Што не прымае сучасны арт?

№ 37 (1111) 14.09.2013 - 20.09.2013 г

Нездаровы ажыятаж і нашы “траблы”, пра якія ведаць не хочуць
Эстафета сусветнай мастацкай сталіцы пераходзіць з горада ў горад па меры правядзення там буйных імпрэз, куды сцякаецца “ўвесь бамонд”. Пачынаючы з 20 верасня гэты пачэсны тытул на месяц займее Масква, дзе пройдзе ўжо пятае па ліку Біенале сучаснага мастацтва. Да выправы туды рыхтуюцца сотні куратараў ды мастакоў з усяго свету — уключна і з Беларуссю.

Ужо ў другі раз запар наша краіна будзе прадстаўлена ў біенальнай праграме спецыяльным праектам. 24 верасня ў дзвюх залах Музея сучаснай гісторыі Расіі адкрыецца выстаўка Канстанціна Селіханава і Андрэя Шчукіна “Дэкадзіроўка. Архетып адэкватнага часу”, арганізаваная Музеем сучаснага выяўленчага мастацтва пры падтрымцы Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь і Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў.

 

Тэрапія амбіцый

Праблема выбару ўдзельнікаў падобных акцый выклікае ў калямастацкіх колах вялікі ажыятаж — часам нават нездарова вялікі. Зважаючы на тое, што большасць айчынных аўтараў па-ранейшаму адчувае брак інтэграцыі ў сусветную арт-прастору — на ўзроўні арганізацыйным, а не ідэйна-мастацкім, — такая сітуацыя зразумелая. Але, у той самы час, варта браць пад увагу і іншыя фактары.

— Першае, што даецца ў знакі ў дадзеным выпадку, — гэта фізічныя параметры выставачных залаў, — тлумачыць рэктар Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў Міхаіл Баразна, які з’яўляецца кансультантам праекта. — На жаль (ці, наадварот, на шчасце), любыя залы замалыя для таго, каб змясціць усе вартыя ўвагі праявы беларускага сучаснага мастацтва. Вось і леташняе Трыенале гэта засведчыла. Адсюль і праблема выбару, і неабходнасць канкрэтных куратарскіх рашэнняў...

/i/content/pi/cult/445/9282/7-2.jpeg

Раней у дадзеным выпадку практыкаваўся “мудры” кампраміс: пастарацца задаволіць, прынамсі, максімальна магчымую колькасць ахвотных. З пункта гледжання айчынных рэалій, такі падыход (бліскуча ўвасоблены, скажам, у “мінскім павільёне” 53-га Венецыянскага біенале) і сапраўды з’яўляецца мэтазгодным: крыўды да дабра не прыводзяць. Аднак зусім іншая справа, калі куратар мае задачу стварыць выразны праект, які арганічна патрапіць у міжнародную абойму і будзе ўхвалены замежнымі гледачамі ды эскпертамі. А яны не толькі не ведаюць пра нашы тутэйшыя “траблы”, але, па шчырасці, і ведаць не хочуць. Таму тут не да тэрапіі чыіхсьці амбіцый.

— Натуральна, можна было б запрасіць дзесяць цікавых мастакоў, і кожны з іх знайшоў бы сваё канцэптуальнае ды візуальнае ўвасабленне такой тэмы, як прастора і час, — кажа куратар праекта, дырэктар МСВМ Наталля Шаранговіч. — Але ў такім выпадку мы наўрад ці атрымалі б у выніку цэласны ды арганічны выставачны праект…

/i/content/pi/cult/445/9282/7-1.jpeg

Таму было вырашана максімальна зменшыць колькасць удзельнікаў. Першая кандыдатура сумневаў не выклікала: і Наталля Шаранговіч, і Міхаіл Баразна спынілі свой выбар на Канстанціне Селіханаве.

Разам і паасобку

Гэты “мультыдысцыплінарны” аўтар мае некалькі іпастасяў. З аднаго боку, ён — скульптар з акадэмічнай адукацыяй, які ўмее “ляпіць рукамі”, з іншага — мастак-канцэптуаліст, што не абмяжоўваецца тэхнічна дасканалым візуальным рашэннем. З аднаго боку — паспяховы і запатрабаваны творца (акурат сёння бачыў “білборд” з яго выявай у якасці “чалавека года” па версіі Мінгарвыканкама), з іншага — адстаронены і самадастатковы мысляр са здаровай схільнасцю да крытычнага дыскурсу. Мяркуючы па творчасці аўтара, у дадзеным выпадку парадоксы — спрыяюць.

