Неверагодныя прыгоды ашмянскага Монтэ-Крыста

№ 37 (1111) 14.09.2013 - 20.09.2013 г

Зігмунд Мінейка: паміж Беларуссю і Грэцыяй
Сям’я Мінейкаў — са старажытнай шляхты. Бацька — Станіслаў Ежы Мінейка — памёр у 1856 годзе, калі Зігмунду споўнілася шаснаццаць. Маці Цэцылія Шчановіч (Мінейка) пражыла да 1900 года, паспеўшы адчуць смак еўрапейскай папулярнасці свайго сына. У Зігмунда былі старэйшая за яго на пяць гадоў сястра Альбярціна, якая адыграла пэўную ролю ў жыцці нашага героя, і брат Яўстафій, што з дзяцінства пакутаваў на хваробу вачэй.

(Працяг. Пачатак у № 35,36.)

Атмасфера ў сям’і была дзіўная: бацька — сапраўдны “дысідэнт”, жорсткі праціўнік расійскай палітыкі ў адносінах да палякаў, беларусаў, літоўцаў, які не мог дараваць крыўды за знішчэнне незалежнасці Вялікага Княства Літоўскага і Рэчы Паспалітай. У сваім маёнтку Балванішкі ён часта, употайкі ад паліцыі, збіраў аднадумцаў і распрацоўваў праекты будучых рэвалюцыйных змен. Зразумела, усё гэта адбывалася на вачах дзяцей, якія адпаведна ўспрымалі радыкальныя ідэі дарослых.

/i/content/pi/cult/445/9300/15-1.jpeg

Здараліся і нечаканыя жандарскія вобыскі ў пошуках сакрэтных дакументаў у кватэры Мінейкаў, але ўсё абыходзілася добра. Толькі аднойчы гаспадар дома ледзь не трапіў у пераплёт. Уратаваў маленькі Зігмунд, які, каб збіць з панталыку жандараў, выдаў бацькоўскае “тайнае месца”: там захоўваліся кантрабандныя сігары. Бацька абышоўся штрафам...

У сваіх няскончаных успамінах, напісаных у 1919 годзе, Зігмунд Мінейка шмат пра гэта апавядае, акцэнтуючы ўвагу на тым, што без маральнага ўплыву бацькі ён не стаў бы тым, кім стаў — на ўсё жыццё, — праціўнікам расійскай кароны. Пазней, у Пецярбургу, гэтае пачуццё яшчэ больш узмацнілася, асабліва пасля сустрэч з польскімі ды беларускімі ўніверсітэцкімі студэнтамі-землякамі, якія гуртаваліся вакол Канстанціна Каліноўскага. На жаль, мемуары Мінейкі, што ахопліваюць перыяд 1848 — 1868 гадоў, да гэтага часу так і не перакладаліся на беларускую ці рускую мову.

Першыя веды юны Зігмунд атрымаў ад хатніх настаўнікаў. Потым яго сталі рыхтаваць да вучобы ў кадэцкім корпусе, якія тады на тэрыторыі Беларусі існавалі ў Полацку і Брэст-Літоўску. Трэба было выбіраць, у які паступаць. Гэта з’яўлялася абавязковай умовай тагачаснага ўрада імперыі, калі адзін з сыноў кожнай дваранскай сям’і мусіў прыняць прысягу расійскай кароне, прайсці вучобу і службу ў расійскай арміі. Інакш сям’я магла страціць усе шляхецкія прывілеі.

/i/content/pi/cult/445/9300/15-2.jpeg

Але калі бацькі Мінейкі даведаліся падрабязна пра тую жорсткую атмасферу, што панавала ў гэтых установах, уключаючы цялесныя пакаранні, вынішчэнне ўсіх слядоў нацыянальнай ідэнтычнасці і забарону гаварыць на беларускай і польскай мовах, яны сталі думаць, як выйсці з гэтага становішча. Паколькі Зігмунд быў яшчэ вельмі малы (не споўнілася і дзесяці гадоў), улады ўсё ж дазволілі яму пакуль павучыцца ў гімназіі, а пасля — прысвяціць сябе вайсковай справе на карысць імперыі.

Бацькі вырашылі: віленская гімназія, а там будзе бачна... У Еўропе ўжо наспявала моцная рэвалюцыйная сітуацыя (Францыя, Венгрыя, Германія), якая набліжалася і да Паўночна-Заходняга краю. Ды і падзеі паўстання 1830 года яшчэ не сцёрліся з памяці патрыётаў…

“Мне давялося развітацца з маім домам і сям’ёй ва ўзросце дзевяці гадоў”, — пісаў Зігмунд. У Вільню на конным экіпажы яго суправаджалі бацькі і сястра Альбярціна. Уся паездка з-за дрэннай дарогі доўжылася аж тры дні, хаця шлях ад Ашмян да Вільні пры спрыяльных умовах можна было прайсці за дзесяць гадзін. Уладкаваўшы сына ў нямецкую школу-інтэрнат, бацькі вярнуліся дадому, каб сабраць ураджай. А хутка Зігмунд перабраўся жыць да віленскага дзядзькі Ёзафа Мінейкі.

