Падтрымаць законам і не толькі

№ 38 (1112) 21.09.2013 - 27.09.2013 г

Клопаты і прапановы беларускай дыяспары
Яшчэ свежы ўспамін: канферэнц-зала Нацыянальнай бібліятэкі, поўная гасцей з замежжа, гарачыя дыскусіі, абмеркаванні, у першую чаргу — клопатаў нашых суайчыннікаў, якія воляй лёсу апынуліся за тысячы кіламетраў ад роднай зямлі. Мінула больш як тры гады пасля правядзення першага пасяджэння Кансультатыўнага савета па справах беларусаў замежжа пры Міністэрстве культуры.

За гэты час прайшлі яшчэ два аналагічныя пасяджэнні, быў праведзены Першы Фестываль мастацтваў беларусаў свету, аказана падтрымка дзясяткам беларускіх арганізацый у розных краінах. Тым не менш, і зараз, пад час правядзення чарговага, чацвёртага па ліку, пасяджэння Кансультатыўнага савета па справах беларусаў замежжа, якое адбылося ў сценах Выканаўчага камітэта СНД, узнімаліся пакуль яшчэ нявырашаныя і ад таго набалелыя пытанні.

/i/content/pi/cult/446/9302/6-1.jpeg

Да слова, большасць з іх (найперш тыя, што закранаюць нарматыўна-прававую базу падтрымкі беларускай дыяспары) добра вядома айчынным міністэрствам і ведамствам. Па словах міністра культуры нашай краіны Барыса Святлова, літаральна ў бліжэйшы час мусіць быць прыняты надзвычай важны дакумент — Закон аб беларусах замежжа, які цягам некалькіх гадоў удасканальваўся і некалькі разоў прайшоў экспертызу. У выніку былі ўлічаны многія пажаданні нашых суайчыннікаў. Зараз законапраект знаходзіцца на разглядзе ў Нацыянальным сходзе Рэспублікі Беларусь. Акрамя таго, як адзначыў Барыс Святлоў, неўзабаве можна будзе адчуць і плён ад Дзяржаўнай праграмы супрацоўніцтва з беларусамі замежжа “Беларусы ў свеце”, над якой дэталёва працавала Міністэрства культуры. Галоўнай прычынай яе, так бы мовіць, позняга старту міністр культуры назваў фінансавы фактар.

Не менш актуальная праблема, якой неаднаразова дзяліліся, у тым ліку на старонках “К”, нашы замежныя суайчыннікі, — магчымасць турыстычнымі групамі, на льготных умовах, наведваць родную краіну, а беларускім арганізацыям замежжа — атрымліваць метадычную дапамогу. Па словах міністра культуры, вырашэнню гэтай праблемы мусіць пасадзейнічаць арганізацыя Другога Фестывалю мастацтваў беларусаў свету, канцэпцыя якога ўжо распрацавана. Ён пройдзе ў наступным годзе і будзе прымеркаваны да Дня Незалежнасці Рэспублікі Беларусь. Асаблівасцю фестывалю стане запрашэнне да ўдзелу, найперш, маладзёжных ды дзіцячых калектываў, удзельнікі якіх, магчыма, упершыню наведаюць краіну іх бацькоў і дзядоў.

Не менш карысную працу ажыццяўляе і Рэспубліканскі цэнтр нацыянальных культур. Гэтай арганізацыяй сумесна з Інстытутам культуры Беларусі адноўлена практыка правядзення курсаў павышэння кваліфікацыі кіраўнікоў мастацкіх калектываў беларусаў замежжа. У працэсе навучання прадстаўнікі беларускай дыяспары не толькі папаўняюць свае веды пра традыцыйную культуру роднай зямлі, але і атрымліваюць грунтоўную метадычную падтрымку. Яшчэ адзін немалаважны факт. У тым жа Інстытуце культуры Беларусі быў створаны аддзел міжнароднай сацыякультурнай дзейнасці, у якім працуе прафесар, доктар філалагічных навук Адам Мальдзіс. Поўнай хадой ідзе падрыхтоўка выданняў, прысвечаных жыццю і дзейнасці беларускай супольнасці замежжа.