— У сваіх творах Косця ўвесь час вынаходліва абыгрывае паняцці прасторы і часу, — кажа Наталля Шаранговіч. — Яго скульптура прыцягальная тым, што крохкасць ідэй набывае манументальную форму. Канстанцін — творца, які валодае ўнікальным пластычным мысленнем, здатным арганічна ўвасобіць любую ідэю. У тым ліку і той “скразны” для яго вобраз маленькага чалавечка, які паходзіць з побытавай культуры нядаўняга мінулага…

— У свой час мяне прывабіў вобраз удзельніка парада фізкультурнікаў 20-х гадоў: гэткія абязлічаныя “адзінкі” ў аднолькавых майках ды портках, — распавядае сам аўтар. — І тыя залатыя майкі — нібы нішчымная прыватная тэрыторыя, ілюзорная “свая прастора”...

/i/content/pi/cult/445/9282/7-3.jpeg

Што ні кажы, але савецкая тэматыка (успрынятая зазвычай у кафкіянскім духу) ужо даўно прываблівала мастакоў — ажно з пачатку 1970-х, калі нарадзіўся сацарт. Здавалася б, тэма вычарпана і нават набіла аскому. Але ўспрыняцце праекта Канстанціна Селіханава ў якасці нейкай “рэтраспектыўнай” крытыкі “абязлічвання” чалавека ў мінулую эпоху будзе павярхоўным.

/i/content/pi/cult/445/9282/7-5.jpg

— Чарга — гэта ўніверсальная метафара, што спалучае як сацыяльны, так і экзістэнцыйны ўзроўні, — кажа аўтар, — метафара суіснавання чалавека з чалавекам. Асэнсоўваючы перажыты намі савецкі побыт, я неўзабаве прыйшоў да высновы, што многія яго вобразы маюць універсальны характар. Вось і сёння, у эпоху глабалізацыі, мы нібы разам, але — паасобку…

Калі ўдзельнік парада фізкультурнікаў выйдзе на вуліцу сучаснага мегаполіса, ён і сам здзівіцца з той прычыны, што шматлікія вонкавыя змены так мала паўплывалі на сутнасць чалавечых узаемаадносін.

Бронзавая чарга Селіханава неаднаразова дэманстравалася ў айчынных залах — у тых або іншых варыяцыях. У Маскве “працяг тэмы” будзе ўвасоблены інакш: у выглядзе цэласнай інсталяцыі.

— Чарга маленькіх чалавечкаў з абодвух бакоў упіраецца ў люстэркі, — распавядае Наталля Шаранговіч. — Гэта нібыта парталы, выйсце з замкнёнай прасторы, але выйсці з іх немагчыма, і справа абмяжоўваецца тыражаваннем рэчаіснасці. Тут згадваецца стужка Мёбіўса...

 

Партрэты прадметаў

Для таго, каб падтрымаць той варыянт “расшыфроўкі” паняццяў прасторы і часу, якую прапануе Канстанцін Селіханаў, куратар вырашыў запрасіць да ўдзелу яшчэ аднаго мастака. Тым больш, гэтага патрабавалі і сёлетнія ўмовы біенале.

— Праект Косці — самадастатковы, і важна, каб другі ўдзельнік яму не супярэчыў, — тлумачыць Наталля Шаранговіч. — Уласна, менавіта таму мы і запрасілі фатографа. Чаму? Бо жывапіс, як і скульптура, сам здатны ствараць уласную рэчасінасць, а вось фота ўжо апрыёры з’яўляецца “адбіткам”, прымушаючы час спыніцца...

У выніку выбар спыніўся на Андрэі Шчукіне. Гэты аўтар таксама існуе ў некалькіх іпастасях, у тым ліку — і паспяховага камерцыйнага фатографа, сапраўднага перфекцыяніста ў галіне гламуру. Але лішне нават казаць, што ў Маскву паедуць зусім іншыя яго творы. Іх жанр можна акрэсліць як “партрэт прадмета” — не нацюрморт, а менавіта партрэт. Гаспадары прадметаў знарок засталіся па-за кадрам, і таму антрапагенны змест выявы адчуваецца толькі на асацыятыўна-кантэкстуальным узроўні.

