Каралева СДК

№ 37 (1111) 14.09.2013 - 20.09.2013 г

Румынія: Вольны столік для культурнай рэтраспекцыі
Не сакрэт, што ў свядомасці многіх нашых суайчыннікаў сельскія бібліятэкі, дамы культуры і клубы з’яўляюцца нейкімі рэліктамі з савецкіх часоў. Маўляў, дзе яшчэ ў Еўропе сустрэнеш такія, скажам, далёка не самаакупныя ўстановы? Але ці так яно на самой справе?

Паразважаць пра замежную сістэму рэгіянальных устаноў культуры на прыкладзе Румыніі “прымусіў” адпачынак у гэтай краіне. Яна, да слова, уваходзіць у Еўрапейскі саюз. Пагадзіцеся, не ўсё ж бавіць час ля мора…

Курортны гарадок Эфарыя Суд, куды давялося трапіць, вядомы з канца ХІХ стагоддзя. Цікава, што з 1928-га курорт некалькі дзесяцігоддзяў насіў назву Кармэн Сільва — у гонар літаратурнага псеўданіма Каралевы Румыніі Лізаветы, якая кожны год там адпачывала. Сёння пра гэта нагадвае шыльда якраз на будынку мясцовай бібліятэкі і колішняга Дома культуры.

Знайсці апошнія — справа не вельмі простая, тым больш — для замежнага турыста, нават нягледзячы на тое, што размяшчаюцца яны ў будынку пачатку ХХ стагоддзя на цэнтральнай пешаходнай вуліцы. Але пры гэтым — ніякіх кідкіх шыльд і тым больш указальнікаў. Адразу з’явілася думка, што арыентуюцца гэтыя ўстановы пераважна на старых жыхароў Эфарыі Суд, лік якіх — блізу трох тысяч чалавек (чым не аналаг якога-небудзь беларускага аграгарадка?). Пацвердзілася гэтае меркаванне і пад час гутаркі з супрацоўніцай бібліятэкі Марыяй Дыметрэску, а таксама ўбачаным. Але пра ўсё — па парадку.

 

Бібліятэчны парадокс

/i/content/pi/cult/445/9296/13-1.jpeg

Унутраную прастору бібліятэкі аздабляе старадаўні камін, аналаг якога можна было ўбачыць у беларускіх заможных сядзібах канца XIX — пачатку ХХ стагоддзя. А вось галоўныя скарбы ўстановы — кнігі — выклікалі процілеглыя пачуцці. Пераважная большасць друкаваных выданняў, прадстаўленых у бібліятэцы, пабачыла свет яшчэ некалькі дзесяцігоддзяў таму. Актуальнае і моўнае пытанне. Знайсці кнігу на англійскай мове, ужо не кажучы пра рускую ці беларускую, так і не атрымалася. І гэта ў курортным гарадку!

А вось бібліятэкар усё ж валодае замежнымі мовамі, у тым ліку рускай. Марыя Дыметрэску падзялілася сваімі клопатамі. Аказалася, праблемы аналагічныя нашым: і малая колькасць чытачоў, найперш — моладзі, і адсутнасць капітальнага рамонту будынка, і старая камп’ютарная тэхніка, якая ўжо не тое што наведвальніка прывабіць не можа, але і справіцца з непасрэднымі задачамі бібліятэкара… Тым не менш, па словах Марыі Дыметрэску, нягледзячы на не самую вялікую папулярнасць установы, не ўзнікае пытання яе ліквідацыі ці аб’яднання, да прыкладу, са школьнай бібліятэкай. Што ж да перспектыў, то плануецца выкарыстоўваць некалькі брэндаў. Сярод іх і постаць румынскай каралевы-пісьменніцы — цудоўны прыклад для капіравання любові да літаратурнай творчасці сучаснай моладзі.

Праўда, з размовы так і не змог зразумець, чаму ж бібліятэка не арыентуецца на велізарную армію турыстаў. Да прыкладу, сямейная пара з Мурманска, што адпачывала ў Эфарыі Суд, са скрухай адзначыла адсутнасць якіх-кольвечы рускамоўных выданняў як у продажы, так і ў бібліятэцы.

 

Фестывальныя рэтраспекцыі

/i/content/pi/cult/445/9296/13-2.jpeg

І калі мова літаратуры з’яўляецца досыць вялікім бар’ерам у спазнанні замежнай культуры, то мова музыкі, як вядома, дазваляе паразумецца прадстаўнікам любых нацый. Менавіта такі падыход актыўна выкарыстоўваецца мясцовым Домам культуры. Пры гэтым, што немалаважна, на турыстах ДК так-сяк і падзарабляе.

Дзейнасць мясцовага ДК, які мае і свой сайт, скіравана на захаванне і папулярызацыю, найперш, традыцыйнага фальклору. Пра магчымасць арганізацыі гурткоў па ўсходніх танцах ці арыгамі там нават не захацелі размаўляць. Што ж да яскравых прыкладаў дзейнасці ДК, дык нельга не згадаць Нацыянальны фальклорны фестываль “Спеў і гульня Доброгеан”, які сёлета праводзіўся з 20 па 26 чэрвеня і сабраў выканаўцаў народнай музыкі з усёй краіны. Пры гэтым канцэртныя выступленні адбываліся на розных сцэнах: і ў будынку мясцовага тэатра, і на адкрытых пляцоўках, у тым ліку навакольных населеных пунктаў.

З гэтым фестывалем звязаны і яшчэ адзін цікавы момант, які атрымалася ўбачыць на свае вочы, — так званы рэтраспектыўны перыяд. Яго сутнасць у тым, што кожны вечар цягам ліпеня і жніўня ў невялікім амфітэатры выступаюць удзельнікі фестывалю. “Фішка” такой рэтраспекцыі ў тым, каб, з аднаго боку, як мага шырэй прадставіць турыстам нацыянальную культуру, а з іншага — папоўніць бюджэт установы. Справа ў тым, што частку прасторы за сцэнай займаюць столікі рэстарана, таксама аздобленага ў народным румынскім стылі. (Да слова, знайсці вольны столік пад час вечаровых канцэртаў вельмі праблематычна.) Думаецца, такі падыход быў бы карысны і для ўстаноў культуры нашых курортных раёнаў, у тым ліку Мядзельскага ды Браслаўскага.

Калі працягваць гаворку пра ДК у Эфарыі Суд, дык трэба сказаць, што па шэрагу прычын ён усё ж трапіў пад вядомую айчынным установам культуры аптымізацыю. Мясцовы ДК з будынка бібліятэкі пераехаў у суседні, больш буйны, населены пункт. Тым не менш, засталіся і, самае галоўнае, выкарыстоўваюцца канцэртныя пляцоўкі, адбываюцца выставачныя праекты, у тым ліку пад адкрытым небам. Асабіста я змог у парку перад тэатрам пазнаёміцца з выстаўкай рэтра-фотаздымкаў пачатку ХХ стагоддзя.

Нельга не адзначыць і яшчэ адзін момант. Для любога населенага пункта, ужо не кажучы пра турыстычныя Меккі, вельмі важны продаж сувеніраў. Румынская Эфарыя Суд, па шчырасці, спраўляецца з задачай паспяхова. Праўда, на набярэжнай прадстаўлены пераважна кітайскія сувеніры, і толькі ў парку — вырабы народных майстроў. Што цікава, кошты на аўтэнтычныя ручныя вырабы значна ніжэйшыя за кітайскі “шырспажыў”, а таксама (для параўнання) за аналагічную прадукцыю беларускіх майстроў...

Фота аўтара

Аўтар: Канстанцін АНТАНОВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"