Неверагодныя прыгоды ашмянскага Монтэ-Крыста

№ 36 (1110) 07.09.2013 - 14.09.2013 г

Зігмунд Мінейка: паміж Беларуссю і Грэцыяй

Працягваем дзіўную гісторыю жыцця і лёсу Зігмунда Мінейкі. А пакуль прадстаўляем даўняе інтэрв’ю аўтара з беларускім мастаком Уладзімірам Андрэевічам Мінейкам (1925 — 2001 гг.), далёкім сваяком нашага героя...

/i/content/pi/cult/444/9269/15-2.jpeg

Уладзімір Мінейка ў майстэрні. 1985 г.

(Працяг. Пачатак у № 35.)

— Валодзя, калі ты ўпершыню даведаўся, што знаходзішся ў сваяцкіх сувязях з сям’ёй Папандрэу?

— З артыкула беларускага гісторыка Барыса Клейна “Фамільны партрэт”, надрукаванага ў часопісе “Нёман” колькі гадоў таму. Хаця там маё імя не называлася, але я з вусных расповедаў-намёкаў майго бацькі яшчэ ў дзяцінстве чуў пра тое, што наш род мае старажытныя беларуска-польскія карані.

— Паспрабуй хаця б эскізна “намаляваць” сваю генеалогію.

— Паспрабую, аднак для мяне ў гэтых сямейных паданнях існуе шмат “белых плям”. Так, напрыклад, я дакладна не ведаю, як звалі майго прадзеда па бацьку, і чый радавод ён працягваў. Хутчэй за ўсё, старэйшага стрыечнага брата Зігмунда Мінейкі — Герарда Іосіфавіча Мінейкі. У яго было пяць дзяцей. Магчыма, адзін з іх — мой дзед Адольф Герардавіч.

— Чаму такая невыразнасць? Гаворка ж ідзе не пра аддаленае сваяцтва. Твой бацька, Андрэй Адольфавіч, безумоўна, ведаў аб сваіх бліжэйшых продках?

— Тут справа ў іншым. Мой бацька — з Ашмяншчыны, як і ўсе Мінейкі. З сакавіка 1917 года быў членам бальшавісцкай партыі. У час кастрычніцкіх падзей працаваў у Смольным, выконваючы непасрэдныя даручэнні Дзяржынскага. Да слова, ён доўга захоўваў у сябе рэліквію — памятны падарунак ад “жалезнага Фелікса”.

— А кім ён быў у Смольным?

— Супрацоўнікам аддзела данясенняў петраградскага Рэвваенсавета. Удзельнічаў у Грамадзянскай вайне, быў камісарам, ваяваў з белапалякамі. У 20-я гады — на гаспадарчай працы ў Гомелі і Койданаве. Потым — на партыйнай рабоце ў Гатчыне. Зразумела, тата хаваў сваю “шляхецкую” радаслоўную, як і многія іншыя. Але гэта не ўратавала яго ад рэпрэсій. На пачатку 1938 года ён быў выключаны з партыі і арыштаваны як “вораг народа”. А той самы падарунак — карычневае скураное партманэ з надпісам “Андрэю Мінейку ад Фелікса Дзяржынскага”, які быў выкананы, як зараз памятаю, залатымі ціснёнымі літарамі, апынулася ў кішэні энкавэдыста. Бацьку асудзілі “тройкай”. Толькі ў 1957 годзе ў КДБ БССР, куды я звярнуўся, мне паведамілі, што бацька памёр у Вяткаўскай турме (спачатку яна была ў Ленінградзе)…

— Рэабілітаваны?

— Так, у пяцьдзясят шостым...

— Я памятаю тваю карціну “1938 год. З майго дзяцінства”, у якой ты вельмі пераканаўча расказаў, як адбываўся арышт твайго таты: ноччу, у кватэры, на вачах родных...

— Я, трынаццацігадовы хлопчык, быў таму сведкам...

— Так, першая згадка пра род Мінейкаў зафіксавана...

