Пагадненне падпісалі міністр культуры Барыс Святлоў і старшыня Белтэлерадыёкампаніі Генадзь Давыдзька. Яно прадугледжвае сумесную дзейнасць у сферы вытворчасці, распаўсюджвання і прасоўвання ў сучаснай медыяпрасторы культурнага кантэнту. Таксама былі вызначаны магчымасці далейшай актывізацыі сумеснай працы.
Як распавёў “К” намеснік дырэктара тэлеканала “Беларусь 3” Сяргей Макарэй, Пагадненне павялічыць магчымасці абодвух бакоў. Белтэлерадыёкампанія і тэлеканал, у прыватнасці, будуць надаваць больш увагі трансляцыі культурных падзей нацыянальнага значэння, стварэнню дакументальных фільмаў ды новых праграм. Напрыклад, “Беларусь 3” ужо працуе над асвятленнем тэмы 70-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.
Для далейшай каардынацыі сумесных дзеянняў і своечасовага інфармавання аб планах па гэтым кірунку плануецца сабраць нараду з кіраўнікамі буйных устаноў культуры, сярод якіх — Беларуская дзяржаўная філармонія, Беларускі дзяржаўны акадэмічны музычны тэатр ды іншыя.
Вольга НАВІЦКАЯ