Калядная гісторыя “з працягам”

№ 1 (819) 05.01.2008 - 11.01.2008 г

Год таму ўзорны дзіцячы хор “Крынічка” з Мінска ўдзельнічаў у VII Міжнародным фестывалі духоўнай музыкі “Срэбраныя званы” ў Даўгаўпілсе. Туды з’ехаліся 35 хораў, 15 ансамбляў і 23 салісты з 10-ці краін свету, у тым ліку з Латвіі, Літвы, Эстоніі, Беларусі, Расіі, Украіны, Арменіі, Германіі, Даніі, Фінляндыі. Пераможцам быў вызначаны не толькі наш хор “Крынічка”, але і яго салістка Віка Матусевіч. Старшыня журы, народны артыст СССР Віктар Роўда, заўсёды вельмі скупы на пахвалу, нават расцалаваў адораную дзяўчынку на заключным канцэрце. Тыя фестывальныя Каляды мелі добры працяг: зараз “Крынічка” рыхтуецца да новых творчых паездак, а Віка вучыцца на першым курсе Мінскага дзяржаўнага музычнага вучылішча імя М.Глінкі.

 /i/content/pi/cult/143/924/Krynichka.jpg
 Хор “Крынічка” ў царкве ў Германіі.
— Сёлета нашаму хору, — расказала яго кіраўнік Наталля Агарава, — споўніцца 30 гадоў.
Ён існуе пры Мінскай сярэдняй школе № 77 з музычна-харавым і харэаграфічным накірункамі. Больш як трэць гэтага тэрміну мы ездзім па гастролях, аб’ехалі ўсю Еўропу, удзельнічаем і ў духоўных фестывалях, і ў фальклорных. Выступаем і хорам, і ансамблем, што нарадзіўся ў нетрах нашага калектыву, бо гэта дазваляе наш вельмі разнастайны рэпертуар і выканальніцкія магчымасці ўдзельнікаў. Неаднаразова былі ў Англіі на так званым Каралеўскім фестывалі, што бярэ свой адлік з 1947 года. Называецца ён каралеўскім таму, што патраніруюць яго прадстаўнікі каралеўскай сям’і. У розныя гады ў ім удзельнічалі Хасэ Карэрас, Пласіда Дамінга, Дзмітрый Хварастоўскі.
— А ваш хор станавіўся лаўрэатам гэтага фестывалю ў 2000 і 2001 гадах, і “К” пісала пра гэта.
— А ў 2007-ым мы ў Англію не паехалі, бо акурат у гэты час гастралявалі ў Францыі. Але арганізатары зноў даслалі нам запрашэнне і нават даюць грант, цалкам аплачваючы наш удзел.
— А ці ёсць у вашай школы свае традыцыі святкавання Каляд?
— Канешне! Штогод мы праводзім суцэльны калядны тыдзень, калі ладзяцца канцэрты для бацькоў з удзелам усіх калектываў, сумесныя выступленні вучняў і выкладчыкаў. А ёсць у нас і ўзорны аркестр народных інструментаў, і ўзорны струнны ансамбль, і ансамблі гітарыстаў, цымбалістаў, акардэаністаў. Нашы выпускнікі не пакідаюць школу пасля заканчэння, наведваюцца да нас і надалей. А часамі вяртаюцца сюды ўжо выкладчыкамі. Ды што казаць, калі ў нас працуе кампазітар Ганна Казлова — аўтар многіх песень, джазавых твораў, мюзіклаў і іншых буйных кампазіцый. Мы нават ставілі адзін з яе мюзіклаў — “Надзея, вера і любоў”. А сярод былых удзельніц нашага хору — цяперашняя сусветна знакамітая оперная спявачка, салістка Марыінскага тэатра Кацярына Семянчук.