Разам з тым, на пасяджэнні Кансультатыўнага савета Барыс Святлоў узняў праблему, вырашэнне якой непасрэдна звязана з роляй беларускай дыяспары: гэта пытанне папулярызацыі айчыннай культуры за мяжой. Нягледзячы на тое, што нашы шматлікія прафесійныя музычныя калектывы за апошні час далі сотні канцэртаў у краінах блізкага і далёкага замежжа, на думку міністра культуры, павышэнню прэстыжу беларускага мастацтва будзе садзейнічаць і плённае супрацоўніцтва ў дадзеным пытанні з беларускай супольнасцю.

Адам Мальдзіс, у сваю чаргу, адзначыў, што айчынныя работнікі культуры, ужо не кажучы пра беларускае грамадства ў цэлым, мала ведаюць пра музеі ды іншыя ўстановы, арганізаваныя беларускай дыяспарай. Да прыкладу, адна з такіх унікальных устаноў, якая знаходзіцца ў Башкартастане, мела да апошняга часу каштоўныя экспанаты. На жаль, гэты асяродак беларускай культуры пацярпеў ад пажару... На думку Адама Восіпавіча, сумеснымі намаганнямі трэба аказаць музею пасільную дапамогу, магчыма, падзяліцца экспанатамі. Прафесар, доктар філалагічных навук мяркуе, што наспеў час і стварэння даведніка беларускай дыяспары, дзе былі б пазначаны кантактныя тэлефоны, паштовыя адрасы, электронная пошта. Гэта, у сваю чаргу, дазволіць пазбегнуць інфармацыйнага вакууму, паколькі беларускія арганізацыі замежжа адчуваюць патрэбу ў пастаянных стасунках, абмене вопытам. Акрамя таго, існуе патрэба ў заахвочванні найбольш актыўных прадстаўнікоў беларускай дыяспары. У прыватнасці, Інстытут культуры Беларусі разам з Фондам беларускай культуры распрацаваў Палажэнне аб узнагароджанні ганаровымі пасведчаннямі найбольш выбітных беларусаў замежжа.

Адносна гэтых праблем намеснік міністра інфармацыі нашай краіны Лілія Ананіч адзначыла, што ў рамках Праграмы па падтрымцы беларусаў замежжа ў наступным будзе аказана істотная фінансавая дапамога ў ажыццяўленні друкаваных праектаў беларускай дыяспары. Чакаецца і стварэнне інтэрнэт-партала, які аб’яднае звесткі пра дзейнасць нашых нацыянальных суполак у замежжы.

Намеснік міністра спорту і турызму краіны Чэслаў Шульга выказаў зацікаўленасць у супрацоўніцтве з беларускімі арганізацыямі замежжа, найперш — у сферы турызму. Чыноўнік не выключыў магчымасці прадастаўлення спецыяльных ільготных прапаноў для арганізаваных экскурсійных груп.

 

А што думаюць наконт прапаноў беларускіх чыноўнікаў, даследчыкаў, работнікаў культуры прадстаўнікі дыяспары? Карэспандэнт “К” сабраў найбольш яскравыя каментарыі ў кулуарах, а таксама цікавыя думкі выступоўцаў на пасяджэнні Кансультатыўнага савета па справах беларусаў замежжа.

Валянціна ПІСКУНОВА, старшыня Саюза беларусаў Латвіі:

— У Латвіі дзейнічае адна з найбольш вялікіх і, што самае галоўнае, актыўных беларускіх арганізацый. За апошні час былі праведзены дзясяткі разнастайных праектаў, скіраваных на зберажэнне самабытнай беларускай культуры. Сведчаннем плённай працы дыяспары па захаванні сваёй нацыянальнай ідэнтычнасці з’яўляюцца і друкаваныя выданні, у тым ліку газета “Прамень”. Хочацца адзначыць, што апошнім часам актывізаваліся эканамічныя стасункі нашых суайчыннікаў у Латвіі з беларускімі вытворцамі. Цяпер літаральна ў любым горадзе краіны-суседкі можна сустрэць беларускія тавары.

Спадзяюся, што сёлета ўсё ж будзе прыняты Закон аб беларусах, размовы пра які вядуцца цягам апошніх шасці гадоў. Магчыма, будзе карысным і стварэнне ў беларускім парламенце камісіі па справах беларусаў замежжа…

Тамара ЛОМЦЕВА, старшыня грамадскага аб’яднання арганізацыі ў Ціраспалі (Малдова):

— Асаблівае месца ў жыцці нашай рэспублікі займае беларуская грамада. Вялікая ўвага надаецца падтрымцы моладзі, пра што сведчаць курсы па вывучэнні роднай мовы ды культуры, правядзенне творчых мерапрыемстваў, прысвечаных беларускім пісьменнікам і мастакам. Адчуваецца падтрымка творчых аб’яднанняў, у тым ліку Саюза беларускіх мастакоў, а таксама Пасольства Рэспублікі Беларусь у Малдове.

