“Пісьмянкоў луг”: прэзентацыя ў Быхаве

№ 36 (1110) 07.09.2013 - 14.09.2013 г

З раніцы да вечара працавала пляцоўка “Душы выдатныя парывы” ў час Дня беларускага пісьменства. Паўтары гадзіны ўтрымлівалі ўвагу гасцей Быхава і касцюковіцкія артысты. Творчая прэзентацыя Абласнога свята паэзіі і аўтарскай песні “Пісьмянкоў луг” прайшла, як кажуць, на адным дыханні.

Дванаццацігадовы аўтар-выканаўца Артур Міроненка выканаў песню “Мама”. У процівагу многім сучасным артыстам, пранікнёна прагучалі аўтэнтычныя песні ў выкананні паэткі і спявачкі Ніны Бялугінай. Дадамо, што спевамі Ніны Сямёнаўны, а таксама песнямі яе бабкі Агапкі захапляліся пісьменнікі Ніл Гілевіч, Аляксей Пысін, Віктар Карамазаў.

Пад прыгожыя нацыянальныя матывы прагучалі вершы паэтаў прыбесядскага краю ў выкананні членаў народнага аматарскага аб’яднання “Літаратурная гасцёўня “Крынічка” пры Касцюковіцкай цэнтральнай бібліятэцы імя І.Г. Чыгрынава. Свае вершы, прысвечаныя роднай мове і славутым землякам, прачытала паэтка Святлана Даськова. Беларускамоўныя песні на словы паэтаў свайго рэгіёна прагучалі ў выкананні народнага вакальнага ансамбля “Альянс”, народнага ансамбля “Калініца”, ВІА “Этыкет”, гуртоў “Цуд-раніца” і “Чараўніцы”.

/i/content/pi/cult/444/9260/11-1.jpeg

Завяршыў імпрэзу верш Аркадзя Куляшова “Муза” ў суправаджэнні скрыпкі і танцоўшчыцы ў вобразе той самай паэтавай Музы. Пасля было нямала ахвотных, каб сфатаграфавацца на памяць з артыстамі ў прыгожых гістарычных касцюмах ХІХ стагоддзя.

Прыемным і прадуктыўным аказалася знаёмства з мінскім бардам Аляксеем Нежаўцом. Сапраўднай нечаканасцю стала тое, што ў багатым рэпертуары гэтага выканаўцы шмат песень на словы нашага земляка — Алеся Пісьмянкова. У планах Аляксея — выпуск дыска з песнямі на яго вершы. Абмяняўшыся падарункамі (ад касцюкаўчан — зборнік Пісьмянкова “Не знікай”, ад новага сябра — дыск з песнямі на словы беларускіх паэтаў), дамовіліся сустрэцца наступным разам на чарговым свяце паэзіі і аўтарскай песні “Пісьмянкоў луг”.

Таксама на пляцоўцы “Пісьмянкова луга” працавалі выстаўкі дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, тэматычная выстаўка краязнаўчага музея “Касцюкоўшчына літаратурная”, бібліятэчная выстаўка “Літаратурнае сузор’е Касцюкоўшчыны”. Шчыры інтарэс у гасцей выклікалі матэрыялы, прадстаўленыя на літаратурных паліцах. Яно і не дзіва: багаты ў нас зарапад талентаў!..

Наталля ДРОБЫШАВА, кіраўнік народнага аматарскага аб’яднання “Літаратурная гасцёўня “Крынічка” пры Цэнтральнай бібліятэцы імя І.Г. Чыгрынава

Касцюковічы

Фота Людмілы СМАЛЯКОВАЙ