Святочна-школьная “будзённасць”

№ 1 (819) 05.01.2008 - 11.01.2008 г

Новы год — бы тая сімвалічная мяжа паміж мінулым і будучыняй, той прыгорак, з якога хочацца азірнуцца на пройдзены за год шлях і кінуць вокам наперад. “З якім настроем вы развіталіся з 2007-м годам і сустрэлі 2008-ы? На чым хацелася б паставіць акцэнты ў чарговай “гадавой” справаздачы сваіх творчых дасягненняў?” — з такімі пытаннямі мы звярнуліся да дзеячаў культуры і мастацтва.

 /i/content/pi/cult/143/927/Tamburyn.jpg
 Ансамбль “Тамбурын”.
Аляксандр САЛАНІНКА, дырэктар Брэсцкай дзіцячай музычнай школы № 1:
— Кожны школьны год — адметны. Не верце тым, хто гаворыць, што яны “ідуць чарадой”, “бягуць”, “мільгаюць”. Бо пры ўсёй адпрацаванасці і нават пэўнай “будзённай завядзёнцы” навучальнага працэсу не тое што кожны год — кожны дзень прыносіць свае сюрпрызы і маленькія адкрыцці. Мабыць, яшчэ і таму, што гэтыя адкрыцці робім не толькі мы, але і, гэта галоўнае, нашы навучэнцы. А што можа быць лепей за радасць у вачах дзіцяці?
— Асабіста я добра ведаю ваш ансамбль ударных “Тамбурын” пад кіраўніцтвам Мікалая Нярэзькі: год таму гэты калектыў выступаў у Мінску, у Палацы Рэспублікі, на справаздачным канцэрце лаўрэатаў і стыпендыятаў спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы таленавітай моладзі. Уразіла мо нават не столькі майстэрства юных музыкантаў, колькі тая шчырая, непрыхаваная заўзятасць, з якой яны “тамбурынілі” на сваіх барабанах, вібрафонах і безлічы іншых “калатовак” ды “звінючак”.
— Мы вельмі ўдзячныя дзяржаве за падтрымку ўсяго лепшага, што ўзнікае ў галіне музычнай педагогікі, за падтрымку юных адораных дзяцей. Асобныя словы падзякі — аддзелу культуры нашага Брэсцкага гарвыканкама. Дзякуючы фінансавай дапамозе, для ансамбля ўдарных (а яму ўвесну споўніцца ўжо 10 гадоў) былі набыты новыя добрыя інструменты. “Тамбурын” штогод удзельнічае і перамагае ў разнастайных конкурсах і фестывалях, у тым ліку за мяжой. Запрашэнняў — процьма, былі б толькі сродкі ды час, каб ездзіць. Зараз, да прыкладу, ансамбль рыхтуецца да фестывалю ў Прыбалтыцы. І ён не адзін у нас такі! У школе — шэсць узорных калектываў, з іх два — харавыя. Мы падтрымліваем творчыя сувязі з дзіцячымі музычнымі школамі Масквы, Санкт-Пецярбурга, ладзім з імі абменныя выступленні, сумесныя акцыі. Услаўляюць нашы выхаванцы сваю школу і на міжнародных конкурсах, што праводзяцца ў Беларусі.
Толькі сёлета школьная скарбонка ўзнагарод папоўнілася чатырма новымі лаўрэацкімі званнямі — на “Залатой пчолцы” ў Клімавічах, “Рэнесансе гітары” ў Гомелі, на Міжнародным конкурсе юных кампазітараў імя Юрыя Семянякі ў Гродне. Там наша выпускніца Аня Ермалюк удзельнічала нават не ў малодшай групе, а ў сярэдняй, побач з навучэнцамі музычных вучылішчаў, і атрымала Другую прэмію. А пасля гэтага паступіла ў Мінскае дзяржаўнае музычнае вучылішча імя Глінкі, зараз яна на першым курсе. Увогуле, кожны пяты наш выпускнік працягвае вучыцца музыцы далей: гэта надзвычай высокі паказчык для такіх школ, як наша.
— Але ж у вас і традыцыі якія!
— Традыцыі ў нас папраўдзе багатыя. У 2008-м годзе ў нас будзе юбілейны, 60-ы выпуск, а ў 2009-м справім 70-годдзе. Рыхтавацца да гэтага свята пачалі ўжо сёння. Як заўсёды, збяром сваіх лепшых выпускнікоў. А сярод іх такія знакамітасці, як Эдуард Ханок, Ігар Карнялюк, Валерый Кучынскі. Дарэчы, піяніст Расціслаў Крымер — дырэктар Міжнароднага фестывалю Юрыя Башмета — таксама “наш кадр”. І нябожчык Уладзімір Солтан, цудоўны кампазітар, аўтар оперы “Дзікае паляванне караля Стаха” — таксама. Я ганаруся, што ў нас выдатны педагагічны калектыў аднадумцаў. Між іншым, чвэрць яго — выпускнікі Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі. І наперадзе ў нас — шмат не толькі святаў, але і тае штодзённай “святочнай будзённасці”, што і напаўняе жыццё радасцю.