“Брыз” пасябраваў з “Соаре”

№ 37 (1111) 14.09.2013 - 20.09.2013 г

Століншчына
Па запрашэнні Думы самакіравання Ікшкільскага краю Латвійскай Рэспублікі дэлегацыя Столінскага раёна наведала з афіцыйным візітам гэтыя мясціны і прыняла ўдзел у святкаванні Дня горада Ікшкіль.

Пад час візіту ў Латвію адбылася сустрэча са старшынёй Ікшкільскага самакіравання Індулісам Трапіньшам, прадпрымальнікамі і кіраўнікамі таварыстваў, актыўнай моладдзю. Падпісана Пагадненне аб супрацоўніцтве паміж Ікшкіле і Столінам для абмену вопытам, наладжвання кантактаў у галіне прамысловасці, сельскай гаспадаркі, гандлю, адукацыі, культуры, аховы здароўя, спорту і турызму, маладзёжнай палітыкі, мясцовага кіравання і самакіравання, экалогіі, рацыянальнага выкарыстання і ўзнаўлення прыродных рэсурсаў.

/i/content/pi/cult/445/9293/10-6.jpeg

Быў зачытаны адрас старшыні Столінскага райвыканкама Рыгора Пратасавіцкага жыхарам Ікшкільскага краю. “Нас аб’ядноўваюць гістарычныя, духоўныя і культурныя сувязі. Спадзяёмся, што сяброўскія адносіны, якія ўсталяваліся паміж нашымі рэгіёнамі, не толькі захаваюцца, а і набудуць новыя кірункі”, — гаворыцца ў пасланні.

Вельмі цёпла латышы прынялі народны інструментальны ансамбль “Брыз”. Спецыяльна да паездкі ўдзельнікі ансамбля развучылі латышскую народную песню, чым асабліва парадавалі гаспадароў.

Надоўга запомніцца дэлегацыі экскурсія ў Рыгу, Юрмалу, наведанне залы “Дзінтары”, прагулка на плыце па рацэ Даўгава, Рыжскім узмор’і і купанне ў хвалях Балтыкі. Для “Брыза” ж знаходжанне ў Латвіі прынесла творчае знаёмства з удзельнікамі маладзёжнага хору “Соаре”.

Галіна ГАШЧУК

Столін