Кірунак дыялога

№ 37 (1111) 14.09.2013 - 20.09.2013 г

Майстар
Ізноў пра Міхася Дрынеўскага. Вылучэнне яго на прэмію Саюзнай дзяржавы ў галіне літаратуры і мастацтва, — заканамернае. Хаця, здавалася б, для кагосьці і нечаканае: кіраўнік Нацыянальнага акадэмічнага народнага хору Беларусі імя Г.Цітовіча, які павінен дбаць пра нацыянальны рэпертуар, — і прэмія, што адзначае праявы сяброўства беларусаў з расіянамі. Але ж...

Суадносіны паміж беларускай і рускай культурамі ў сярэдзіне ХХ стагоддзя, калі Генадзь Цітовіч узначаліў аматарскі калектыў, зрабіўшы яго прафесійным, вызначаліся “матчынай перавагай” рускіх традыцый. Народныя калектывы ўсіх рэспублік былога Саюза ствараліся па ўзоры і падабенстве аналагічных рускіх. Падобную паралель можна прасачыць і тут. Як у 1911-м этнограф Мітрафан Пятніцкі з’яднаў 18 сялян з трох расійскіх губерняў, і тыя скарылі маскоўскую публіку фальклорнай аўтэнтыкай, так і Генадзь Цітовіч — адкрыў для грамадскасці палескіх бабуль, што ўразілі адметнасцю самой спеўнай манеры. Але ж менавіта ў гэтым — у розных фальклорных традыцыях — прынцыповае адрозненне калектываў. Сапраўды, на першым этапе свайго існавання наш Народны хор быў, калі можна так сказаць, выключна беларускім і па рэпертуары, і па манеры. Міхась Дрынеўскі прыйшоў у яго больш як сорак гадоў таму і ў хуткім часе ўзначаліў. Менавіта ён пачаў рухаць калектыў у бок дыялога культур — паўнапраўнага і на роўных. Гэты дыялог ахоплівае самыя розныя культуры, але найперш, вядома, — славянскія. І руска-расійскі складнік займае ў ім самае пачэснае месца. Бо толькі ў такім дыялогу, дзе кожны мае не толькі свой голас, але і права быць пачутым, магчымае сапраўднае разуменне як уласнай культуры, так і найбольш блізкіх нам асаблівасцей іншых.

Звярніце ўвагу на тое, як своеасабліва, з няўлоўнымі беларускімі рысамі, гучаць у хоры Дрынеўскага ўсім вядомыя рускія песні! Пунсова бесшабашныя фарбы раптам пакрываюцца шляхетным вэлюмам, а жудасна нясцерпны боль пранізвае светлы праменьчык, праз які нават змрочная туманнасць выглядае мяккай і пушыстай… Ёсць свае рысы і ў звароце хору да духоўных твораў. Гэты кірунак, супрацьлеглы тэатралізавана-“кірмашовым” забавам з моцным інструментальна-танцавальным складнікам, не адразу атрымаў паразуменне не толькі сярод прыхільнікаў народных спеваў, але і самога калектыву. Але гэтай лініяй Дрынеўскі шмат у чым звязаў нашу даўніну ды сучаснасць, аднавіў гістарычную справядлівасць, нагадаўшы пра рэлігійныя традыцыі Беларусі — і, галоўнае, пра яе мірнае, спагадлівае суіснаванне розных канфесій, што выхоўвалася цягам стагоддзяў, а калі і парушалася часам, дык умяшальніцтвам свецкіх улад. Усё гэта — здабытак не адно беларусаў, а, у такой жа меры, і расіян, для якіх не менш важкім ды важным аказваецца погляд на іхнюю культуру быццам бы звонку — і адначасова знутры, толькі пад іншым ракурсам.

Такая ж светлая прамяністасць, няўрымслівасць, неверагоднае спалучэнне шляхецкай спагадлівасці з сялянскай грунтоўнасцю ўласцівыя і самому Міхасю Паўлавічу. Ён вельмі пакутуе, што гастролей не так шмат, як хацелася б. Яму заўсёды мала — не выгод, а мастацкіх набыткаў, паездак, перамог. Цяжка ўявіць, як ён паспявае “праварочваць” такую колькасць грамадскіх і іншых нагрузак: нязменны старшыня Беларускага саюза музычных дзеячаў, член журы бясконцых конкурсаў-фестываляў-адбораў, у тым ліку ў замежжы. Далучыце сюды шматлікія кансультацыі, майстар-класы, нарэшце, пасяджэнні. Не чалавек — матор: дрынь-дрынь-дрынь — і завёўся! Але ж калі і так, дык “матор” не механічны, а — жывы, гуллівы, каларытны, адухоўлены. Дый прозвішча, як лічаць даследчыкі, мае зусім іншае паходжанне — рэлігійнае. Нарадзіўся на Гомельшчыне, што мяжуе з
Расіяй. У гэтым фальклорна-этнаграфічным рэгіёне хапае песень, якія лічацца народнымі і ў беларусаў, і ў расіян. Агульная спадчына? Так, пэўна, і Міхась Дрынеўскі — з тых “шчырых беларусаў”, каго гэтак жа шчыра прызнала Расія. І які сваёй “беларускасцю” не аддаляе нашу краіну ад суседніх, а працягвае ім руку сяброўства, мацуючы культурныя сувязі як залог міру ды
саюзніцтва…

Надзея БУНЦЭВІЧ, музыказнаўца, член Беларускага саюза кампазітараў

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"