Пачынаем!

№ 37 (1111) 14.09.2013 - 20.09.2013 г

Сезон пачаты ва ўсіх музычна-тэатральных і канцэртных установах! Да Вялікага тэатра, які стартаваў раней за ўсіх, далучыліся Музычны і Белдзяржфілармонія.

У Вялікім на 81-ы сезон, які распачаўся балетам “Вітаўт” Вячаслава Кузняцова, запланавана ажно 12 прэм’ер і 15 найменняў, бо пэўныя аднаактоўкі злучаны. Навінкі — балеты “Шэсць танцаў” на музыку В.А. Моцарта, “Сем прыгажунь” Кара Караева, “Сем смяротных грахоў” нашага кампазітара Алега Хадоскі, “Па-дэ-катр” Ц.Пуні.

“Шэсць танцаў” — пастаноўка культавага харэографа Іржы Кіліяна з Нідэрландаў. А оперу “Пікавая дама” П.Чайкоўскага ўвасобіць балгарын Пламен Карталаў, які ўразіў летась сафійскай пастаноўкай “Зігфрыда” Р.Вагнера. Увогуле, падобных праектаў будзе шмат. Над “Лятучым Галандцам” Вагнера будзе працаваць нямецка-расійская каманда, а прэм’ера прымеркавана да ІV Каляднага опернага форуму. “Рыгалета” Дж.Вердзі паўстане з эстонскім акцэнтам у рэжысуры і сцэнаграфіі. А галоўны рэжысёр нашага тэатра Міхаіл Панджавідзэ пасля шэрагу маштабных спектакляў ажыццявіць пастаноўкі ў Камернай зале імя Л.Александроўскай (оперы “Чалавечы голас” Ф.Пуленка і “Тэлефон” Дж.Меноці), а таксама на Малой сцэне (тут узнікне рэдакцыя “Галькі” С.Манюшкі, якая сумесціць дзве аўтарскія версіі).

Да нацыянальнай прэм’еры рыхтуецца Беларускі дзяржаўны акадэмічны музычны тэатр. 12 лістапада мы ўбачым мюзікл Уладзіміра Кандрусевіча “Соф’я Гальшанская”. А напрыканцы года гэты тэатр пакажа новы балет “Тысяча і адна ноч” Ф.Амірава.

Філарманічны сезон знамянальны датамі некалькіх калектываў: 85 гадоў спаўняецца Акадэмічнаму сімфанічнаму аркестру, 40 — ансамблю “Харошкі”, 20 — Камернаму хору, 10 — ансамблю народных інструментаў пад кіраўніцтвам Ігара Іванова. Адбудуцца канцэрты да 80-годдзя Беларускага саюза кампазітараў, 100-годдзя з дня нараджэння Анатоля Багатырова. У лістападзе пройдзе ІІІ Міжнародны конкурс выканаўцаў на струнных смычковых інструментах імя М.Ельскага. Фестывальную афішу адкрые ў кастрычніку VІІІ Міжнародны фестываль Юрыя Башмета, літаральна следам — 39-я “Беларуская музычная восень” разам з форумам “Беларусы свету”, у лютым — у трэці раз “Уладзімір Співакоў запрашае”, а потым — “Мінская вясна” і “Дуэцісіма”.

А як гучна адкрывае сезон сімфанічны аркестр Акадэміі музыкі! 17 верасня ён выступае ў філармоніі — і адразу ж выпраўляецца ў Маскву, каб паўтарыць выбітную праграму (дырыжор — Аляксандр Анісімаў, салісты — выпускнікі БДАМ, а сёння музыканты Арцём Шышкоў і Вераніка Прадзед) на легендарнай сцэне Маскоўскай кансерваторыі імя П.Чайкоўскага, якая лічыцца адной з найпрэстыжных у свеце.

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"