Аплявуха ад майстра ў якасці ганарару

№ 36 (1110) 07.09.2013 - 14.09.2013 г

Конкурс рок-каманд: ніхто не агаломшыў навізной, а вось банальнасцей хапала...

Маштабны міжнародны конкурс “The Global Battle of the Bands” (“Вялікая бітва каманд”) часта параўноўваюць з “Еўрабачаннем” у галіне рок-музыкі. Сёлета сярод яго краін-удзельніц ізноў фігуруе і наша: Беларусь вяртаецца пасля пяцігадовага перапынку. Генеральны прадзюсар айчыннага этапа GBOB Аляксандр Мышалаў перакананы: дзякуючы дэмакратычным прынцыпам і прафесійнаму адбору спаборніцтва здатнае істотна змяніць атмасферу ў айчыннай рок-музыцы. Яго першыя туры яшчэ і засведчылі, што наяўныя праблемы носяць не толькі аб’ектыўны характар.


“Стоп у развіцці”

Ці не кожны дзень хтосьці з юных суайчыннікаў прачынаецца Мікам Джагерам або Полам Макартні. І ўжо праз тыдзень-другі яго нага няўпэўнена торкае “бэушную” педаль “дысторшна”, пакуль ягоны аднакурснік Коля, які не так даўно прачнуўся Джонам Бонэмам, вучыцца адбіваць просты рытм.

Кожны кандыдат на ўдзел у GBOB у “візітоўцы” павінен быў падзяліцца марай. Яны ледзь не ва ўсіх былі прыземленымі, але затое шчырымі: раскруціцца, зарабляць уласнай музыкай грошы…

Пачатак кар’еры, як правіла, адбываецца дзе-небудь у падвале або гаражы. Ды звычайна там і заканчваецца. Няздзейснены Бонэм ідзе працаваць у сетку фастфуда, а нерэалізаваны Джагер састрыгае патлы і завязвае гальштук, бо гэтага патрабуе дрэс-код яго фірмы па продажы ўгнаенняў ці аргтэхнікі. Абставіны пакуль мацнейшыя за яго...

Хадзячая фраза “штурм бастыёнаў шоу-бізнесу” амаль не мае да нашых рэалій дачынення, бо штурмаваць няма чаго...

Куды можа сунуцца малады гурт, які лічыць сябе перспектыўным?.. Дасылаць свае дэма-запісы на лэйблы? Дык у эпоху “торэнтаў” яны ледзьве ліпеюць, займаючыся функцыямі пасярэдніка паміж заводам, дзе “наразаюць” дыскі, і музыкантамі, за кошт апошніх. Укладаць грошы ў прадзюсаванне (як гэта і было ў часы “бітлоў”) наўрад ці хто з нашых фірм наважыцца — хіба на філантрапічных пачатках...

З музычнай прэсы мы ведаем, што ледзь не ўсе сусветныя знакамітасці пачыналі свой шлях з маленькіх пракураных клубаў, схільных да арыгінальнага рэпертуару. Але ж на Беларусі і з імі — бяда. Падобныя ўстановы нават у Мінску можна пералічыць па пальцах адной рукі.

— Месцаў з “жывой музыкай” у нас значна больш, але ж там зазвычай валадараць разнастайныя кавер-бэнды, — удакладняе Аляксандр Мышалаў. — А кавер-бэнд — гэта стоп у развіцці!

Менавіта таму прынцыповай умовай GBOB стаў не толькі жывы гук (што, канешне ж, нават не абмяркоўваецца), але і арыгінальны рэпертуар. Няхай сабе і недасканалы ў кампазітарскім альбо паэтычным вымярэнні, аднак — арыгінальны!

Сярод удзельнікаў айчынных кавер-бэндаў часцяком можна заўважыць тых выдатных музыкантаў, хто раней выпраменьваў здаровыя амбіцыі ды здолеў іх трохі рэалізаваць. І гэта адлюстроўвае яшчэ адну прыкрую тэндэнцыю: нават у тым выпадку, калі маладая каманда ўсё ж здолее адарвацца ад зямлі, займець лакальную папулярнасць ды атрымаць пару-тройку прэмій (балазе “Рок-каранацыя” ў апошнія гады вегетатыўна распладзілася), гэта абсалютна не азначае якіх-кольвечы істотных зрухаў у яе кар’еры. Усё тыя ж рэдкія канцэрты ў рэдкіх клубах за сімвалічны ганарар, які не акупляе нават “вытворчых” затрат…

І такі статус-кво — стамляе. Мабыць, таму і заціх ці не самы яркі рок-прарыў апошняга дзесяцігоддзя — феерычны хрысціянска-аберыуцкі “Фляўс і Кляйн”. Пад “медныя трубы” разнастайных конкурсаў… Апошнія не дапамаглі і шыкоўнаму неафольк-акту “Osimira”, які не так даўно спыніў існаванне.

