Белы арган і чорныя лебедзі для маёнтка Румянцавых-Паскевічаў

№ 1 (819) 05.01.2008 - 11.01.2008 г

“Культура” не пакідае без увагі Гомельскі палацава-паркавы ансамбль Румянцавых-Паскевічаў — адзін з кандыдатаў на ўключэнне ў Спіс сусветнай спадчыны ЮНЕСКО. Калектыў гэтай культурнай установы праводзіць велізарную навуковую і творчую працу, здзіўляючы і радуючы гамяльчан і гасцей горада новымі музейнымі экспазіцыямі, выстаўкамі, імпрэзамі. Здавалася б, зусім нядаўна генеральны дырэктар палацава-паркавага ансамбля Алег Рыжкоў дзяліўся з “К” планам усталяваць у Белай гасцёўні палаца сучасны арган з класічным гучаннем. І вось, як было абяцана, напярэдадні Каляд гомельскія аматары музыкі ўпершыню пачулі яго велічны голас. Зразумела, падчас камандзіроўкі ў Гомель захацелася на ўласныя вочы ўбачыць (а мо і пачуць) гэты шляхетны інструмент, а заадно пагутарыць з Алегам РЫЖКОВЫМ пра плён мінулага года і бліжэйшыя перспектывы.

 /i/content/pi/cult/143/930/Gomel1.jpg
 Алег Рыжкоў.
— Алег Гар’евіч, найперш дазвольце павіншаваць вас і вашых супрацоўнікаў з Новым годам і з цудоўным набыткам — белым арганам! Як прайшоў першы арганны канцэрт?
— Уявіце: білеты былі прададзены на працягу нейкіх 20-ці хвілін! У нас выступалі арганістка Сафійскага сабора ў Полацку, лаўрэат многіх міжнародных конкурсаў Ксенія Пагарэлая і салістка Гомельскай абласной філармоніі, заслужаная артыстка Рэспублікі Беларусь Галіна Паўлянок. Канцэрт у дзвюх частках доўжыўся прыкладна паўтары гадзіны і стаўся проста бліскучым. Выканальніцы атрымалі мора кветак ад удзячных слухачоў.
— Як бы вы ахарактарызавалі 2007 год у вашай дзейнасці?
— Гэты год стаў для нас пераломным: узнікла новая структура. Раней музей існаваў асобна ад парку, але цяпер яны аб’ядналіся ў адзіную сістэму: “Гомельскі палацава-паркавы ансамбль”.
— І што паказаў нядоўгі пакуль досвед працы сістэмы?
— Лічу, што гэта вельмі правільны крок, бо калі фактычна на адной тэрыторыі вядуць рэй некалькі гаспадароў, мне здаецца, цяжэй знайсці аптымальнае рашэнне аператыўных пытанняў, ці, скажам, правесці добраўпарадкаванне. Зараз жа, калі кіраўніцтва ажыццяўляецца цэнтралізавана, вырашаць многія пытанні стала нашмат прасцей.
— Якія здзяйсненні мінулага года лічыце найбольш важнымі?
— Па-першае, праводзілася і працягваецца шмат будаўнічых і аднаўленчых работ. Хуткімі тэмпамі вядзецца добраўпарадкаванне паркавай тэрыторыі. У цэнтральнай частцы парку заменена пакрыццё дарожак, схілаў, і зараз распачынаецца добраўпарадкаванне другой яго часткі. Тут узмацняецца электразабеспячэнне, каб была магчымасць усталёўваць новыя атракцыёны. Ідзе, як вы, пэўна, пабачылі, рамонт знешняй паркавай агароджы ўздоўж вуліцы Пралетарскай.
Па-другое, у будынку колішняга шахматна-шашачнага клуба мы зусім нядаўна адкрылі выставачную залу, дзе зараз прадстаўлены экспанаты з фондаў палаца Румянцавых і Паскевічаў, а таксама Веткаўскага музея народнай творчасці: абразы, рукапісныя кнігі, эскізы іканапісцаў, царкоўнае начынне, самавары… Можна ўбачыць там нават купалы гомельскай стараверскай Ільінскай царквы, знятыя і аддадзеныя музею падчас яе рэстаўрацыі.
— А як справы з платнымі паслугамі?
 /i/content/pi/cult/143/930/Gomel3.jpg

Нядаўна адкрытая выставачная зала
і яе экспанаты — абразы.


