Ініцыятыва заснавання ордэна належыць колу беларускай інтэлігенцыі, якая вырашыла падтрымаць таленавітых самадзейных творцаў.
Анатоль Краўчук.
Гэта загадчык аддзела традыцыйнай культуры Брэсцкага абласнога грамадска-культурнага цэнтра Ларыса Быцько, дырэктар Музея малой Бацькаўшчыны ў Студзіводах (Польшча) Дарафей Фіёнік і вядомы мастак-ювелір Мікалай Кузьміч, дзякуючы залатым рукам якога ордэн пабачыў свет. Першапачаткова планавалася, што адзіным яго ўладальнікам будзе Мікалай Тарасюк, які сваімі работамі апраўдаў назву ордэна.
Тым не менш, сёлета з’явіўся і другі кавалер гэтай ганаровай грамадскай ўзнагароды. Так, нядаўна плён працы Мікалая Кузьміча накіраваўся ў вёску Крывая Бельскага павета, што на Беласточчыне, дзе адсвяткаваў 90-годдзе самадзейны мастак і паэт Анатоль Краўчук. Карэспандэнт “К” скарыстаўся магчымасцю пазнаёміцца з творцам ды пабываць у ягонай майстэрні.
Нягледзячы на свой узрост, Анатоль Краўчук актыўна працуе: ці не штодзень самабытны мастак бярэ ў рукі пэндзаль. Тонкае адчуванне прыроды (чаго толькі вартыя прыручаныя мастаком ластаўкі, якія жывуць у куратніку!), магчымасць бачыць хараство ў звычайных для іншых людзей рэчах — усё гэта дазваляе нават у такім сталым узросце знаходзіць сілы для творчасці.
А.Краўчук. "Драгічын".
Але ці стаў бы Анатоль Краўчук мастаком, каб не выпадак? Будучы творца нарадзіўся ў 1923 годзе на тэрыторыі Заходняй Беларусі ў вёсцы Крывая. Нягледзячы на творчыя здольнасці хлопчыка, сям’я не магла дазволіць плаціць за ягонае прафесійнае мастацкае навучанне. І толькі пасля далучэння Заходняй Беларусі да БССР ды прыходу савецкай улады юнак змог трапіць на вучобу ў Беластоцкі дом творчасці, дзе яго настаўнікам стаў знакаміты мастак Мікалай Чураба. Тая вучоба доўжылася колькі тыдняў, але, тым не менш, і сёння Анатоль Краўчук прызнае, што настаўнік значна паўплываў на развіццё ягонага індывідуальнага стылю.
На жаль, рэкамендацыю Мікалая Чурабы на паступленне ў Віцебск ён рэалізаваць не змог, бо сям’я не магла аплаціць навучанне. Юнак вярнуўся ў Крывую, пачаў працаваць на гаспадарцы і маляваць у вольны час… У час нямецкай акупацыі Анатоля вывезлі ў Германію на прымусовыя работы, дзе ён прабыў да 1945 года. Вяртаючыся з чужыны, малады мастак трапіў у Лунінец, дзе ў шпіталі пазнаёміўся са сваёй будучай жонкай Вольгай Корбут — цёткай вядомай беларускай гімнасткі. Пасля розных жыццёвых выпрабаванняў Анатоль Краўчук вярнуўся ў сваю родную вёску, дзе, акрамя цяжкай сялянскай працы, і да сённяшняга дня пераносiць на палатно вобразы вясковых хат ды сваё бачанне іх жыхароў, шматколернасць восеньскага лесу і кветак, якія растуць на ўчастку…
Прызнанне мастака адбылося не так даўно. Першая ягоная выстаўка адкрылася толькі ў 2002 годзе. У 2010-м жа ў Мастацкім музеі — філіяле Брэсцкага краязнаўчага музея — у рамках праекта з назвай “Ад сэрца да сэрца” творы Анатоля Краўчука выстаўляліся побач з работамі настаўніка Мікалая Чурабы. Пасля экспазіцыя пабывала ў гарадах Беларускага Палесся.
За жыццё Анатоль Краўчук стварыў сотні карцін. Іх вылучае бачанне свету, любоў да роднага краю. І сёння работы самадзейнага мастака знаходзяцца ў галерэях ды музеях Падляшша і Брэста, у прыватных калекцыях у Беларусі ды Польшчы.
Да слова, вырашана, што ордэн “За вернасць Бацькаўшчыне” будзе штогод знаходзіць кавалераў — тых асоб, якія, нягледзячы на дзяржаўныя межы, працуюць у сферы культуры на карысць сваёй Радзімы.
Мінск — Бельскі павет (Польшча) — Мінск
Фота аўтара