— Прычына ў тым, што ўсе лакальныя конкурсы не даюць самага галоўнага — магчымасці выйсця на міжнародныя абшары, — перакананы Аляксандр Мышалаў. — І прачнуўшыся на наступны дзень, пераможцы разумеюць, што іхнія мары так і засталіся марамі: нічога не змянілася…

GBOB адкрывае для беларускіх музыкантаў гэтыя абшары. Пераможца нацыянальнага этапа выправіцца на фінал у Бангкок, а ўжо калі пашчасціць і там “адзначыцца”… Тады мары і сапраўды могуць здзейсніцца. Гаворка нават не столькі пра галоўны прыз (яго грашовае вымярэнне ўтрымлівае пяць нулёў, аднак… прыз адзін!), колькі пра магчымасць зацікавіць сабой цэлую плойму прадзюсараў з усяго свету, папаездзіць у міжнародныя туры, завязаць кантакты… Адным словам, аўчынка вартая вырабу.


Стымулы не спрацавалі

Урэшце, для маладога гурта такі конкурс важны і сам па сабе. Гэта акурат той адрас, куды ён можа падаць заяўку ды быць упэўненым, што яго не толькі пачуюць, але і выслухаюць. “Паважныя дзядзькі” з журы ацэняць, узважаць… і, натуральна, надаюць крытычных аплявух. Як жа інакш? Такая магчымасць — унікальная для Беларусі. Да “Глабальнай бітвы” нешта падобнае ў нашай гісторыі здаралася хіба некалькі разоў. Прычым самым маштабным стаў фэст “Тры колеры-3”, зладжаны пад эгідай Ленінскага камсамола ў далёкім 1989 годзе…

— Да выбару членаў журы мы падыходзілі з асаблівай карпатлівасцю , — адзначае Аляксандр Мышалаў. — Хацелася бачыць у ім не проста суплёт разнапланавых прафесіяналаў, але і тых людзей, якія не застаяліся ў сваім развіцці. Мяркую, гэта аднолькава датычыцца літаральна кожнага з “суддзяў” — ад заслужанага артыста Рэспублікі Беларусь Уладзіміра Ткачэнкі да лідара “Князя Мышкіна” Леаніда Нарушэвіча, што вось ужо які год выяўляе альтэрнатыўны погляд на музыку як такую…

У “калегію прысяжных” увайшлі і легендарны ды-джэй Андрэй Халадзінскі, і ўсім вядомы музычны крытык Андрэй Клімаў, і Ігар Варашкевіч з гурта “Крама”… Таму нават сама магчымасць пачуць узважанае крытычнае выказванне пра сваю творчасць (а яго павінен быў агучыць кожны член журы пра кожнага канкурсанта) мусіла стымуляваць маладых музыкантаў. Не кажучы ўжо пра тое, што гэтыя выказванні неўзабаве маюць з’явіцца на экранах тэлеканалаў “Беларусь 2” і “Беларусь 24” разам з самімі выступленнямі…

Тым не менш, згаданыя стымулы чамусьці не спрацавалі. На конкурс было пададзена трохі больш за тры дзясяткі заявак, потым некалькі гуртоў адсеяліся самі сабой, забяспечыўшы роўны лік… Відавочна, гэта вельмі мала.

Першы этап нацыянальнага конкурсу, які меўся ўключаць рэгіянальныя адборачныя туры, быў прапушчаны арганізатарамі цалкам абачліва: пры такой актыўнасці не было б з каго выбіраць! З-за межаў Мінска паступілі хіба лічаныя заяўкі. Гэта тым больш дзіўна, асабліва калі ўлічыць, што рэгіянальныя каманды і ўвогуле вырачаны варыцца ва ўласным соку ды граць хіба для знаёмых дзяўчатак — ніякі сталічны прадзюсар ніколі да іх не прыедзе, “гарызантальныя” сувязі ў нас пакуль наладжаныя вельмі слаба, а пэўная папулярнасць гурта “B:N” з маленькага гарадка Бяроза — відавочнае выключэнне з правілаў.

Тым больш, конкурс адметны яшчэ і тым, што ён не абмінаў увагай нават тыя стылі рок-музыкі, якія лічацца ў нас катэгарычна нефарматнымі, а гэтая характарыстыка гучыць бы прысуд. Дэс-металічны “Blood Lust” нават прабіўся ў фінал — жорсткі гроўлінг ані не спалохаў журы. Аляксандр Мышалаў таксама лічыць “дыскрэдытацыю” экстрэмальнай музыкі крыху надуманай.

