Культурны твітар: мы ў свеце

№ 37 (1111) 14.09.2013 - 20.09.2013 г

Беларуская культура за мяжой

Італія

Выступленні Мінскага камернага хору “Паліфоніка” пройдуць у італьянскім аўтаномным рэгіёне Сардзінія ў рамках ХХІІ Міжнароднага фестывалю харавой музыкі “Concordia Vocis”. Цягам трох дзён адбудуцца канцэрты ў сярэднявечным горадзе Іглесіяс, у Тартолі ды ў Кальяры — сталіцы Сардзініі. Увазе гледачоў прадставяць творы беларускай народнай музыкі як царкоўнага, так і свецкага характару.

Расія

У Пензе завяршыў сваю работу VI Міжнародны фестываль сучаснага мастацтва і творчых тэхналогій. У мерапрыемстве бралі ўдзел дызайнеры, скульптары, мастакі амаль з 30 краін, у тым ліку з Рэспублікі Беларусь. Фестываль праходзіў па ініцыятыве Цэнтра сучаснага мастацтва і культуры Пензенскай вобласці.

Мінская галерэя сучаснага мастацтва “Ў” прыме ўдзел у праекце “NEW PLATFORM” у рамках XVII Міжнароднага мастацкага кірмашу “АРТ Масква” ў Цэнтральным доме мастака. У рамках праекта выставяць работы Міхаіла Гуліна, Аляксея Лунёва, Сяргея Шабохіна, Антаніны Слабодчыкавай ды іншых.

Сербія

Мінскі Свята-Елісавецінскі манастыр возьме ўдзел у 58-й Міжнароднай кніжнай выстаўцы, якая з 20 па 27 кастрычніка пройдзе ў Бялградзе. З 2009 года стэнд упрыгожвае гэты найбуйнейшы на Балканах кніжны форум.

Малдова

Работы беларускага мастака Вячаслава Ігнаценкі экспануюцца ў Бюро міжэтнічных адносін у Кішынёве. Экспазіцыя “Дарога” прадстаўлена амаль трыццаццю палотнамі, створанымі ў розныя перыяды працы майстра. Выстаўка прысвечана Дню незалежнасці Рэспублікі Малдова.

Падрыхтавала Вольга НАВІЦКАЯ