Лічбавае кіно ў Мазыры

№ 37 (1111) 14.09.2013 - 20.09.2013 г

Новая лічбавая зала мазырскага кінатэатра “Мір” прыняла гледачоў.
Прэм’ерным фільмам для адкрыцця стала стужка Нацыянальнай кінастудыі “Беларусьфільм” “Сляды апосталаў” Сяргея Талыбава.

Як распавяла дырэктар “Мазыркінавідэапракату” Наталля Чысцякова, карціна “Сляды апосталаў” адкрывае кінафестываль “70 гадоў без вайны”, які стартаваў у Гомельскай вобласці 5 верасня. У наступным яе паказы ў кінатэатры плануюцца ў даты вызвалення раённых цэнтраў ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Ранейшая прэзентацыя стужкі адбылася на “Славянскім базары ў Віцебску”, а таксама ў Быхаве пад час імпрэз на Дзень пісьменства.

Найноўшае кінапраекцыйнае абсталяванне кінатэатра “Мір” цяпер дазваляе дэманстраваць стужкі розных фарматаў. Пасля рамонту ў зале з’явіліся лічбавы праектар для паказу 2D/3D-кантэнту, лічбавы кінасервер, перфараваны, бясшвовы экран ды іншае. Абнаўленні ўжо прыцягнулі вялікую колькасць наведвальнікаў. “Мы ўпэўнены, што кінатэатр будзе карыстацца папулярнасцю. Мэтавая аўдыторыя — шырокая. Людзі жадаюць глядзець сучаснае кіно добрай якасці, з добрым гукам”, — адзначыла Наталля Чысцякова.

Пасля паказу першай стужкі ў адноўленай кіназале адбылася сустрэча з прадстаўнікамі творчай групы фільма “Сляды апосталаў” Таццянай Чардынцавай, Зміцерам Пусцільнікам, Яўгенам Іўковічам.

Вольга НАВІЦКАЯ