— Я быў на фінале апошняга GBOB у Лондане, і вось паглядзіце, што выраблялі там шатландскія канкурсанты, — уключае ён свой смартфон, па экране якога скача сярод публікі шалёны лысы хлопец. — Адпаведна, гэтая музыка — у трэндзе. Як і рэгей, і блюз, і шмат што яшчэ.


Дэвальвацыя музычных каштоўнасцей

Відавочна, прычына такой нізкай актыўнасці заключаецца зусім не ў браку патэнцыйных канкурсантаў (праходзячы міма разнастайных ДК і нават СДК, нашы карэспандэнты раз-пораз чулі гітарны скрыгат з прачыненых вокнаў). А ў чым тады? Гэтае пытанне, відаць, давядзецца пакінуць без адказу: тут нават на гіпотэзы цяжка наважыцца. Вось і ў легендарнага Уладзіміра Ткачэнкі ўзнікла думка, што лепшыя чамусьці не падалі заяўкі на ўдзел у конкурсе.

 — Агульны ўзровень калектываў я магу ахарактарызаваць як вельмі нізкі, — шчыра канстатаваў ён. — Было некалькі “пробліскаў”, якія вылучаліся на непрыглядным агульным фоне, аднак у цэлым маладыя музыканты пакуль не парадавалі…

І сапраўды, сярод тых калектываў, якія давялося ўбачыць (а абсалютная большасць сярод іх — самыя што ні ёсць “неафіты”), ніводзін не агаломшваў хаця б нават свежасцю задумы, не кажучы ўжо пра бездакорны прафесіяналізм. З гэтым увогуле пакуль праблема. Уладзіміру Ткачэнку належыць выканаць няпростую задачу: уручыць спецыяльны прыз для лепшага гітарыста. Прыз, трэба адзначыць, не сімвалічны — гэта той інструмент, пра які можа толькі марыць “рэгіянальны” Джымі Пэйдж. Але…

— Мы ўжо тут жартавалі ў журы, што гэты падарунак лепш за ўсё аддаць бубначцы з гурта “Avias”, — кажа Уладзімір Ткачэнка. — Бо за тэхніку ігры на гітары, на вялікі жаль, адзначаць проста няма каго: ніводнага запамінальнага сола. Бубначоў добрых з дзясятак было, басісты — таксама больш-менш, а вось гітарысты… Ды і вакал — тое ж самае: хіба пара-тройка салістаў прадэманстравала хоць нейкую стабільнасць у інтанаванні, а ўсе іншыя — поўная самадзейнасць…

Бубначку Віку, адзначу, асаблівым словам згадалі не раўнуючы ўсе члены журы — падобна, менавіта яна стане самай яркай асобай конкурсу. Асабліва калі ўлічыць, што з асобамі, на жаль, увогуле цяжкавата. На думку мэтра, прычына такога стану рэчаў — акурат у марах ды прагненнях маладых музыкантаў. Ім хочацца вядомасці, грошай, славы…

— Калі я пачынаў, калі пачыналі іншыя музыканты з майго пакалення, мы прагнулі, прызнацца шчыра, зусім іншага: навучыцца граць, — згадвае Уладзімір Ткачэнка. — Вучыцца тады асабліва не было дзе (зрэшты, як і цяпер), але мы працавалі ў поце чала, пераймалі сёе-тое адно ў аднаго і неяк удасканаліліся. Мабыць, менавіта таму Мінск некалі называлі горадам гітарыстаў…

Цікава, але ўражанні Леаніда Нарушэвіча супадалі з пазіцыяй Уладзіміра Ткачэнкі амаль слова ў слова. Ён таксама казаў пра пэўную “дэвальвацыю каштоўнасцей”, што адбываецца на айчыннай рок-сцэне:

 — Раней вялікае значэнне мела валоданне інструментам, а таксама тэксты, асабліва калі на “мове”. А цяпер… Баюся, многія канкурсанты нават не зразумеюць, паводле якіх крытэрыяў мы іх ацэньваем.

І яшчэ. Уладзімір Ткачэнка закрануў вельмі важную праблему: няма дзе ўдасканальвацца. Дзесьці — як, напрыклад пры Гомельскім гарадскім цэнтры культуры, — існуюць “школы маладога байца”, але… Гэта, хутчэй, выключэнне з правілаў. І таму сама сабой з’яўляецца прапанова: чаму б у перспектыве не скарыстаць той часавы прамежак, што аддзяляе адборачныя туры беларускага GBOB ад яго фіналу (сёлета ён — у кастрычніку) для правядзення майстар-класаў? Можа, нават з тэлеверсіяй — на ўзор “Фабрыкі зорак”.

