповесцяў “Антон Гаротнік” і “Гутаперчавы хлопчык”; мастак Канстанцін Трутоўскі — таленавіты ілюстратар Гогаля, Крылова і Лермантава; выдатны фізіёлаг Іван Сечанаў...

Хто ведае, як склаўся б канчатковы лёс Зігмунда Мінейкі, калі б ён усё ж атрымаў паўнаважкі інжынерны “пропуск” у новае жыццё, але, бяспрэчна, тыя веды ў галіне будаўнічай інжынерыі, картаграфіі і фартыфікацыі, якія ён набыў тут, паўтаруся, вельмі моцна паўплывалі на ягоную далейшую біяграфію.

Што яшчэ сказаць? Дакладна вядома, што Зігмунд у час вучобы наладзіў трывалыя сувязі з маладымі прадстаўнікамі “роднаснага славянскага народа”, у асноўным — студэнтамі ўніверсітэта, якія займаліся стварэннем нелегальнай студэнцкай “хаты-чытальні” ды рыхтавалі антыўрадавыя пракламацыі пад уплывам патрыятычных ідэй, звязаных з марамі пра вызваленне польска-беларуска-літоўскага краю ад расійскага самаўладства.

Можа, менавіта тут, у Пецярбургу, пазнаёміўшыся з аднагодкамі — студэнтамі Цітусам Далеўскім, будучым паплечнікам Канстанціна Каліноўскага, потым публічна расстраляным у Вільні, і Эдмундам Вярыгам, інсургентам, які пасля арышту і суда адбыў на катарзе ў Сібіры больш за дзесяць гадоў, — Мінейка ўпершыню прасякнуўся ўсведамленнем свайго рэвалюцыйнага абавязку. Ды і з тым жа Францішкам Багушэвічам, відаць, мог яшчэ раз, пасля сумеснай вучобы ў Віленскай гімназіі, сустрэцца ў Пецярбургу, калі той паступіў ва ўніверсітэт і крыху тут правучыўся. Прыкладна ў гэты ж час у Мікалаеўскай акадэміі Генштаба вучыўся і Яраслаў Дамброўскі, які арганізаваў падпольны гурток польскіх афіцэраў, а на пачатку 1862-га, ужо ў Варшаве, будучы генерал Парыжскай камуны распачаў практычную падрыхтоўку студзеньскага паўстання 1863 года.

Цяжка сказаць, хто першы падштурхнуў маладога высокаінтэлігентнага Мінейку стаць адным з кіраўнікоў паўстання 1863 года. Мабыць, тут усё разам злілося: адпаведнае сямейна-шляхецкае выхаванне, навакольнае асяроддзе, прыродны розум, пастаянная прага ведаў ды імкненне самастойна разабрацца ў складанасці сацыяльнага жыцця з мэтай знайсці спосаб зрабіць для ўсіх людзей гэтае жыццё свабодным і лепшым. Падобных пасіянарных людзей тагачасная беларуская зямля нарадзіла шмат... Але дакладна вядома, што сваю ролю адыграла знаёмства Зігмунда з Вікенціем (Канстанцінам) Каліноўскім (“Кастусём” ён стаў значна пазней: толькі пасля смерці).

/i/content/pi/cult/446/9309/15-2.jpeg

Менавіта з ім ды яшчэ з Балеславам Дабравольскім Мінейка падзяліўся сваёй тайнай, якую ён хаваў ад усіх: ён вырашыў “дэзерціраваць” з вучылішча, з’ехаць на радзіму ды прыняць там удзел у вызваленчым руху. Сябры яго блаславілі ды паабяцалі, што хутка і яны будуць у Вільні... Вечарам Зігмунд адбыў на радзіму...

Так пачалася новая старонка жыцця Зігмунда Мінейкі, дзе шчыльна перапляліся такія дзіўныя, фантастычныя падзеі, пра якія можна здымаць сапраўдны прыгодніцкі мастацкі серыял, што не саступіць раманам Аляксандра Дзюма. Карыстаючыся выпадкам, прапаноўваю гэтую ідэю “Беларусьфільму”...

Зараз наконт значэння і ролі паўстання 1863 — 1864 гг. у кантэксце нашай краіны ў беларускіх, польскіх ды расійскіх гісторыкаў існуе шмат думак і версій, часта прама супрацьлеглых, не кажучы пра асобу кіраўніка “мяцежнікаў” Каліноўскага. Але, як бы там ні было, хто стане адмаўляць той факт, што ў гэтым руху супраць велізарнай Расійскай імперыі прыняла ўдзел жменька мужных, самадастатковых, верных сваім ідэалам людзей, якія з чыстым сумленнем, з пачуццём нацыянальнай годнасці склалі свае галовы ў няроўных баях з рускай рэгулярнай арміяй ці горда ішлі на пакаранне смерцю і на катаргу?..

Адной з такіх асоб і быў Зігмунд Мінейка. Аднойчы генерал-губернатар Паўночна-Заходняга краю Міхаіл Мураўёў, пераможца паўстанцаў, так звярнуўся да беларускай шляхты: “Забудьте наивные мечтания, занимавшие вас доселе, господа, и помните, что если вы не станете здесь по своим мыслям и чувствам русскими, то будете здесь иностранцами и должны тогда покинуть этот край”. Што на гэта сказаць? Мінейка аказаўся такім жа іншаземцам, як і яшчэ амаль сем тысяч яго паплечнікаў. Але гэта будзе пазней...

Кола Фартуны павярнулася так, што вясной 1861 года, перарваўшы вучобу, Зігмунд раптам пакінуў Пецярбург і апынуўся на радзіме, дзе пачыналіся стыхійныя хваляванні, якія нарадзіліся ў Варшаве ды хутка перакінуліся на ўвесь Паўночна-Заходні край імперыі. Прыкладна ў гэты ж час Францішак Багушэвіч, такі-скончыўшы першы курс фізіка-матэматычнага факультэта Пецярбургскага ўніверсітэта, таксама вярнуўся дадому. Вярнуўся, каб спачатку стаць настаўнікам у вёсцы Доцішкі Лідскага павета, а потым прыняць актыўны ўдзел у паўстанні, змагаючыся ў атрадзе паўстанцаў Людвіка Нарбута…

Тым часам Зігмунд хутка наладзіў сувязь з падпольным ашмянскім таварыствам “Пянтковічаў”, члены якога збіраліся кожны тыдзень па пятніцах, каб абмяркоўваць планы па рэалізацыі нелегальных беларускіх выданняў сярод сялян і дробнай шляхты рэгіёна. Мінейка атрымаў ад таварыства заданне: хадзіць “у народ” па навакольных вёсках, раздаваць пракламацыі ды лістоўкі, весці размовы з простым людам, спантанна рыхтуючы яго да выступленняў супраць расійскага самаўладства.

Але па-сапраўднаму разгарнуцца ашмянскім канспіратарам не ўдалося: хтосьці данёс паліцыі… Пачаліся арышты. Каб пазбегнуць рэпрэсій, Зігмунд Мінейка пераапрануўся ў студэнцкі мундзір, раздабыў фальшывы дакумент студэнта Пецярбургскага ўніверсітэта, наняў з трыма сябрамі па няшчасці рысорную чатырохколавую паштовую карэту з рамізнікам ды вартаўніком і праз Паўночную Пальміру (ізноў — Пецярбург!) накіраваўся за расійскую мяжу...

(Працяг будзе.)


Чытайце таксама першую, другую і трэцюю часткі артыкула пра Зігмунда Мінейку.

Аўтар: Барыс КРЭПАК
рэдактар аддзела газеты "Культура"