Ганарліва адказаць: “А то ж!”

№ 38 (1112) 21.09.2013 - 27.09.2013 г

Будзем шукаць на аўкцыёнах тое, што сёння аддаюць задарма?
Хоць па ўплыве на грамадскую свядомасць выяўленчае мастацтва саступае экрану, сцэне, слову ў папяровай і электроннай версіях, мастацкія музеі па ўсім свеце застаюцца, бадай, самымі прывабнымі турыстычнамі аб’ектамі. Гаворка — не толькі пра сусветна вядомыя скарбніцы мастацтва, дзе глядач загадзя настроены на нешта надзвычайнае. Сустрэча з невядомым (або вядомым толькі вузкаму колу прафесіяналаў) шэдэўрам у правінцыйным музеі можа ўразіць яшчэ больш менавіта сваёй нечаканасцю.

Увогуле, цяжка патлумачыць, чаму ў родным горадзе чалавека ў музей, мастацкі ў прыватнасці, бывае, бонусам не зацягнуць, а як выбярэцца ў вандроўку, дык шпацыр па музейных залах набывае прыцягальнасць і прэстыжнасць. Мабыць, спрацоўвае стэрэатып: калі па вяртанні дадому пачнеш расказваць пра замежжа, а цябе спытаюць, ці быў у Луўры, Дрэздэнскай галерэі, музеях Фларэнцыі, дык трэба мець падставы з гордасцю адказаць: “А то ж!”

Музеі, прысвечаныя канкрэтным з’явам/стылям/напрамкам у мастацтве, і музеі-персаналіі асоб, чыя творчасць гэтыя з’явы ўвасабляе, знаходзяцца, так бы мовіць, у цені сусветна вядомых скарбніц мастацтва, але іх роля ў стварэнні іміджа краіны, мяркую, не меншая. Заўважце, перліна музейнага Берліна  — скульптурная выява Неферціці і Пергамскі алтар, Луўра — “Джаконда”, Дрэздэнскай галерэі — “Сіксцінская мадонна”, Брытанскага музея — скульптуры афінскага Парфянона, Эрмітажа — “Мадонна Літа”. Інакш кажучы — сусветныя “хіты”, наяўнасць якіх у музейнай экспазіцыі сведчыць: краіна — багатая, можа дазволіць сабе такую раскошу. А вось каб зразумець, чым, да прыкладу, рэальна ўзбагаціла сусветнае мастацтва тая ж Францыя, будзе не лішнім наведаць Музей імпрэсіянізму, Музей Радэна, Музей Бурдэля, Музей Цадкіна. Тое ж датычыцца і іншых краін.

Гартаючы не так даўно альбом “100 славутых музеяў свету”, я не знайшоў у ім нашага Нацыянальнага мастацкага. Крыўдна, але зразумела: ён не з таго шэрагу, дзе Эрмітаж і Хофбург. Ягоную славу стварае найперш калекцыя рускага мастацтва, якая ў Савецкім Саюзе лічылася чацвёртай па значнасці ў спісе, што ўзначальвала Траццякоўка. І сёння гэты раздзел экспазіцыі НММ Беларусі лічыцца найбольш каштоўным ды прывабным для гледачоў. Раздзел беларускага мастацтва значна саступае яму ў папулярнасці. Гэта факт, які можа не падабацца, але з ім трэба лічыцца.

Можа, калі-небудзь мы і створым беларускі аналаг расійскай “Траццякоўкі” або Рускага музея, каб там было прадстаўлена ўсё лепшае з нашага мастацтва за апошнія некалькі стагоддзяў. А пакуль на культурны імідж нашай краіны маглі б, мяркую, працаваць менавіта музеі-персаналіі, бо ў нашай нядаўняй культурнай гісторыі ёсць з’явы і постаці, якія паўплывалі на глабальны культурны кантэкст. На пачатку мінулага стагоддзя Беларусь стала тым духоўным асяродкам, з якога выйшаў шэраг стваральнікаў новай эстэтыкі. Тут, дарэчы, усё больш-менш зразумела: ёсць Музей Шагала ў Віцебску, Музей Суціна ў Смілавічах, шануецца памяць Малевіча.

