У гонар Песняроў Купалы і Коласа

№ 1 (819) 05.01.2008 - 11.01.2008 г

У сувязі са святкаваннем ў 2007 годзе 125-годдзя з дня нараджэння народных паэтаў Беларусі Янкі Купалы і Якуба Коласа і ў мэтах выканання адпаведнага Плана мерапрыемстваў Пасольствам і консульскімі ўстановамі Беларусі ў Польшчы быў падрыхтаваны і рэалізаваны шэраг акцый і імпрэз, прысвечаных юбілею беларускіх Песняроў.

 /i/content/pi/cult/143/925/U gonar pesnyarou1.jpg/i/content/pi/cult/143/925/U gonar pesnyarou2.jpg 
Па прапанове Пасольства гарадская рада горада Гайнаўкі 30 мая 2007 года надала дзвюм вуліцам горада імёны Янкі Купалы і Якуба Коласа.  Прыняццю гэтага рашэння спрыялі ініцыятывы Пасольства цягам апошніх двух гадоў па ўвекавечванні ў Гайнаўцы памяці Янкі Купалы і Якуба Коласа. У Музеі і асяродку беларускай культуры, Комплексе школ з дадатковым вывучэннем беларускай мовы ў Гайнаўцы былі праведзены Дні і Вечары беларускай культуры, Дні беларускага кіно, 8 мастацкіх і дакументальна-мастацкіх выставак, у тым ліку прысвечаных Янку Купалу і Якубу Коласу з удзелам дзяржаўных літаратурных музеяў Беларусі, і іншыя мерапрыемствы, адбыліся неаднаразовыя сустрэчы Пасла Беларусі П.Латушкі з кіраўніцтвам і прадстаўнікамі грамадскасці горада.
І вось цяпер Музей і асяродак беларускай культуры ў Гайнаўцы знаходзіцца на вуліцы Янкі Купалы.
Вельмі важна, што наданне дзвюм вуліцам імёнаў класікаў беларускай літаратуры адбылося ў год іх юбілеяў і ў горадзе, у якім большасць жыхароў маюць беларускую нацыянальнасць і падтрымліваюць пастаянныя стасункі з Беларуссю, дзе шмат гадоў існуюць і плённа дзейнічаюць Комплекс школ з дадатковым вывучэннем беларускай мовы, Музей і асяродак беларускай культуры.
У сувязі з гэтай падзеяй і напярэдадні дня нараджэння Янкі Купалы Пасольствам Беларусі ў Польшчы разам з Генконсульствам Беларусі ў Беластоку пры падтрымцы Міністэрства культуры Беларусі 6 ліпеня 2007 года ў Музеі і асяродку беларускай культуры ў Гайнаўцы было праведзена Свята беларускай культуры, прысвечанае 125-годдзю з дня нараджэння нашых Песняроў. У час свята адбыліся адкрыццё выстаўкі “Мой родны кут” твораў народнага мастака Беларусі, дырэктара Музея сучаснага выяўленчага мастацтва ў Мінску Васіля Шаранговіча, прэзентацыя відэафільма “Карані” (аб дзейнасці беларускай меншасці ў Польшчы), знятага Белтэлерадыёкампаніяй, выступленне ансамбля Белдзяржфілармоніі “Купалінка”. Адначасова была адкрыта выстаўка-прэзентацыя мастацкіх вырабаў і сувенірнай прадукцыі Дзяржаўнага аб’яднання “Белмастацпромыслы”.
У час свята беларускай культуры адбылося таксама ўзнагароджанне ганаровымі дыпломамі і каштоўнымі падарункамі Пасольства пераможцаў 13-й Усяпольскай алімпіяды па беларускай мове, заключныя мерапрыемствы якой былі праведзены ў чэрвені ў Мінску на базе Беларускага дзяржаўнага універсітэта. Музею і асяродку беларускай культуры і гарадской бібліятэцы ў Гайнаўцы былі перададзены падборкі твораў беларускіх класікаў, а Комплексам школ з дадатковым вывучэннем беларускай мовы ў Гайнаўцы і Бельску Падляскім— бібліятэчкі беларускай вучэбна-метадычнай літаратуры. Удзельнікі свята змаглі набыць кнігі з творамі Янкі Купалы і Якуба Коласа, беларускія музычныя запісы.
Лагічным працягам Свята беларускай культуры ў Гайнаўцы стала традыцыйнае народнае “Купалле” ў Белавежы, якое праводзілася Беларускім грамадска-культурным таварыствам у Польшчы пры падтрымцы Пасольства і кіруючых органаў гміны Белавежа ўжо 23-ці раз. У час канцэртнай праграмы свята выступілі звыш 20 беларускіх аматарскіх калектываў з Падляскага ваяводства, а таксама творчыя калектывы з Пружанскага раёна і ансамбль Беларускай дзяржаўнай філармоніі “Купалінка”.