— Урэшце, самае галоўнае — гэта пачаць, — перакананы Уладзімір Ткачэнка. — Калі конкурс стане традыцыяй, ён сам сабой зробіцца стымулам для маладых гуртоў, прымусіць іх рыхтавацца ды адточваць тэхніку. Таму спадзяюся, што ўжо на наступны год мы ўбачым зусім іншую карціну…

За бітвай рок-музыкантаў сачыў Ілья СВІРЫН


Меркаванне ў тэму

Ацалелыя "кураняты"

У адборачных турах на ўдзел у міжнародным конкурсе “The Global Battle of the Bands” ад Беларусі было ажно 30 кандыдатаў. Не пагаджуся з тымі, хто лічыць, што гэта замала. Наадварот, гэта непараўнальна многа — ажно зашкальвае! Бо справа не ў тым, колькі ўвогуле ў нас рок-гуртоў, уключаючы так званы дваровы рок, а ў тым, колькі з іх у стане рэальна ацаніць свае сілы. Не па прынцыпе: маўляў, нашым сябрам падабаецца, а — раўняючыся на сапраўдны міжнародны ўзровень.

Уласна кажучы, папярэднія вынікі праслухоўванняў у тым і пераканалі. Адзіная надзея, што да другога адборачнага этапа на GBOB, які пройдзе ўвосень, калі традыцыйна падлічваюць ацалелых "куранят", вылучаныя гурты прыбавяць хаця б крыху балаў да сваёй творчай формы і мастацкай вагі. Але ж колькі можна паспець за той час, што застаўся? Як ні круці, а ў музычным мастацтве разлічваць на хуткія тэрміны не даводзіцца: усё напрацоўваецца спакваля, а не з наскоку ды разбегу. Вынік у той жа ігры на гітары — стабільны, замацаваны — не можа ўзнікнуць адразу. А вось разбурыць штосьці — як абаранак з'есці: не будзеш займацца — тэхніка адразу страціцца, застанецца хіба “тэарэтычнае” ўяўленне таго, як гэта павінна быць. Пакуль жа наша “альтэрнатыўная плынь” (дакладней, тыя, хто сябе да яе прылічвае) не дасягнула нават самога ўяўлення пра “што такое добра, а што такое дрэнна”. Усе — зоркі.

Многія чамусьці лічаць, што галоўнае — прыдумаць для сваіх “першых спроб” мудрагелістую назву стыля, якой раней не было. Авалодваць сусветна вядомымі кірункамі — залішняе. Бо новая назва адразу стварае адчуванне, што параўноўваць апрыёры няма з чым. А значыць — вось яна, жаданая індывідуальнасць, што ўзнікае, лічыце, на пустым месцы. Рэальна новага — нічога, акрамя спалучэння літар. Але ж колькі ганарлівасці! Нават мастакі паводзяць сябе больш сціпла, называючы свае міксты “аўтарскай тэхнікай”. І гэтае спалучэнне няўмеласці з пыхай мае не столькі эстэтычныя, колькі сацыяльныя карані. Бо, да прыкладу, на тым жа “Славянскім базары ў Віцебску” прадстаўнік расійскага шансона не саромецца прылюдна давесці, што пакуль сядзеў, прабачце, у прыбіральні, паспеў развучыць тры акорды на гітары, якімі карыстаецца і дагэтуль. Дык чым “альтэрнатыва” горшая?

Я не абагульняю. Але так ужо закладзена ў псіхалогіі, што лепшыя, здараецца, не спяшаюцца вось так адразу — і на міжнародную прастору. Чым больш дасягнута, тым больш здаецца, што гэта — мала. Тыя ж, каму губляць няма чаго, пхнуцца ва ўсе дзіркі, абы тыя былі больш-менш прэстыжнымі. Мы ўдзельнічалі ў міжнародным адборы! Як гэта было насамрэч — забудзецца, факт — застанецца. Таму на ўсіх конкурсах, асабліва калі яны яшчэ толькі пачынаюць “раскручвацца”, існуе практыка не “самацёку”, а спецыяльнага запрашэння моцных удзельнікаў: каб тыя адразу ўтваралі патрэбны ўзровень. Пакуль жа — будзем спадзявацца, што калі практыка вылучэння на GBOB захаваецца, дык наступным разам сітуацыя будзе лепшай. Бо сёння магчымасцей для той жа самаадукацыі куды больш, чым раней. У параўнанні з тымі ж савецкімі дзесяцігоддзямі, не хапае хіба... забароны. Няўжо менавіта яна была стымулам? Вядома, не. Але выступала своеасаблівым “сітам”, што пакідала ў альтэрнатыўных напрамках толькі тых, хто без гэтага не ўяўляў свайго жыцця. А значыць — працаваў ды працаваў...

Надзея БУНЦЭВІЧ