Як распавяла дырэктар “Мазыркінавідэапракату” Наталля Чысцякова, карціна “Сляды апосталаў” адкрывае кінафестываль “70 гадоў без вайны”, які стартаваў у Гомельскай вобласці 5 верасня. У наступным яе паказы ў кінатэатры плануюцца ў даты вызвалення раённых цэнтраў ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Ранейшая прэзентацыя стужкі адбылася на “Славянскім базары ў Віцебску”, а таксама ў Быхаве пад час імпрэз на Дзень пісьменства.
Найноўшае кінапраекцыйнае абсталяванне кінатэатра “Мір” цяпер дазваляе дэманстраваць стужкі розных фарматаў. Пасля рамонту ў зале з’явіліся лічбавы праектар для паказу 2D/3D-кантэнту, лічбавы кінасервер, перфараваны, бясшвовы экран ды іншае. Абнаўленні ўжо прыцягнулі вялікую колькасць наведвальнікаў. “Мы ўпэўнены, што кінатэатр будзе карыстацца папулярнасцю. Мэтавая аўдыторыя — шырокая. Людзі жадаюць глядзець сучаснае кіно добрай якасці, з добрым гукам”, — адзначыла Наталля Чысцякова.
Пасля паказу першай стужкі ў адноўленай кіназале адбылася сустрэча з прадстаўнікамі творчай групы фільма “Сляды апосталаў” Таццянай Чардынцавай, Зміцерам Пусцільнікам, Яўгенам Іўковічам.
Вольга НАВІЦКАЯ