Рамёствы адраджаем! Як хутчэй ды танней?

№ 36 (1110) 07.09.2013 - 14.09.2013 г

Новы фестываль: вынікі пілотнага праекта

У Лідзе і вёсцы Гудзевічы Мастоўскага раёна ўпершыню прайшоў Рэгіянальны фестываль абрадаў і рамёстваў “Скарбы Гродзеншчыны”. Праграма была рознабаковай: яна ўключала не толькі паказы ды прэзентацыі, але і конкурсы. Пераняць вопыт — было ад каго. Экспертнай камісіі часам прыходзілася нялёгка. Дый па часе яна была абмежавана, хаця трывала парушала ўсе графікі, складзеныя без уліку на “агледзецца і падумаць”.

/i/content/pi/cult/444/9265/13-1.jpeg


Ноу-хау і памылкі

Не пералічваючы ўсё, звернем увагу як на некаторыя ноу-хау, так і на больш распаўсюджаныя памылкі. Тым больш, старшыня Беларускага саюза майстроў народнай творчасці Яўген Сахута, які ўзначальваў журы, на шэраг недахопаў паказваў майстрам не ўпершыню. Апынуўшыся паміж дзвюма задачамі — адраджаць народныя традыцыі і выконваць план па паслугах, некаторыя пачынаюць падпарадкоўвацца спажывецкім густам, а часам і проста “спісваюць” на іх недахоп уласных ведаў ды ўменняў.

Сапраўды, кніг, метадычных распрацовак і даведнікаў, якія падвынікоўвалі б навуковыя даследаванні ў галіне этнаграфіі ды папулярна выкладалі іх высновы, катастрафічна не хапае. Але правільна кажуць: хто папраўдзе хоча, той шукае, а хто не — знаходзіць апраўданні. Вось і атрымліваецца, што тыя ж вышыванкі ўсё часцей робяцца не на тканіне, а на канве: так прасцей ды хутчэй. У колеравых спалучэннях арнаментаў замест чырвонага з белым ці чорным з’яўляецца... зялёны (маўляў, у адпаведнасці з дзяржаўнай сімволікай), замест геаметрычных малюнкаў — мудрагелістыя звілістыя (для прыгажосці ці як мода на ўсходнія павевы?). Кошыкі з лазы ды драўляныя вырабы — шчодра заліваюцца лакам: яно ж блішчыць! Інкрустацыя саломкай імітуе жывапіс. Вырабляюцца з саломы і грувасткія (пры гэтым надзвычай ломкія, крохкія) рэчы, прыдатныя хіба для аздаблення выставачнай экспазіцыі, а не для ўжывання ў побыце.

 

А гэта — перспектыўна!

Менавіта кірунак  вяртання ў наш побыт лепшага з нацыянальных традыцый і з’яўляецца перспектыўным. Бо традыцыі трэба аднаўляць для далейшага існавання ды развіцця ў нашым жыцці. І Гродзеншчына тут, у параўнанні з некаторымі іншымі рэгіёнамі, у авангардзе. Узяць хаця б адметныя магніты на халадзільнік, што адразу кінуліся ў вочы ў час дэгустацыі традыцыйных страў. Кавалачак тканіны (ці канвы) з вышыўкай — як імітацыя ручніка, а пасярэдзіне — саламяны “павучок”, падобны да круглага бохана хлеба. Не хапае хіба празрыстай скарбоначкі, каб упакаваць у яе гэткі цуд. Кажуць, ідэя такога сувеніра выйшла з Гродзенскага раённага цэнтра рамёстваў. Гасцей фестывалю абдорвалі і тканымі вырабамі, спецыяльна замоўленымі для такога выпадку: торбачкай, “бранзалетам”, гальштукам — усё з нацыянальным арнаментам. Але чаму нічога “такога” не было сярод агульнай масы сувеніраў? Ну, хіба нешырокія тканыя паясы.

У Гудзевічах немагчыма было не спыніцца ля “вербачак” і кветкавых пано з грыбоў-трутавікоў Дамінікі Кавалёнак — адной з чатырох сёстраў (ім ад 70-ці да 82-х гадоў), якія ездзяць гандляваць сваімі вырабамі і ў Польшчу. Прыцягвала ўвагу і пазычаная ў замежжы ідэя шпажак для канапэ, палачак для кактэйляў — драўляных, са смешнымі выявамі агародных пудзілаў. Чаму б не развіваць ідэю і надалей? Тыя ж гудзевіцкія школьнікі выраблялі для гасцей закладкі. Але ж больш запатрабаванымі ў моладзі маглі б быць усё тыя ж бранзалеты, стужкі-абадкі для валасоў, падвескі-ўпрыгожванні для торбачак, заплечнікаў, футаралы для мабільнікаў — усё тое, чым мы будзем рэальна карыстацца. Дык дзе вы, крэатыўныя, дасведчаныя ў нацыянальных традыцыях мастакі?

