Вернісаж-феерыя на Гікалы, 4

№ 1 (819) 05.01.2008 - 11.01.2008 г

З чароўнай скарбонкай, ці нават з райскім садам хацелася параўноўваць вернісаж, які зараз дэманструецца ў выставачнай зале Мінскага абласнога цэнтра народнай творчасці на вуліцы Гікалы, 4. На гэты раз у адной экспазіцыі тут сышліся адразу дзве выстаўкі — XV Рэспубліканская выстаўка Беларускага саюза майстроў народнай творчасці “Калядныя ўзоры” і ІІ абласная выстаўка-конкурс саламяных павукоў. І тое, і другое ўразіла настолькі, што я потым раіла наведаць гэтую выставачную залу ўсім сваім знаёмым.

 /i/content/pi/cult/143/926/Vernisazh.jpg
Выстаўка “Калядныя ўзоры” знамянуе сабой і 15-годдзе з дня стварэння Саюза майстроў народнай творчасці. У юбілейнай экспазіцыі побач з дасканалымі традыцыйнымі выцінанкамі, вырабамі з гліны і лазы, карункамі, саломкай і бісерапляценнем — не так даўно адроджаны мастацкі роспіс па шкле, шкляная пластыка з экзатычнымі птушкамі, дзіцячыя гульнёвыя і калекцыйныя цацкі, нават рыцарская зброя. Нібы асяняе ўсё гэта, надаючы і без таго прыгожай экспазіцыі рамантызму, залацістая феерыя амаль з сотні ажурных саламяных падвесак-павукоў усемагчымых канструкцый і з разнастайнай аздобай.
Убачыўшы на адкрыцці вернісажу загадчыка аддзела традыцыйнага мастацтва АЦНТ Віталя Каспяровіча, я не магла не выказаць яму свайго захаплення выстаўкай.
Старшыня Беларускага саюза майстроў народнай творчасці, доктар мастацтвазнаўства Яўген Сахута, “атакаваны” журналістамі, на пытанне: “Што новага можна ўбачыць у каляднай экспазіцыі сёлета?” не стамляўся адказваць, што галоўная задача Саюза — захоўваць старое, гэта значыць — традыцыі.
Аўтарку вытанчаных саламяных зорачак, кветак і анёлаў майстрыху-саломкапляцельшчыцу Алену Шабуня так і хацелася сфатаграфаваць каля ўпрыгожанай саламянымі цацкамі навагодняй ёлкі.
Другая саломкапляцельшчыца і гераіня аднаго з нашых матэрыялаў Наталля Бандарэнка ў фарсістым саламяным берэце ўласнага вырабу звяртае нашу ўвагу на вялікі, сплецены з саломкі, месяц і казачную істоту побач з ім, якую хтосьці з юных наведвальнікаў ахрысціў пакемонам. Але былая сцюардэса Наталля Бандарэнка ўпэўнена, што гэта — не інакш як Маленькі прынц.
— Вашы вырабы? — пытаюцца журналісты.— Ды не, — адказвае Наталля. — Я іх рэкламую, баюся, што не заўважаць.
Тым часам у выкананні прыгожай маладой пары — мужа і жонкі Сухіх гучалі калядныя песні. Наталля — вядучы спецыяліст па народных промыслах АЦНТ і вядомая майстрыха-выцінаншчыца — спявала. Дзяніс— дудар і майстар па вырабе дудаў — на гэты раз граў на скрыпцы.

Наталля РУСАК
Фота аўтара