23 чэрвеня 2007 года па ініцыятыве і пры садзейнічанні Пасольства і Генкольсульства Беларусі ў Гданьску, пры фінансавай падтрымцы МЗС Беларусі на вуліцы Янкі Купалы быў адкрыты памятны знак у гонар народнага паэта Беларусі. Ва ўрачыстасці прынялі ўдзел прэзідэнт Гданьска П.Адамовіч, Генконсул Беларусі ў Гданьску Р.Есін, Генконсул Беларусі ў Беластоку М.Аляксейчык, прадстаўнікі грамадскасці горада і беларускай меншасці.
25 чэрвеня 2007 года ў бібліятэцы Гданьскага універсітэта адбылося ўрачыстае адкрыццё выстаўкі “Мне сняцца сны аб Беларусі...”, прысвечанай 125-годдзю з дня нараджэння Янкі Купалы. На выстаўцы былі прадстаўлены плакаты і кнігі пра жыццёвы і творчы шлях Песняра. У адкрыцці выстаўкі прынялі ўдзел Генконсул Беларусі ў Гданьску Р.Есін, прадстаўнікі Гданьскага універсітэта і беларускія студэнты, якія вучацца ў гэтай навучальнай установе, а таксама актыў і члены Беларускага культурнага таварыства “Хатка”.
Па ініцыятыве Генконсульства Беларусі ў Гданьску і пры садзейнічанні Пасольства была таксама праведзеназ 20 верасня па 15 кастрычніка 2007 года выстаўка мастацкіх твораў В.Шаранговіча “Мой родны кут”, прысвечаная 125-годдзю з дня нараджэння Я.Купалы і Я.Коласа ў Музеі кашубска-паморскай музыкі і пісьменства ў г. Вейхярова Паморскага ваяводства.
Мастацкія творы В.Шаранговіча з выстаўкі “Мой родны кут” дэманстраваліся таксама ў час урачыстых прыёмаў, прысвечаных Дню незалежнасці Рэспублікі Беларусь, праведзеных Пасольствам і Генконсульствам у Варшаве і Гданьску.
25 кастрычніка 2007 года ў Варшаве ў Беларускай зале Пасольства прайшоў вечар, прысвечаны 125-годдзю з дня нараджэння народных паэтаў Беларусі, на якім прысутнічалі паслы Азербайджана, Грузіі, Казахстана, Малдовы, Украіны, прадстаўнікі Пасольства Расіі, Міністэрства замежных спраў Польшчы, іншых арганізацый, беларускай дыяспары, супрацоўнікі Пасольства. Удзельнікі вечара змаглі азнаёміцца з выстаўкай В.Шаранговіча “Мой родны кут”, падборкай кніг беларускіх класікаў. З вялікай цікавасцю прысутнымі было ўспрынята канцэртнае выступленне эстраднага ансамбля беларускай меншасці “Прымакі” з г. Беластока, які выканаў песні на вершы беларускіх класікаў.
Таксама 25 кастрычніка ў сярэдняй школе пры Пасольстве Расіі ў Польшчы адбыўся Дзень беларускай культуры, прысвечаны 125-годдзю Я.Купалы і Я.Коласа. Настаўнікі і вучні школы, а таксама запрошаныя госці змаглі азнаёміцца з жыццём і дзейнасцю класікаў беларускай і сусветнай літаратуры, мастацкай выстаўкай В.Шаранговіча “Мой родны кут”, паслухаць выступленне эстраднага ансамбля “Прымакі”. Ад імя Пасольства Беларусі ў Польшчы для бібліятэкі расійскай школы была перададзена падборка кніг Я.Купалы і Я.Коласа.
17 снежня 2007 года ў рамках Усяпольскага конкурсу польскай мовы ў Варшаве прайшоў 7-мы адкрыты Чэмпіянат Польшчы па Калядных і Навагодніх віншаваннях, арганізатарам якога з’яўляецца часопіс “Салідная фірма”. У конкурсе прымалі ўдзел вядомыя польскія дзеячы культуры, журналісты, члены Парламента, палітыкі. У конкурсе прымаў удзел Пасол Беларусі ў Польшчы П.Латушка. (Пра чэмпіянат і яго вынікі “К” паведамляла ўжо. — Рэд.)
Па ініцыятыве Пасольства прапрацоўваецца пытанне аб устаноўцы на будынку Музея і асяродка беларускай культуры ў Гайнаўцы мемарыяльнай дошкі “Да 125-годдзя народных паэтаў Беларусі Янкі Купалы і Якуба Коласа і ў сувязі з наданнем іх імёнаў вуліцам Гайнаўкі”.Усе вышэйзгаданыя мерапрыемствы шырока асвятляліся СМІ Польшчы, у тым ліку выданнямі і радыёпраграмамі для белменшасці Польшчы, а таксама СМІ Беларусі.

Прэс-служба Пасольства
Рэспублікі Беларусьу Рэспубліцы Польшча