“Хрыстос прызямліўся...”. У Віцебску

№ 37 (1111) 14.09.2013 - 20.09.2013 г

Пераемнасць пакаленняў — не “пінг-понг"
8 верасня Нацыянальны акадэмічны драматычны тэатр імя Якуба Коласа адкрыў сезон — гучна і ўрачыста. Першым моцным акордам стала прэм’ера спектакля “Хрыстос прызямліўся ў Гародні” паводле твораў Уладзіміра Караткевіча ў пастаноўцы Міхася Краснабаева.

Да гэтай падзеі трупа рыхтавалася яшчэ ў мінулым сезоне. У апошні дзень перад сыходам у адпачынак, напрыканцы ліпеня, ужо цалкам завершаная пастаноўка была прэзентавана мастацкаму савету. Але ж адпачынак для творцаў — рэч даволі адносная. За жнівень зробленае і напрацаванае было яшчэ больш глыбока асэнсавана пастановачнай групай і ўдзельнікамі спектакля. І за тыя некалькі вераснёўскіх дзён, што папярэднічалі прэм’еры, пастаноўка была не проста дадаткова адрэпеціравана — у яе былі ўнесены некаторыя новыя штрыхі. Будзем спадзявацца, не апошнія, бо любы спектакль жыве і развіваецца (ці, наадварот, патроху памірае) з кожным чарговым паказам. Таму хацелася б напрарочыць прэм’еры папраўдзе шчаслівае жыццё — як на стацыянарнай сцэне, так і на фестывалях, пачынаючы з Фестывалю нацыянальнай драматургіі імя В.Дуніна-Марцінкевіча ў Бабруйску, што адбудзецца напрыканцы года.

/i/content/pi/cult/445/9283/8-1.jpeg

Удасканальваць у спектаклі сапраўды ёсць што. Найперш — акцёрскую ігру. Але залогам яго далейшага сцэнічнага жыцця з’яўляецца тое, што найбольш цікавымі ды адметнымі паўстаюць менавіта тыя складнікі, перарабіць ці нават паправіць якія бывае ўжо немагчыма. Відавочна, што і сам тэатр, і ўласна Міхась Краснабаеў звярнуліся да Караткевіча невыпадкова. У свой час на Коласаўскай сцэне ўвасабляліся “Званы Віцебска”, “Ладдзя Роспачы”, “Леаніды не вернуцца на зямлю”. Дзве апошнія пастаноўкі — усё таго ж Краснабаева. Дый першай рэжысёрскай работай гэтага вядомага артыста стала “Вераб’іная ноч”. Узгадаем і тое, што летась у лістападзе ў Віцебскай гарадской ратушы паказвалася “школьная” пастаноўка “Хрыстос прызямліўся ў Гародні”, ажыццёўленая Аленай Ганум і навучэнцамі тамтэйшай гімназіі № 2. Дарэчы, шмат у чым яна была ініцыявана дырэктарам — мастацкім кіраўніком Коласаўскага тэатра Валерыем Анісенкам, які ўвогуле вельмі клапоціцца пра нацыянальны рэпертуар (ва ўсіх яго вымярэннях) ды пра падрастаючае пакаленне не толькі дзеячаў тэатра, але і проста яго прыхільнікаў.

Як прызнаўся Міхась Краснабаеў, ён наўмысна не глядзеў тую версію, бо даўно ўжо абдумваў сваю. Інсцэніроўка паводле гэтага рамана — справа няпростая. Шмат ад чаго давялося адмовіцца (найперш — ад многіх старонак каларытнага, сакавітага гумару), бо рэжысёр абраў не адзін фрагмент, ракурс аповеду ці, да прыкладу, гісторыю аднаго героя, а максімальна зразумелае нават для тых, хто не чытаў арыгінала, выкладанне асноўнай канвы і, галоўнае, пранізлівых, надзвычай актуальных думак пісьменніка-класіка. Азначэнне “паводле твораў” не павінна ўводзіць у зман: акрамя рамана, быў выкарыстаны яшчэ верш Караткевіча.

Спектакль можна па праве лічыць аўтарскім, бо Краснабаеў прыдумаў і вельмі ўдалую сцэнаграфію. Некалькі аднолькавых драўляных збудаванняў, падобных да своеасаблівых "крыжоў" ці супрацьтанкавых “вожыкаў”, ператвараюцца і ў крэслы-лавы, і ў дзіўнаватую агароджу, і ў вогнішча. Не абышлося і без падвешанага звона, што таксама мае вялізную повязь асацыяцый.

/i/content/pi/cult/445/9283/8-2.jpeg

Моцным бокам пастаноўкі стала музыка народнага артыста Беларусі, знакамітага кампазітара Сяргея Картэса. Яна быццам прадоўжыла маральна-філасофскую праблематыку такіх яго опер, як "Джардана Бруна", "Матухна Кураж", "Візіт дамы", а таксама пакуль незавершанай "Ладдзі Роспачы", дзе героі аказваліся перад выбарам, лёсавызначальным не толькі для іх саміх, але і для свайго атачэння: ад блізкіх і сяброў да цэлага горада ды ўсёй роднай зямлі. Шкада толькі, што тэмбрава адметныя, выразныя тэмы часам абрываюцца, мікшыруюцца, прычым не заўсёды ў адпаведнасці з музычнай логікай свайго развіцця. Такой фрагментарнасці можна было пазбегнуць, запрасіўшы аўтара да непасрэднага ўдзелу ў пастановачным працэсе, хаця б на апошнім яго этапе. Ёсць, праўда, і іншае выйсце: на аснове музычнага матэрыялу, прапанаванага тэатру і выкарыстанага ім далёка не цалкам, кампазітар мог бы напісаць адметны самастойны твор.

У спектаклі занята амаль уся трупа, што на сённяшнім этапе ўяўляецца вельмі важным для Коласаўскага тэатра. Пастаноўка яднае не толькі акцёрскі склад, патрабуючы ад яго філігранных "ансамблевых" якасцей (іх дасягненне — справа ўсяго жыцця кожнага артыста), але і сцэну з залай, запрашаючы публіку да нячутнага "дыялога душ". Вялікія надзеі пакідае Дзмітрый Каваленка, для якога роля Юрася Братчыка стала не проста першай буйной, а ўвогуле першай. Ён быў прыняты ў трупу з 1 ліпеня, як толькі скончыў Віцебскі каледж мастацтваў, і адразу ўключыўся ў працу над спектаклем, што на той час ужо ішла поўным ходам, а паралельна — паступаў (і паступіў!) у Беларускую дзяржаўную акадэмію мастацтваў. Тое, што тэатр паверыў і ў яго, і ў іншых маладых артыстаў, якія ўпрыгожваюць спектакль сваёй энергетыкай, сведчыць аб тым, як сур’ёзна пачалі там ставіцца да заўсёды балючай праблемы змены і пераемнасці пакаленняў.

Сапраўднай кульмінацыяй становіцца фінальны дыялог Братчыка і бурмістра Юстына, якога ўвасабляе адзін з найстарэйшых коласаўцаў — народны артыст Беларусі Тадэвуш Кокштыс. Рэжысёр рызыкнуў развесці герояў па розныя бакі сцэны і пакінуць у "традыцыйна опернай" мізансцэне, калі яны практычна пазбаўлены рухаў. Але дыялог не ператвараецца ў "пінг-понг" на недасягальнай адлегласці — ён амаль візуальна нагадвае "згустак энергетыкі", што вось-вось сягне ў касмічныя далячыні… А тыя, між іншым, асацыіруюцца і з планамі тэатра на сезон — нават больш чым "касмічнымі"…

Фота Марыны КАТЛЯРОВАЙ прадастаўлены тэатрам

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"