Аднак, на маю думку, не меншай увагі ды павагі варты перыяд у развіцці беларускага мастацтва, які пачаўся ў 60-х гадах мінулага стагоддзя і фактычна доўжыцца па сённяшні дзень. Такое ўражанне, што для гэтага культурнага выбуху Беларусь назапашвала энергію цягам цэлага стагоддзя. У адным часе і побач працавалі такія выдатныя творцы, як М.Савіцкі, В.Цвірка, А.Кішчанка, А.Кашкурэвіч, А.Анікейчык, Я.Чамадураў… Я называю імёны толькі тых, хто пайшоў з жыцця і чыю творчую спадчыну мы павінны захаваць для нашчадкаў, але спіс выдатных асоб гэтага перыяду значна даўжэйшы.

Мемарыяльныя музеі нашых выдатных мастакоў другой паловы ХХ стагоддзя маглі б стаць сведчаннем таго, што ў згаданы перыяд Беларусь знаходзілася не на перыферыі сусветнага культурнага працэсу, што глабальныя з’явы адбіваліся на беларускіх рэаліях. І пры гэтым, адаптуючы сусветны досвед, наша мастацтва захоўвала нацыянальную самабытнасць.

Як адраджэнне Міра і Нясвіжа, лічы, вярнула беларусам гонар за сваё Сярэднявечча, так будзе карысным для краіны і годным чынам прадставіць нацыянальную культуру савецкай пары. Пачатак гэтай справе ўжо пакладзены стварэннем у структуры Музея гісторыі горада Мінска Галерэі Міхаіла Савіцкага. Такім чынам творчая спадчына мэтра захавалася ў Беларусі, а не разбазарылася па прыватных калекцыях замежжа.

Гэта стала магчымым дзякуючы паразуменню мастака з гарадскімі ўладамі. Міхаіл Андрэевіч падарыў дзяржаве свае творы — дзяржава выдзеліла для захавання і экспанавання годнае памяшканне ў гістарычным цэнтры Мінска. Такім жа чынам узнікла і Галерэя Паўла Масленнікава пры Магілёўскім абласным мастацкім музеі, Галерэя Віктара Грамыкі ў Оршы. Мастак падарыў — дзяржава з удзячнасцю прыняла падарунак і парупілася, каб спадчына творцы не згубілася, не забылася. Паводле такой схемы ў Гомелі ўзнікла Галерэя Гаўрылы Вашчанкі, Музей Георгія Паплаўскага — у Бабруйску, у Мінску — Галерэя Леаніда Шчамялёва.

А вось лёс творчай спадчыны Аляксандра Кішчанкі дагэтуль не акрэслены. Работы мастака захоўваюцца ў ягонай былой майстэрні, якая скарыстоўваецца не як мемарыяльны аб’ект, а па функцыянальным прызначэнні спадкаемцамі мэтра. Экскурсіі туды вадзіць немагчыма. Час ад часу ў выставачных залах экспануюцца работы Кішчанкі, і сярод іх — славуты “Габелен стагоддзя”. А між тым, мемарыяльны музей Кішчанкі, безумоўна, стаў бы сталічным брэндам. Не толькі таму, што ён — вялікі мастак, але і таму, што ягоныя жыццё ды творчасць з’яўляюцца ўвасабленнем культурнага адзінства народаў гістарычнай Русі і праз гэта вельмі пасуюць беларускай дзяржаўнай ідэалогіі. Нарадзіўся Аляксандр Міхайлавіч у Расіі, вучыўся ва Украіне, творчых вышынь дасягнуў у Беларусі. Ягоны музей стаў бы Мекай для расіян і ўкраінцаў, якія складаюць абсалютную большасць замежных турыстаў у Беларусі.