/i/content/pi/cult/445/9282/7-4.jpeg

— Мы хочам паказаць Андрэя Шчукіна, які шукае архетыпічныя сутнасці неадушаўлёных рэчаў, — распавядае Наталля Шаранговіч. — Ніякіх твараў, ніякіх асоб — толькі рэчы! Але яны міжволі выклікаюць пэўныя асацыяцыі і самі па сабе адлюстроўваюць сутнасць сваіх нябачных гаспадароў. Гэтыя фота выяўляюць чалавека без выявы чалавека, і такі падыход выглядае нават больш пераканаўчым. Чаму? Узіраючыся ў рэалістычны фотапартрэт, хіба можам мы зразумець, што хаваецца па-за выявай, зазірнуць углыб і “прачытаць” гэтую асобу? А вось прадметы — са сваёй фактурай, выбоінамі, сколамі — здатныя распавесці пра ўнутраны свет чалавека куды больш. Такі падыход — цікавы і незвычайны. Прадстаўленыя ў рамках праекта серыі сведчаць, што Андрэй адчувае рэчаіснасць куды глыбей, чым многім з нас раней здавалася...

/i/content/pi/cult/445/9282/7-7.jpg

 

У кантэксце браневічкоў

Праекты мінулага Маскоўскага біенале наведала звыш 70 тысяч гледачоў. Большасць з тых людзей не адносіцца да катэгорыі стабільных наведвальнікаў музеяў. Міхаіл Баразна спадзяецца, што запатрабаванасць сучаснага мастацтва — гэта ўсё ж не мода, але — ўнутраная патрэба глыбокага асэнсавання таго, што дзеецца ўнутры і звонку.

— Таму я перакананы: беларускі праект можа мець самую разнастайную аўдыторыю, — лічыць мастацтвазнаўца. — Ён мае што сказаць як людзям з філасофскай адукацыяй, так і маладзёнам “з вуліцы”, сярод якіх, дарэчы, нараджаецца такое цікавае мастацтва, як стрыт-арт. Галоўнае — гэта ўнутраныя патрэбы гледача...

І, дадамо ад сябе, — каб глядач усё ж дабраўся да беларускага праекта. У маскоўскім “вулеі” гэта асабліва актуальна, тым больш — у час біенале, калі адначасова працуюць дзясяткі выставак, раскіданых па ўсім горадзе. Натуральна, для нас (як і для любога “цёмнага коніка”) найаптымальным варыянтам было б прысуседзіцца да “топавых” выставак альбо займець свой кут у папулярных цэнтрах сучаснага мастацтва, куды публіка заўсёды валам валіць. Але паспрабуй туды ўбіцца!..

Беларускія “Унутраныя ландшафты”, створаныя куратарамі Паўлам Вайніцкім і Вольгай Рыбчынскай, экспанаваліся ў класіцыстычным палацы, дзе некалі нават выступаў Ленін. Цяпер там — Усерасійскі музей ДПМ. Не зусім арганічны для “сучарта” кантэкст адпаведным чынам паўплываў на колькасць наведвальнікаў.

Гэтым разам папярэдні досвед быў улічаны, і “аблямоўка” ўжо куды лепш дапасоўваецца да праекта. Музей сучаснай гісторыі Расіі многія памятаюць па старой назве — Музей рэвалюцыі, — ды і браневічкі ўсё яшчэ стаяць перад уваходам…

— Праект Канстанціна Селіханава ў Мінску дэманстраваўся ў Мемарыяльным музеі Заіра Азгура, які сам па сабе з’яўляецца своеасаблівым “злепкам” савецкай эпохі, — кажа Наталля Шаранговіч. — Мы шукалі падобную пляцоўку і ў Маскве, ды, на жаль, не знайшлі. Аднак, кіруючыся да нашых залаў, глядач будзе паступова занурвацца ў кантэкст: яго шлях ідзе праз экспазіцыю, прысвечаную савецкай эпосе… Ды і дабірацца будзе прасцей: музей знаходзіцца на маскоўскай Цвярской.

— Важна адзначыць і тое, што ўдзел дзяржавы ў праекце прыкметна вырас, у параўнанні з мінулым разам, — дадала Наталля Шаранговіч. — І менавіта таму мы можам прадставіць беларускае мастацтва на куды больш паважнай пляцоўцы. Бо ініцыятывы канкрэтных асоб або інстытуцый усё ж замала для рэпрэзентацыі нашай краіны на высокім узроўні…

На думку куратара, падобныя праекты сапраўды здатныя адкарэктаваць міжнародны імідж дзяржавы, засведчыўшы яе далучанасць да сусветнай культурнай ды інтэлектуальнай прасторы. Прычым — зрабіць гэта нязмушана і без дэкларатыўнага пафасу, якія сучаснае мастацтва арганічна не прымае…

Фота Юрыя ІВАНОВА, Таццяны МАТУСЕВІЧ і з архіваў суразмоўцаў