Такім чынам, як і большасць шляхецкіх дзяцей, Зігмунд, яшчэ пры жыцці бацькі, у 1851 г. апынуўся ў Першай Віленскай гімназіі, дзе пазнаёміўся са сваім земляком з фальварка Свіраны Віленскага павета і аднагодкам Францішкам Багушэвічам. Навучаўся разам з Б.Барэйшам, К.Гірдвоінам, К.Юрагам, А.Шарскім, І.Ахматовічам, І.Бярнацкім, Г.Барановічам, але гэтыя імёны сёння мала каму вядомыя. Сярод сяброў Зігмунд згадвае нейкіх братоў Янушкевічаў, Юсевіча, Завадскага, Ваньковіча, Свянціцкага, Янкоўскага. Трошкі раней гэтую ж гімназію скончыў стрыечны брат Зігмунда — Герард, пра якога гаворка ішла вышэй. Вучоба давалася Мінейку лёгка, асабліва замежныя мовы — французская і нямецкая, — а вось з рускай спачатку былі цяжкасці. Дзіўна, але — так, калі верыць ягоным мемуарам...

Дакладна не ведаю, колькі гадоў правучыўся тут Зігмунд. “Кінуў гімназію незадоўга да канца навучальнага года, — піша Мінейка. — Мне быў патрэбен час, каб падрыхтавацца да ўступнага экзамена ў Пецярбургскае ваенна-інжынернае вучылішча. Там гімназічны атэстат быў не патрэбен: у вучылішча прымалі толькі па выніках уступных экзаменаў”.

Ішоў верасень 1858 года. Пасля смерці бацькі (у 1856-м) Зігмунду ў складаных жыццёвых сітуацыях давялося разлічваць толькі на маці, жанчыну мужную, актыўную, самадастатковую, якая потым неаднойчы ўратоўвала Зігмунда ад буйных непрыемнасцей. Дапамагла, канешне ж, і пратэкцыя тагачаснага генерал-ад’ютанта, героя Севастопальскай абароны, ваеннага інжынера, графа Эдуарда Татлебена. Справа ў тым, што капітан Аляксандр Тыдман, стрыечны брат Татлебена, быў мужам... Альбярціны, той самай старэйшай сястры Зігмунда. Адсюль, так бы мовіць, роднасныя сувязі Мінейкаў і Татлебенаў. Дарэчы, Татлебен адзін час, з 1880 па 1884 гг., быў генерал-губернатарам Віленскай, Гродзенскай і Ковенскай губерняў (пасля сумна вядомага Міхаіла Мураўёва).

Да Пецярбурга Зігмунд разам з Аляксандрам Тыдманам дабіраўся на паштовай карэце: праз Свянцяны, Дзінабург, Віцебск, Пскоў. У апошнім кінулі карэту і купілі ўласны камфортны тарантас. А ў горадзе Луга Зігмунд упершыню пабачыў цягнік!..

У Пецярбургу юнак пазнаёміўся з Татлебенам і ягонай сям’ёй, і ў першы ж вечар, пасля суботняй вячэры, скарыў усіх, асабліва дзяўчат і кабет, уменнем цудоўна танцаваць мазурку. “Я адчуваў сябе чалавекам, які ператварыўся з вясковага юнака ў новага Казанову, — пісаў Зігмунд. — Я прывёз у Санкт-Пецярбург зусім новыя варыяцыі мазуркі — аднаго з самых складаных танцаў”. Пасля гэтага вечара Тыдман вярнуўся на службу ў армію, а потым, атрымаўшы званне палкоўніка, стаў камендантам крэпасці ў Рэвелі.

Трэба сказаць, што перад тым, як паступаць непасрэдна ў вучылішча, неабходна было прайсці, так бы мовіць, падрыхтоўчыя курсы ў платнай прыватнай школе, якую ўзначальваў нехта інжынер-маёр Іваноў. Там выкладалі азы тых прадметаў, па якіх здавалі экзамены ў вучылішчы. Толькі не было прадмета статыстыкі. І Зігмунду давялося — за адну ноч! — самастойна вывучыць гэтую дысцыпліну з дапамогай канспекта аднаго курсанта-фіна, які быў на другім курсе вучылішча. Па выніках экзаменаў Зігмунд стаў трэцім у спісе лепшых абітурыентаў.