За савецкім часам, калі паміраў сябра Саюза мастакоў, стваралася камісія, што вызначала лёс ягонай творчай спадчыны. Адбіраліся лепшыя работы, вызначаўся іх кошт, а потым яны набываліся для дзяржаўных збораў. Сёння такая практыка, на жаль, адсутнічае. Нават калі гаворка ідзе пра творцаў, уганараваных званнем “народны мастак”. Што ж будзе са спадчынай памерлага творцы? Добра, калі яе захаваюць ягоныя нашчадкі. А калі ў сям’і ўзнікнуць матэрыяльныя цяжкасці, і будзе спакуса вырашыць іх праз продаж яго работ? Нешта падобнае атрымалася з калекцыяй твораў геніяльнага пейзажыста Віталя Цвіркі…

Сітуацыя, якую мы сёння маем у гэтай галіне, — патавая. Нават калі беларускі мастак, чый годны творчы статус пацверджаны найвышэйшым для мастака званнем, захоча падарыць роднаму гораду ці краіне ўвогуле немалую калекцыю сваіх работ, дык падарунак, хутчэй за ўсё, не прымуць. Бо трэба выдзяляць будынак пад галерэю, ствараць у ім адпаведныя ўмовы для экспанавання ды захавання твораў, набіраць штат супрацоўнікаў…

Вось і не спяшаецца, да прыкладу,

Віцебск прымаць ад свайго славутага земляка

Леаніда Шчамялёва калекцыю жывапісных

твораў, якія мэтр аддае абсалютна задарма,

каб стварыць на сваёй радзіме

імянную галерэю.

Здавалася б, калі горад не прымае такіх падарункаў, дык, можа, ролю мемарыяльнага музея можа выконваць майстэрня таго або іншага выдатнага творцы? Але ж не: майстэрні — уласнасць Саюза мастакоў, і ў выпадку смерці мастака, які займаў майстэрню, яна пераходзіць да іншага, хто мае патрэбу ў памяшканні для работы. Добра, калі новы гаспадар пагодзіцца на тое, каб частку каштоўнай рабочай плошчы занялі чужыя рэчы. Прытым, што ён мае права проста выкінуць іх на сметнік…

Праблема падаецца невырашальнай. І прыклад з Галерэяй Савіцкага ў гэтым святле ўспрымаецца як пазітыўнае выключэнне з негатыўнай завядзёнкі. Але, калі думаць пра будучыню, пра імідж краіны, дык, мабыць, можна паразумецца: канкрэтнаму творцу, Саюзу мастакоў, гарадскім ды дзяржаўным уладам.

Каб не давялося потым за вялікія грошы купляць на аўкцыёнах тое, што сёння аддаюць задарма.

Р.S.

Адаптацыя чужога досведу — справа праблемная. Асабліва калі гаворка ідзе пра Парыж. Мінск і сталіца Францыі па ўсіх крытэрыях, у тым ліку і паводле культурнага патэнцыялу, адносяцца, так бы мовіць, да розных “вагавых катэгорый”. Аднак, мяркую, варта ведаць, што парыжскія ўлады вельмі клапоцяцца пра тое, каб за горадам захоўвалася званне “сталіцы мастацтваў”. Каб мастакоў цягнула ў Парыж, для іх распрацавана сістэма заахвочванняў, эканамічных прэферэнцый. У жылых дамах, якія будуюцца зараз, прадугледжваюцца памяшканні для мастацкіх майстэрняў. І робяцца гэтыя памяшканні максімальна зручнымі менавіта для творчай працы. Адметна, што ў такіх майстэрнях ладзяцца “дні адкрытых дзвярэй”, дзякуючы якім мастак мае рэкламу, а горад — пазітыўны імідж. Падкрэслю, што гэта адбываецца ў горадзе, дзе хранічна не хапае жытла і дзе гараджане ды гарадская ўлада ўмеюць грошы лічыць…Парыж жыве мінулым, але рупіцца пра будучыню.

Аўтар: Пётра ВАСІЛЕЎСКІ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"