15 верасня - Дзень бібліятэк Рэспублікі Беларусь

№ 37 (1111) 14.09.2013 - 20.09.2013 г

Віншаванне Міністра культуры Рэспублікі Беларусь Барыса Святлова

Шаноўныя сябры!

Прыміце шчырыя віншаванні з прафесійным святам — Днём бібліятэк!

Кніга для чалавека — заўсёды верны сябар і мудры настаўнік, які дорыць магчымасць дакрануцца да культурнай спадчыны стагоддзяў, дапамагае знайсці адказы на многія пытанні. У сучасным грамадстве, дзе інфармацыя з’яўляецца рухаючай сілай, бібліятэкі, іх каштоўныя калекцыі і сучасныя інфармацыйныя рэсурсы набываюць усё большае значэнне.

Сёння бібліятэкі — гэта шматфункцыянальныя ўстановы, якія паспяхова выконваюць інфармацыйную, сацыякультурную, адукацыйную, камунікатыўную функцыі. Гэта месца, дзе чалавек вучыцца думаць і разважаць, дзе адбываецца сацыялізацыя асобы, яе далучэнне да культурных каштоўнасцей. Бібліятэка — установа, дзейнасць якой традыцыйна садзейнічае падтрымцы, развіццю і папулярызацыі чытання.

Бібліятэчная справа ў Беларусі мае доўгую і багатую гісторыю, якая дае імпульс для развіцця ў сучасных умовах. У краіне дзейнічае шматгаліновая сетка, што забяспечвае агульнадаступнасць бібліятэчных паслуг і рознабаковыя інфармацыйныя патрэбы насельніцтва. Сёння сістэма бібліятэк Беларусі ўключае амаль 9,2 тысячы публічных і спецыяльных бібліятэк з агульным аб’ёмам фондаў звыш 200 мільёнаў экзэмпляраў.

Роля падзвіжніцкай і асветніцкай працы спецыялістаў бібліятэк відавочная. Сваёй нястомнай дзейнасцю вы захоўваеце культурную спадчыну Беларусі, актыўна ўдзельнічаеце ў працэсе фарміравання інфармацыйнага грамадства, выконваеце пачэсную місію выхавання інтэлектуальна моцнай нацыі. Кожны жыхар нашай краіны ўдзячны вам за старанне і любоў да вашай карыснай справы.

Жадаю кожнаму з вас невычэрпнай крыніцы творчасці і духоўнай моцы, асабістага шчасця і поспехаў ва ўсіх галінах вашага жыцця! Няхай у гэтае свята вы ў найбольшай ступені адчуеце гонар за сваю справу, прымножыце імкненне да далейшых дасягненняў, аптымізм і веру ў будучыню!

Міністр культуры Рэспублікі Беларусь Барыс СВЯТЛОЎ