Кажучы пра нашы клопаты, не магу не адзначыць, што сёння мы, жыхары Прыднястроўя, не маем магчымасці атрымаць беларускае грамадзянства. Існуюць пытанні і да сістэмы паступлення нашых дзяцей у вышэйшыя навучальныя ўстановы Беларусі. З аднаго боку, маюцца квоты, з іншага — час правядзення цэнтралізаванага тэсціравання супадае з выпускнымі экзаменамі ў малдаўскіх школах…

Ніна КАБАНАВА, дырэктар дзяржаўнай установы “Новасібірскі цэнтр беларускай культуры”:

— Праблема нашай установы, якая дзейнічае цягам трынаццаці гадоў, адвечная: музычныя калектывы з Беларусі да нас прыязджаюць вельмі рэдка. На жаль, нам цяжка знаходзіць сродкі на аплату дарогі і пражыванне артыстаў, таму ўся надзея — на Беларусь. Вельмі хацелася б, каб хоць раз на пяць гадоў невялікі ансамбль з Беларусі змог ажыццявіць турнэ па гарадах Сібіры. Пераканана, гэта стала б вялікай падтрымкай для нашых суайчыннікаў, для захавання іх нацыянальнай ідэнтычнасці. Цягам года мы можам сабе дазволіць запрасіць хіба што пару чалавек. Так, сёлета мы разам з Іванам Круком праводзілі экспедыцыю па вывучэнні арэалу кампактнага пражывання беларусаў Сібіры, а таксама зладзілі майстар-класы па саломкапляценні з беларускімі майстрамі.

Да гэтага часу актуальнае пытанне і з нацыянальнымі касцюмамі. Прывяду факт: у Новасібірскай вобласці каля ста калектываў маюць беларускі рэпертуар у якасці асноўнага.

Хочацца адзначыць кіраўніка беларускай арганізацыі з Паўладара (Казахстан) Любоў Богнат. Гэта чалавек, захоплены беларускай ідэяй. Яна стварыла адну з лепшых беларускіх арганізацый замежжа...

Алена ГРЫЗЛЭ, старшыня Елгаўскага беларускага таварыства “Лянок”:

— Ад моманту стварэння арганізацыі ў 2008 годзе ў нас ёсць магчымасць абмяркоўваць усе клопаты непасрэдна з прадстаўнікамі Пасольства Беларусі ў Латвіі і аператыўна іх вырашаць. З актуальных праблем можна адзначыць недахоп друкаваных выданняў з Беларусі, у тым ліку перыядычных. Асабліва гэта важна для пажылых прадстаўнікоў арганізацыі. Не хапае музычных інструментаў, метадычных матэрыялаў, музычных “мінусовак” для нашых калектываў. Было б цудоўна стварыць своеасаблівую базу даных. Да ўдзельнікаў пасяджэння маю прапанову: рэгулярна арганізоўваць віртуальныя “круглыя сталы” з выкарыстаннем Скайпа…

Алег ДАВІДЗЮК, кіраўнік Беларускага Культурнага цэнтра г. Вісагінаса “Крок” (Літва):

— Вельмі прыемна ў чарговы раз наведаць сталіцу роднай краіны! У Мінск прыехаў з канкрэтнымі прапановамі. У прыватнасці, патрабуе ўдасканалення сістэма адукацыі нацыянальных меншасцей у Літве. З прыемнасцю хочацца расказваць аб працы з беларускай дыяспарай у Вісагінасе, дасягненнях і клопатах нашага ансамбля “Світанак”, які штогод удзельнічае ў беларускіх фестывалях. Думаю, маім калегам з іншых краін будзе цікавы і прыклад плённага супрацоўніцтва нашай арганізацыі з Брэсцкім раёнам ды Наваполацкам…

Не даводзіцца сумнявацца, што ўсе прапановы, якія прагучалі на пасяджэнні і якія ўзялі на ўзбраенне кіраўнікі ведамстваў літаральна ў час мерапрыемства, абавязкова знойдуць увасабленне ў сумесных праектах.

Фота аўтара

Аўтар: Канстанцін АНТАНОВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"