— Выдатна! Мы нават перавыканалі план: пры зададзеным росце 110% ад узроўню 2006 года дасягнулі паказчыка 131%. Агульная выручка са студзеня па лістапад склала каля 222 мільёнаў рублёў.
Раней кожны аб’ект ансамбля — цэнтральную частку палаца, вежу, грот і іншыя — можна было наведаць па асобным білеце. З 2007 года мы ўвялі новы, агульны білет, з ім наведвальнікі ходзяць па якіх пажадаюць залах і выстаўках, па нашых назіраннях, не менш за дзве гадзіны. Продаж білетаў рэзка ўзрос. Зрэшты, раз у месяц праводзіцца дзень бясплатнага наведвання, адзіны для ўсіх экспазіцый.
І яшчэ адна наша новая паслуга спадабалася гамяльчанам. Маладыя пасля ЗАГСа прыязджаюць у палац Румянцавых-Паскевічаў і фатаграфуюцца на памяць у калоннай зале. Заяўкі на шлюбную фотасесію размеркаваны аж да сакавіка.
Практыкуем вулічны гандаль сувенірнай прадукцыяй. Плануем, што ў лютым у цэнтральнай частцы парку з’явіцца кіёск з сувенірамі. Такія кіёскі ўжо ёсць пры музейных залах. Мы шчыльна супрацоўнічаем з Добрушскай фабрыкай посуду, якая выпускае багата вырабаў з выявамі нашага палаца і яго залаў. Мы самі сталі выпускаць значкі, друкаваны асартымент — буклеты, паштоўкі, каталогі. Многае з рэкламнай прадукцыі нам дапамагае ствараць Гомельскае абласное ўпраўленне спорту і турызму, прычым частку яе прапануем зацікаўленым арганізацыям бясплатна.
— Даводзілася сустракацца з такой праблемай: многія музейныя ўстановы баяцца браць на сябе клопаты па атрыманні ліцэнзіі на гандаль…
— Мы ж, наадварот, збіраемся гандаль пашыраць. Нават прадаём наведвальнікам корм для вавёрак і лебедзяў, каб людзі не частавалі іх, па недасведчанасці, шкоднымі прадуктамі. Развесілі на дрэвах эстэтычна вырабленыя драўляныя кармушкі і гнездавыя дамкі для птушак і вавёрак.
Зараз займаемся афармленнем ліцэнзіі на транспартныя паслугі. Набудзем мікрааўтобус, каб наша ўстанова магла вазіць экскурсіі невялічкімі групамі па Гомелі, а таксама рабіць выезды ў наш філіял у вёсцы Хальч.
 /i/content/pi/cult/143/930/Gomel4.jpg
Белы арган.
— Што новага пабачаць наведвальнікі палацава-паркавага ансамбля сёлета?
— Самая вялікая навіна — ужо ўзімку, мяркую,распачнецца рэканструкцыя лебядзінай сажалкі — асаблівай адметнасці старадаўняга парку. Яе ўпрыгожаць новыя фантаны з падсветкай, каскад вадаспадаў, домікі для лебедзяў. Марым падчас урачыстага адкрыцця сажалкі, запланаванага на Дзень горада, да чарады белых лебедзяў-шыпуноў далучыць чорных аўстралійскіх — такія некалі таксама тут плавалі.
Дойдзе чарга рэканструкцыі і да агляднай вежы, і да Зімовага саду. Прадоўжыцца будаўніцтва набярэжнай ракі Сож у напрамку абласной бальніцы, адначасова будзе мяняцца пакрыццё і праводзіцца добраўпарадкаванне на раней пабудаваным яе адрэзку. Гэтыя работы будуць выконвацца за кошт абласнога бюджэту, а таксама з фінансавай дапамогай Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя.
Прапрацоўваецца магчымасць закупкі з дапамогай бюджэтных сродкаў трох атракцыёнаў для парку. Два з іх, як плануем, будуць маладзёжныя — “экстрэмальныя”, а трэці — для сямейнай забавы. І актыўна шукаем інвестара, які б дапамог нам набыць усесезонны лёд для катка. (Гладкі белы кубік такога лёду ляжыць на рабочым стале Алега Гар’евіча.) Сёлета ж па парку пачаў курсіраваць паравозік, запрашаючы пракаціцца.
І вось яшчэ што вельмі хацелася б ажыццявіць... У нас ужо наладжана супрацоўніцтва з Нацыянальным мастацкім музеем Рэспублікі Беларусь. Жадаем зрабіць нашы кантакты яшчэ больш плённымі, каб арганізаваныя ім выстаўкі твораў са знакамітых музеяў і галерэй Масквы і Санкт-Пецярбурга потым на працягу месяца-паўтара маглі паглядзець і гамяльчане.
— Дзякуй за размову. Поспехаў вам і вашым паплечнікам!

Гутарыла Святлана ІШЧАНКА,
наш спецкар.
Мінск — Гомель — Мінск
Фота аўтара
і Валерыя ФЕДАРЭНКІ