СПАДЧЫНА — ДОСТОЯНИЕ — HERITAGE

№ 1 (819) 05.01.2008 - 11.01.2008 г

Летась праект СТБ “Нацыянальная спадчына” быў названы лепшым сярод беларускіх тэлепраграм і атрымаў прэмію “За духоўнае адраджэнне”. Праца стваральнікаў серыяла, аўтара ідэі і вядучага, вядомага тэлежурналіста Паўла КАРАНЕЎСКАГА была высока ацэнена. Тэлепраект стаўся здабыткам не толькі Сталічнага тэлебачання, а і добрым падарункам усім, хто яго глядзеў, каму цікавыя нашы нацыянальныя гісторыя і культура. Сёння Павел Каранеўскі — наш госць і распавядае аб мяркуемым працягу серыяла, упадабанага тэлегледачамі.

 /i/content/pi/cult/143/928/Spadchyna.jpg
— Але найперш пра тое, як нарадзілася ідэя праекта “Нацыянальная спадчына”. Якую мэту ставілі стваральнікі перад сабой?
— Апошнія пяць гадоў я выношваў ідэю стварыць цыкл фільмаў пра нашу гісторыю, пра архітэктуру і мастацтва Беларусі, пра тое, што завецца духоўнай спадчынай. І калі па даручэнні Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Аляксандра Рыгоравіча Лукашэнкі наша Міністэрства інфармацыі абвясціла конкурс на стварэнне тэлепраекта на тэму “Духоўнае адраджэнне”, СТБ падало заяўку і атрымала магчымасць працаваць. Па-сутнасці, праца над праектам “Нацыянальная спадчына” заняла два гады майго жыцця: іх я праводзіў на здымках, працаваў у выхадныя дні, падчас летняга адпачынку. Ішлі амаль што няспынныя здымкі і мантажы.
Самымі складанымі былі першыя крокі. Матэрыялу было зашмат. Першы фільм замест 26 хвілін, якія для яго адводзіліся, атрымаўся доўгім: заняў ажно паўтары гадзіны. Некалькі дзён мы спрабавалі скараціць стужку — выкрэслівалі, манціравалі. Зразумелі адно: немагчыма ахапіць усё, пра што б хацелася распавесці. Выбіралі самае адметнае, скарачалі яшчэ і яшчэ. У выніку з’явіўся першы фільм — “Асветнікі”. Потым стала лягчэй…
— Хто з навукоўцаў дапамагаў вам у рэалізацыі праекта?
— Мне прыемна, што супрацоўнікі Акадэміі навук Беларусі, розных музеяў, духоўныя асобы дапамагалі і словам, і справай. Літаральна ў кожным месцы здымак знаходзіліся свае “экскурсаводы” і з простых людзей — яны распавядалі гісторыі, якіх не знойдзеш у ніводнай кнізе…
— Што вас асабіста ўразіла, што адкрылі для сябе падчас працы над серыялам?
— За гэтыя два гады я стаў іншым. Я зразумеў, што вельмі часта мы праходзім міма сваёй гісторыі і культуры, не ўсведамляем значнасці таго, што знаходзіцца побач з намі. Ёсць вельмі трапнае беларускае слова — “годнасць”. Дык вось, я зразумеў (спадзяюся, і ўся група, якая ўдзельнічала ў рэалізацыі праекта), які гэта гонар — звацца беларусам. Вельмі ўразілі людзі, простыя людзі ў вёсках і мястэчках.Яны захоўваюць тое, што я б назваў “душой краіны”.
— Скажыце, калі ласка, якімі былі вашы пошукі, што было для вас лёгка, а што — цяжка?
— Найбольш складаным для нашай здымачнай групы было —акрэсліць самае важнае для гледача па кожнай тэме. Музыка, архітэктура, мастацтва — 26 хвілін эфіру... Гэта і шмат, і зусім мала. Таму з’явілася схема — данесці тое, што павінен ведаць кожны беларус, і абавязкова паказаць знаходкі, сказаць аб нейкіх таямніцах.
Таму мне, як журналісту, было важна адшукаць гэтыя самыя “каралі” сярод вядомага. Калі цікава самому, дык і гледачу будзе цікава …
— І як успрынялі праект тэлегледачы, якія водгукі дасылаюць?
— Прыемна, што дасылаюць лісты, дзякуюць за тое, што паказалі самае дарагое, блізкае сэрцам беларусаў, — нашу гісторыю. Людзі выказваюць падзяку за тое, што фільм ідзе на роднай мове. Калі толькі пачынаў стварацца праект, я зразумеў, што стужка абавязкова павінна суправаджацца тэкстам на беларускай мове.
Як жа можна інакш расказваць пра сваю душу? Гледачы дзякуюць за сапраўдны, годны беларускі праект. Пасля выхаду праграмы ў эфір да мяне на вуліцы сталі часта падыходзіць людзі і выказваць падзяку за, на іх думку, адметны тэлепраект. Мяне ведаюць зараз не толькі як вядучага праграмы “Асабісты інтарэс”, іншых перадач, але і як вядучага “Нацыянальнай спадчыны”. Пытаюцца пра гісторыю, цікавяцца легендамі...
Звычайныя людзі кажуць добрыя словы, а навукоўцы — гісторыкі, археолагі — пытаюцца: калі будзе працяг?
— Значыць, працяг будзе?
— Ёсць планы, ёсць новыя тэмы. Усё павінна скласціся, так бы мовіць, натуральным чынам.
— Ці можна будзе знайсці серыял у продажы тым, хто цікавіцца нацыянальнай культурай і гісторыяй?
— Паступалі прапановы і пажаданні прадстаўнікоў беларускіх пасольстваў, якія працуюць у розных краінах свету, мець на DVD фільмы з серыі “Нацыянальная спадчына”. Мы робім копіі і дасылаем тым, хто выказаў жаданне атрымаць іх. Дарэчы, сцэнарыі ёсць і на рускай мове. Зацікаўленыя выказваюць пажаданні, каб быў зроблены пераклад і на англійскую мову. Цікава, што назва праекта ў кожнай мове мае сваю непаўторную сутнасць. “Нацыянальная спадчына” па-руску не толькі “Национальное наследие”, але і — “Национальное достояние”, па-англійску — “National heritage”.
Зараз мы шукаем кампаніі, якія б узяліся выпусціць фільм вялікім накладам. Але пакуль ніхто не рашаецца, так бы мовіць, рызыкнуць. Гэта ж не баявік ці камедыя. Патрабуюць пэўных укладанняў вонкавы дызайн, аздабленне вокладкі. Нашы камерцыйныя структуры пакуль не ў стане аператыўна адгукацца на попыт. Як бы там ні было, упэўнены: калі ў продажы можна будзе набыць фільм — ён разыдзецца хутка. “Нацыянальная спадчына” будзе цікавая не толькі замежным турыстам, якіх зараз шмат прыязджае ў нашу краіну, але і самім беларусам, якія ўсё болей цікавяцца сваёй спадчынай.

Гутарыла Наталля КІРПІЧЭНКАВА