— Наколькі мне вядома, на Якуба Мінейку, які нарадзіўся ў 1620 годзе. У яго быў сын Лукас, ад каго пайшла наступная галіна патомкаў, самым вядомым з якіх быў Зігмунд Мінейка, сын Станіслава Ержы Мінейкі і Цэцыліі Шчановіч. Ён жа, значыць, — пляменнік Іосіфа (Юзафа) Мінейкі, майго прамога продка.

/i/content/pi/cult/444/9269/15-1.jpeg

Зігмунд Мінейка (сядзіць  у першым шэрагу
пасярэдзіне) з роднымі і сябрамі. Пачатак ХХ ст.

— Вось-вось, давай зараз паспрабуем дакрануцца да жыцця тваіх прамых продкаў па лініі Юзафа Мінейкі, таму што ніхто ў Беларусі, я ўпэўнены, не ведае пра іхні лёс, у адрозненне ад таго ж вядомага на ўсю Еўропу Зігмунда Мінейкі...

— Сын Юзафа — Герард нарадзіўся ў 1832-м, на восем гадоў раней за Зігмунда. Скончыў 1-ю Віленскую гімназію і юрыдычны факультэт Маскоўскага ўніверсітэта. Атрымаў ступень бакалаўра права, выкладаў гісторыю і геаграфію ў Лідскім павятовым вучылішчы. А з 1856 года жыў у Архангельску, дзе спачатку працаваў настаўнікам “российского законоведения” ў гімназіі, потым кіраваў губернскім статыстычным камітэтам. Ажаніўся з дзяўчынай па імені Аляксандра — дачкой Пятра Беклямішава, удзельніка марской экспедыцыі Ф.Белінсгаўзена і М.Лазарава ў Антарктыду. На французскай мове напісаў гісторыю вызваленчага руху ў Паўночна-Заходнім краі (здаецца, гэты рукапіс знаходзіцца ў маскоўскай Ленінскай бібліятэцы). Але яго галоўная праца — “Статыстычнае апісанне вясковага насельніцтва і яго прамысловасці ў Архангельскай губерні” (1874 г.), якая лягла ў аснову расійскай земскай статыстыкі. Словам, яго можна лічыць роданачальнікам архангельскай галіны сямейства Мінейкаў.

— Калі ён памёр?

— 19 жніўня 1889 года. Дарэчы, 19 жніўня 1925 года нарадзіўся я. Дык вось, ад іх шлюбу нарадзілася пяць дзяцей. Адзін з сыноў, напэўна, і быў Адольф, мой дзед. Яго стрыечная сястра Ксенія Пятроўна Мінейка (у замужжы — Гемп), выпускніца Пецярбургскага ўніверсітэта, потым стала буйным альголагам, спецыялістам па багавінні. У ленінградскую блакаду па ейных рэцэптах страў з багавіння, якое папаўняла недахоп любога рэчыва ў арганізме чалавека, гатавалі кашу, што ўратавала ад смерці не адну тысячу змардаваных голадам дзяцей. Дарэчы, Ксенія Пятроўна вядомая і як этнограф, краязнаўца, гісторык, аўтар многіх кніг, у тым ліку па гісторыі Беламор’я і паморскага мараплавання XVIII стагоддзя.

— А зараз колькі слоў пра сябе і пра тваю сям’ю.

— Пра тату я ўжо казаў. Яго малодшага брата звалі Юрый, да вайны ён быў цыркавым артыстам. Пра далейшы ягоны лёс нічога не ведаю. Мая маці, магіляўчанка Праскоўя Іванаўна, і мой брат Алег загінулі ад голаду ў ленінградскую блакаду, пахаваны на Піскароўскіх могілках. Я таксама перажыў блакаду, але цудам выжыў. Мяне паспелі эвакуіраваць па “Дарозе жыцця” ў тыл. Потым я скончыў Арлоўскае танкавае вучылішча, удзельнічаў у Вялікай Айчыннай, вызваляў Украіну і Румынію, камандаваў танкам “Т-34”. Пасля вайны вучыўся ў Мінскім мастацкім вучылішчы разам з Лёнем Шчамялёвым, Мішам Савіцкім, Віктарам Грамыкам, Жорам Паплаўскім, а потым некалькі гадоў праходзіў “стажыроўку” ў майстэрні народнага мастака Валянціна Віктаравіча Волкава. Жонка Мая — былы педагог, мы ўзялі шлюб у 1953 годзе. Маю двое сыноў. Усё жыццё — на творчай рабоце. Малюю карціны, партрэты, пейзажы, нацюрморты, шмат рысую алоўкам. Зладзіў некалькі персанальных выставак. Мазырскаму краязнаўчаму музею нядаўна падарыў 45 сваіх твораў. З Мазырскім Палессем у мяне звязаны самыя цёплыя ўспаміны: у гэты жыватворны, шыкоўны край я шмат гадоў выязджаў на летнія эцюды... Вось, калі ачуняю ад хваробы, ізноў туды паеду... А яшчэ я мару напісаць партрэт Зігмунда Мінейкі. Ёсць дзве цудоўныя копіі яго фатаграфій: у маладосці і ў пажылым узросце. Вось толькі папраўлюся...

