Дзяржаўныя адзнакі

№ 37 (1111) 14.09.2013 - 20.09.2013 г

Афіцыйна
Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь падпісаў Указ аб прысуджэнні Дзяржаўных прэмій 2012 года. Таксама работнікі розных сфер удастоены дзяржаўных узнагарод. Як паведамляе Прэс-служба беларускага Лідара, адпаведны Указ падпісаў Кіраўнік дзяржавы Аляксандр Лукашэнка.

Так, у галіне літаратуры, мастацтва і архітэктуры Дзяржаўныя прэміі атрымалі наступныя асобы і творчыя калектывы. За спектакль “Пінская шляхта” паводле п’есы Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча прэмія прысуджана Віктару Манаеву — артысту, вядучаму майстру сцэны Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы, народнаму артысту Беларусі, выканаўцы ролі станавога прыстава Кручкова; Вользе Мацкевіч — мастаку-пастаноўшчыку, аўтару сцэнаграфіі спектакля; Андрэю Зубрычу — кампазітару, аўтару музычнага афармлення спектакля.

За выбітныя дасягненні вакальнага і выканальніцкага майстэрства, якія маюць высокую эстэтычную каштоўнасць ды робяць значны ўнёсак у нацыянальную культуру, прэмія прысуджана Ніне Шарубінай — артысту-вакалісту (салісту) — вядучаму майстру сцэны Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатра оперы і балета Беларусі.

За стварэнне шматпрофільнага Культурна-спартыўнага комплексу “Мінск-Арэна” прэміяй уганараваны супрацоўнікі рэспубліканскага праектнага ўнітарнага прадпрыемства “Ордэна Працоўнага Чырвонага Сцяга “Інстытут Белдзяржпраект” Валерый Куцко — галоўны архітэктар праектаў архітэктурна-канструктарскай майстэрні, Уладзімір Будаеў — начальнік архітэктурна-канструктарскай майстэрні, Анатоль Шабалін — галоўны архітэктар.

Работнікі розных сфер удастоены дзяржаўных узнагарод. Як паведамляе Прэс-служба беларускага Лідара, адпаведны Указ падпісаў Кіраўнік дзяржавы Аляксандр Лукашэнка.

Так, вядучы майстар сцэны Тэатра-студыі кінаакцёра Нацыянальнай кінастудыі “Беларусьфільм” Святлана Сухавей узнагароджана ордэнам Францыска Скарыны.

Больш як дзесяць чалавек уганараваны медалём Францыска Скарыны. Сярод іх — кіраўнік Творчых майстэрняў “Цэнтр сучасных мастацтваў” Віктар Альшэўскі, першы намеснік дырэктара Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя Максіма Горкага Ігар Андрэеў, дырэктар — мастацкі кіраўнік Гродзенскай капэлы Уладзімір Борматаў, настаўнік сталічнай Дзяржаўнай харэаграфічнай школы мастацтваў № 1, балетмайстар узорнага ансамбля № 1 Станіслаў Дарохін, выкладчык Гродзенскага дзяржаўнага музычнага каледжа Ларыса Іконнікава, загадчык трупы оперы Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатра оперы і балета Рэспублікі Беларусь Ніна Казлова, а таксама дырыжор гэтага тэатра Мікалай Калядка, артыст-вакаліст — вядучы майстар сцэны Эдуард Мартынюк, канцэртмайстар па класе вакалу Юлія Шчарбакова. Узнагароджаны таксама дырэктар Дзяржаўнага літаратурнага музея Янкі Купалы Алена Ляшковіч, балетмайстар Заслужанага аматарскага калектыву Рэспублікі Беларусь “Ансамбль “Лялечкі” Абухаўскага цэнтра культуры і вольнага часу аддзела культуры Гродзенскага райвыканкама Надзея Урукіна, артыст драмы вышэйшай катэгорыі Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы Юлія Шпілеўская.

Ганаровае званне “Народны артыст Беларусі” прысвоена артысту драмы, вядучаму майстру сцэны Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы Зінаідзе Зубковай. Актрысы гэтага ж тэатра Алена Сідарава і Тамара Міронава атрымалі званне “Заслужаны артыст Рэспублікі Беларусь”. Таксама гэтага ж звання ўдастоены артысты аркестра — вядучыя майстры сцэны Вялікага тэатра Рэгіна Саркісова і Вадзім Чайкоў.

Ганаровае званне “Заслужаны дзеяч мастацтваў Рэспублікі Беларусь” атрымалі прафесар кафедры скульптуры Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў Анатоль Арцімовіч і загадчык кафедры медных духавых і ўдарных інструментаў Акадэміі музыкі Мікалай Волкаў. Звання “Заслужаны дзеяч культуры Рэспублікі Беларусь” удастоена дырэктар Дзяржаўнага літаратурна-мемарыяльнага музея Якуба Коласа Зінаіда Камароўская.