 

Абмен досведам

Ужо на адкрыцці свята арганізатары падкрэслілі, што галоўны скарб Гродзеншчыны, як і ўсёй краіны, — яе людзі. Гэта і народныя майстры, якія праз свае вырабы злучаюць мінуўшчыну ды сучаснасць. Але ж з народам на фестывалі было не так “густанаселена”, як хацелася б. Запрашаліся каля паўсотні гасцей з усіх абласных Цэнтраў народнай творчасці, прычым за кошт арганізатараў. І хаця прыехалі прадстаўнікі ўсіх рэгіёнаў, колькасны склад дэлегацый аказаўся меншым. Затое тыя, хто пабываў на свяце, атрымалі каласальны абмен досведам.

А што ж так званая шырокая публіка? У аграгарадку яны была выключна мясцовай (ну не стаяць Гудзевічы на трасе), затое якой зацікаўленай! Ледзь не кожны прыкупіў сабе ў хату безліч сувеніраў. У Лідзе ажыятажу было менш. Праходзячы ўпершыню, свята не паспела яшчэ набыць розгалас па “сарафанным радыё”. Інфармацыя змяшчалася ў цэнтры горада, у мясцовым друку і тэлебачанні і ахапіла, такім чынам, хіба частку старэйшага пакалення. На абвесткі, зробленыя на прадпрыемствах, школах, не трэба было і разлічваць: у дзяцей — канікулы, у дарослых — працоўная пятніца. Самай актыўнай аўдыторыяй магла б стаць студэнцкая моладзь. Але ў тым жа Інтэрнэце праграма была змешчана хіба на афіцыйным сайце Лідскага райвыканкама і, вядома, не паспела абысці сацыяльныя сеткі.

Канцэрт творчых калектываў Лідчыны і Літвы доўжыўся не дзве з паловай гадзіны, як пазначалася, а больш за пяць. І завяршаўся нідзе не разрэкламаваным грандыёзным фаер-шоу гасцей, якое парушыла ўсе нашы ўяўленні пра гэтае вулічнае мастацтва. Аказалася, вогненная феерыя можа быць не хуткаплынным мільгаценнем “факіра на хвіліну”, а працяглай, драматургічна выверанай танцавальнай дзеяй, што развівае старадаўнія язычніцкія традыцыі і заканамерна завяршае буйную тэатралізаваную кампазіцыю. Умеюць жа літоўцы зрабіць сваім, нацыянальным, абсалютна ўсё, да чаго дакранаюцца, — кожную побытавую дробязь! І гэтаму нам у іх яшчэ трэба вучыцца.

/i/content/pi/cult/444/9265/13-2.jpeg

Чаму навучыліся?

У тым, што лідчане шмат чаму навучыліся, можна было пераканацца ў Доме народных рамёстваў, які невыпадкова прызнаны на конкурсе лепшым. Уразіла не толькі тое, што тут пачалі праводзіць вяселлі “па-беларуску”, але і распрацоўваюць сучасную маладзёжную моду — з беларускім каларытам. Гэта не калекцыі, што існуюць хіба на подыумах ды могуць быць прыдатныя для тэатральных фантазій, а ідэі, як разнастаіць паўсядзённую вопратку для тых жа падлеткаў. Дый экспазіцыі Лідскага замка, агляд якога разам з “Вяселлем Ягайлы” ўваходзіў у праграму, шмат у чым папаўняюцца праз “інтэрактыў” рыцарскага клуба “Дайнова” і гуртка ваеннай гісторыі Беларусі, што ўжо два гады існуе пры Цэнтры турызму.

Ды што казаць, калі сярод самых зацікаўленых “Скарбамі Гродзеншчыны” аказаліся не толькі непасрэдныя арганізатары — тая ж Ірына Дземянчук, дырэктар Гродзенскага абласнога метадычнага цэнтра народнай творчасці (інтэрв’ю з ёй чытайце ў адным з наступных нумароў “К”), але і абласное кіраўніцтва. Аляксандр Вярсоцкі — намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі аблвыканкама — правёў на фестывалі абодва дні, разам з жонкай і дочкамі, і зусім не як пасіўны назіральнік: ён і рыцарскія даспехі прымерваў, і цвік на шчасце каваў. Чым не прыклад?..

Мінск — Ліда — Гудзевічы — Мінск

Фота Дзяніса АНАНЬЕВА

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"