А хутка Эдуард Іванавіч Татлебен прадставіў 18-гадовага Зігмунда патрону вучылішча — самому імператару Аляксандру II. Кажуць, што цар перакінуўся з юнаком з Ашмян некалькімі фразамі і задаволена ўсміхнуўся: хлопец яму спадабаўся. Ведаў бы ён, якога “ворага імперыі” прытуліў у Пецярбургу! У дзённіку імператарскага генерал-ад’ютанта захаваўся запіс: “Маленькі ліцвін у пачатку гутаркі быў занадта нясмелым, напрыканцы ж — занадта храбрым. Увогуле, як і ўсе ўраджэнцы Паўночна-Заходняга краю”. Гэта была першая — і не апошняя — сустрэча Зігмунда з імператарам.

Гэтае вучылішча ў тыя часы, мабыць, было адным з самых прэстыжных па сваёй дзяржаўнай значнасці на прасторы Расійскай імперыі. У 1819 годзе па ініцыятыве Мікалая I яно было пераўтворана са звычайнай Інжынернай школы ў вышэйшую навучальную ўстанову “для адукацыі ўмелых інжынераў і сапёрных афіцэраў” ды асталявалася не дзе-небудзь, на нейкай гарадской ускраіне, а ў самім Міхайлаўскім замку — апошняй рэзідэнцыі няшчаснага Паўла I. Дарэчы, у двух асабістых пакоях імператара, у адным з якіх яго забілі, была ўстаноўлена так званая Малая царква на 250 чалавек, асвячоная ў гонар апосталаў Пятра і Паўла.

Спачатку Зігмунд быў вельмі задаволены вучылішчам, якое магло даць яму добрую прафесійную адукацыю і “магчымасць мець светлую будучыню”. Акрамя таго, быў уратаваны статус прыналежнасці сям’і Мінейкаў да шляхецтва. Зігмунд вучыўся на інжынерным аддзяленні (працавала яшчэ адно — кандуктарскае), дзе вывучаў фартыфікацыю, картаграфію, аналітычную геаметрыю, фізіку, механіку, грамадзянскую архітэктуру, будаўнічае мастацтва — навукі, якія яму потым вельмі прыдаліся ў жыцці за мяжой, асабліва ў Балгарыі ды Грэцыі. Шмат займаўся фехтаваннем і стральбой. Шмат чытаў пры газавай лямпе ды свечках (электрычнасці тады яшчэ не было). Аднойчы ж на цэлыя два тыдні да яго ў Пецярбург прыехала пагасцяваць маці Цэцылія…

Улетку 1859 года пад Пецяргофам прайшлі ваенныя зборы курсантаў вучылішча з удзелам імператара. На гэтых зборах Зігмунд захварэў на жаўтуху, і яго ў палатачным лазарэце наведаў Аляксандр II. Ён прыгадаў тую першую сустрэчу, даведаўся пра здароўе юнака і пажадаў яму хутчэй папраўляцца.

Калі б Мінейка скончыў вучылішча, ён мог бы стаць афіцэрам, перайсці ў новаўтвораную Ваенна-інжынерную акадэмію і даслужыцца, як і многія, да генеральскага звання, а гэта азначала блізкасць да трона і добрую матэрыяльную забяспечанасць. Альбо Зігмунда маглі пакінуць у якасці выкладчыка ў Акадэміі, куды ў 1855-м увайшлі аддзеленыя ад вучылішча чыста афіцэрскія класы.

Самым знакамітым настаўнікам Мінейкі быў Міхаіл Астраградскі — матэматык і механік, лідар рускай матэматычнай школы сярэдзіны XIX стагоддзя. Сярод іншых педагогаў — генерал ад інфантэрыі, прафесар ваенна-інжынернага мастацтва Генрых Леер, выдатны знаўца фартыфікацыі, ды Аляксандр Квіст — генерал-маёр, таксама вучоны-фартыфікатар. Менавіта яны найбольш паўплывалі на Зігмунда ў тэорыі спазнання палявой фартыфікацыі, будаўніцтва чыгунак і перавозак на іх войскаў, будаўніцтва ўмацаваных лагераў, крэпасцей, пантонных паркаў, абарончых ліній ды іншых сродкаў інжынернай творчасці ва ўмовах вайны. Гэтыя веды вельмі прыдаліся Зігмунду, калі ён праз паўстагоддзя змагаўся з туркамі за незалежнасць Грэцыі, дзякуючы чаму і стаў нацыянальным героем гэтай краіны.

А з кім разам вучыўся Зігмунд?..

(Працяг будзе.)

Чытайце таксама першую і другую часткі артыкула пра Зігмунда Мінейку.

Аўтар: Барыс КРЭПАК
рэдактар аддзела газеты "Культура"