Рашэнне аб рэарганізацыі было прынята два месяцы таму, пасля чаго ўнеслі карэктывы ў статут “Беларусьфільма”. А 19 жніўня, пасля рэгістрацыі новай рэдакцыі статута, Нацыянальная кінастудыя стала правапераемнікам усіх маёмасных і немаёмасных правоў ды абавязкаў “Белвідэацэнтра”. Ён жа, у сваю чаргу, атрымаўшы назву “Студыя спецыяльных кінапраектаў “Беларускі відэацэнтр”, стаў падраздзяленнем “Беларусьфільма”. Кіраўніком новай структурнай адзінкі прызначана
Алеся Жорнікава, якая раней у “Белвідэацэнтры” адказвала за маркетынг.
Мы звярнуліся да спадарыні Жорнікавай з просьбай расказаць, як рэарганізацыя паўплывала на тэхнічныя магчымасці і творчыя планы “Беларускага відэацэнтра”.
— Сёння пра творчыя планы казаць, мабыць, зарана, — адказала Алеся Ігараўна. — Рэарганізацыя — справа не аднаго дня. Адбываецца аб’яднанне тэхнічных служб, бухгалтэрый, усяго, што якраз і забяспечвае творчы працэс. Гэтым мы шчыльна займаемся ў дадзены момант. На перспектыву ж магу сказаць адно: будзем імкнуцца не згубіць напрацаваны гадамі патэнцыял, захаваць і развіць усё добрае, што маем...