Але Уладзіміру Андрэевічу гэтым разам паправіцца не ўдалося… Свой апошні прытулак ён знайшоў на мінскіх Паўночных могілках. Развітальнае слова я надрукаваў у газеце “Культура” — у № 23 за 2001 год...

…Вось ізноў ажываюць у памяці тыя, далёкія ўжо, часы. Тагачасная наша гаворка з мастаком доўжылася не адну гадзіну і нават не адзін дзень. Шмат гаварылася і асабіста пра Зігмунда Мінейку. І вось праз гады, успамінаючы тыя размовы ды аналізуючы дакументы, якія з’явіліся пасля таго ў прэсе ды інтэрнэт-прасторы, я зноў вяртаюся да вобраза гэтага чалавека, нашага выдатнага земляка, нацыянальнага героя Грэцыі і Ганаровага грамадзяніна Афінаў, кавалера найвышэйшай воінскай узнагароды Грэцыі — Залатога Крыжа Заслугі і вышэйшага ордэна буржуазнай Польшчы — крыжа “Virtati Міlitari”, які яму ўручыў асабіста Пілсудскі. А яшчэ Зігмунд быў буйным ваенным інжынерам-фартыфікатарам, вучоным-археолагам, адным з праекціроўшчыкаў гістарычных Першых Алімпійскіх гульняў 1896 года ў Афінах і выдатным журналістам-рэпарцёрам на гэтых Гульнях, мемуарыстам і нястомным вандроўнікам, у жылах якога да глыбокай старасці цякла мяцежная, утрапёная кроў, перапоўненая пранізлівай настальгіяй па малой радзіме — Ашмяншчыне...

Так, ягоная радзіма — вёска Балванішкі (цяпер — Зялёны Бор) Ашмянскага павета Віленскай губерні. На жаль, сёння там практычна нічога, акрамя некалькіх старых дрэў, не засталося. А маглі б ужо даўно тут устанавіць нейкі мемарыяльны знак у гонар Зігмунда Мінейкі. Хаця, дзякаваць богу, ведаю, што ў Ашмянах адна з вуліц ужо носіць ягонае імя. Будзем лічыць, добры пачатак пакладзены...

Да таго ж, яго імя з кароткім біяграфічным нарысам было адзначана Адамам Мальдзісам у выданні “Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі. Гродзенская вобласць”. З таго часу і ў Інтэрнэце, і ў прэсе, і на тэлебачанні з’явіўся шэраг матэрыялаў пра Зігмунда Станіслававіча Мінейку ды яго знакамітых нашчадкаў. І гэта вельмі радуе: такія асобы павінны працягваць духоўнае жыццё на сваёй радзіме, застаючыся ў вечнай памяці беларусаў. І тым не менш, яго асобу яшчэ вельмі і вельмі мала ведае беларуская грамадскасць. На жаль, сумна знакамітае выслоў’е “Няма прарока ў сваёй айчыне” пакуль што з’яўляецца эпіграфам да многіх біяграфій нашых суайчыннікаў...

(Працяг будзе.)

Пачатак артыкула чытайце тут.

Аўтар: Барыс КРЭПАК
рэдактар аддзела газеты "Культура"