Так, Марк Шагал з’ехаў у Францыю ў 1923 годзе і ніколі больш не вярнуўся ў горад на Заходняй Дзвіне, але ўсё жыццё песціў нябесны Віцебск у сваіх творах.
Казімір Малевіч… Па шчырасці, мне ўсё роўна, дзе ён нарадзіўся, бо на нашай зямлі творца правёў самыя важныя свае гады. Гаворка — пра 1920-я. Народнае мастацкае вучылішча ў Віцебску, дзе ўзнік УНОВИС — першае аб’яднанне апалагетаў супрэматызму, а па сутнасці — з’ява і вяха ў гісторыі сусветнага авангарда. Захаваўся будынак, дзе ў поглядах на мастацтва спрачаліся Шагал і Малевіч, дзе выспявала мастацкая мова Лісіцкага, Суэціна, Чашніка, Коган ды іншых. Захаваўся пакой, дзе нарадзілася дачка Казіміра Севярынавіча, якую ён назваў у гонар суполкі — Унай… Ці ж гэта не гісторыя, якую можна паднесці з такім запалам, прыкладамі, сведчаннямі? Ці ж гэта, выбачайце, не спадчына, якая дае падставу лічыць Малевіча, у пэўнай меры, “нашым”?
Хаім Суцін… Так, ён не маляваў Смілавічы на сваіх палотнах. Так, ён правёў у родным гарадку не так і шмат часу, аднак… Які лёс! Які мастак! Суцін збег ад асяродка тагачаснага мястэчка, што высмейвала ягонае захапленне жывапісам. Дзесяць гадоў ён пражыў у Францыі ў галечы, шмат галадаў. І стварыў работы, што праславілі яго на ўвесь свет. Ізноў-такі, мне не зразумела: чаму мы павінны адмаўляцца ад выбітнага мастака, які падарыў свету “Чырвоныя гладыёлусы”, калі ягоная малая радзіма знаходзіцца на тэрыторыі нашай краіны? Можа быць, у нас дастаткова культавых постацей? А можа, мы проста не ведаем пра ягоны талент?..
Справа, падаецца, у іншым. Мы шукаем ідэальнага героя, які адпавядаў бы нашым — здаецца, натуральным, — патрабаванням: нарадзіўся, жыў, ствараў/перамагаў (і нават памёр) тут. Але чаму суседнім дзяржавам зусім не перашкаджаюць ліцвінска-беларускія карані многіх постацей, каб упісаць апошніх у сваю “багатую гісторыю”? Польшча лічыць цалкам “сваімі”, да прыкладу, Адама Міцкевіча з вёскі Завоссе колішняга Наваградскага павета, Станіслава Манюшку з маёнтка Убель на Міншчыне, Напалеона Орду з Варацэвічаў Пінскага павета, Тадэвуша Рэйтэна з маёнтка Грушаўка на Наваградчыне… Літва не мае комплексаў называць амаль усіх князёў Вялікага Княства Літоўскага — літоўскімі, а Расія зусім не цураецца атаясамліваць землякамі ўсіх, каго не прызнала Беларусь, — таго ж Шагала, Суціна ды ўсіх прадстаўнікоў Віцебскай школы…
Мы ж усё саромеемся.
Сёлета ў латвійскім Даўгаўпілсе быў адкрыты Арт-цэнтр Марка Роткі — сусветна вядомага мастака, які нарадзіўся на колішніх нашых землях у 1903 годзе. Пражыў будучы заснавальнік "жывапісу колеравага поля” Марк Ратковіч у Дзвінску Віцебскай губерні каля дзесяці гадоў — і разам з бацькамі з’ехаў у ЗША. Здавалася б, ну навошта латышам важдацца з гэтым, вынікаючы з беларускай логікі, эмігрантам? Аднак робіцца стаўка на гэтае імя на дзяржаўным узроўні — і адкрываецца не проста звычайная галерэя ў гарадку, а шматфункцыянальны Цэнтр сучаснага мастацтва, культуры і адукацыі.
Філіп Халсман, фатограф, які лічыцца пачынальнікам “сюррэалізму” ў фатаграфіі, нарадзіўся на тэрыторыі Расійскай імперыі на пачатку ХХ стагоддзя — у Рызе. І таксама з’ехаў назаўжды. Але латышы ў 2011 годзе ў сваёй сталіцы паставілі помнік стваральніку знакамітай серыі “Скачок”, якая стала класікай фотамастацтва. Я не хачу сказаць, што дзеянні нашых суседзяў — выключна ўзорныя. Так, постаць Эміліі Плятэр, чыё дзяцінства прайшло ў вёсцы Ліксна ў Даўгаўпілскім краі, увекавечана толькі памятным каменем, і, на маю думку, гэтага недастаткова. Але ж у галоўным нашы руплівыя суседзі маюць рацыю: яны разумеюць, што стварэнне культурных міфаў, прыватызацыя “сваіх” знакамітасцей — не толькі сімвалічны, але і рэальны капітал краіны. І пакуль мы “выбіраем” ды капрызім, яны не толькі “столбят” імёны асоб нашай агульнай гісторыі, але і зарабляюць на іх.
Гісторыя нашай зямлі — гэта наш сумесны праект. Як і наша сучаснасць. Кожны з нас з’яўляецца яе стваральнікам. Знайдзіце сваю гістарычную постаць, а калі няма — стварыце і расказвайце пра яе “на ўсіх кутах”. Чым больш будзе міфаў, у якія мы верым, тым больш будзе людзей, якія павераць у нас…
Каментарыі: