Апостал, які стаў Аракулам

№ 35 (1109) 31.08.2013 - 07.09.2013 г

Хто каго “зацюкае”?

У рамках праекта  "Сезон беларускай драматургіі” Нацыянальны акадэмічны драматычны тэатр імя Максіма Горкага здзейсніў пастаноўку “Аракул?..” паводле “Зацюканага апостала” Андрэя Макаёнка.

/i/content/pi/cult/443/9238/8-4.jpeg

У 1970-я гэтая п’еса, цяпер ужо класіка нацыянальнай драматургіі, абышла безліч тэатраў, пачынаючы з Масквы. У 2000-я пайшла другая хваля зваротаў. Спектакль ставіўся Дзянісам Нупрэйчыкам у Новым драматычным тэатры, Уладзімірам Савіцкім — у Брэсцкім акадэмічным тэатры драмы. Узгадалі п’есу і ў Расіі. Але цяперашні спектакль Барыса Луцэнкі не згубіцца ніколі — ужо з-за свайго жанру, азначанага як “музычная сямейная трагікамедыя” і, насамрэч, блізкага да мюзікла. Ды галоўнае — таму, што рэжысёр, можна сказаць, кінуў выклік самому сабе, цалкам пераасэнсаваўшы ўсё, што рабіў у сваіх ранейшых увасабленнях гэтай п’есы. Бо змяніліся не музыка, сцэнаграфія, акцёры ды мізансцэны, а — само разуменне дзеючых асоб і ўсяго твора. І за сам гэты новы, па ўсіх параметрах сучасны погляд на п’есу — брава, Барыс Іванавіч!

Музыка, на мой погляд (а ён адрозніваецца ад ужо агульнапрынятага), выступае у ролі хіба знешняга “манеўра”, які разам з іншымі дэталямі (накшталт “дакументальнага відэа”) павінен “падсаладзіць” страву для шырокай публікі, асабліва моладзі. Аляксей Еранькоў у звыклай для сябе манеры змешвае ў адным катле ўсё, што патрапіцца: цытаты Э.Грыга, Дж.Расіні, А.Барадзіна, вулічныя песенькі накшталт “Кракадзілы”, рэп, рок, стылізацыю І.С. Баха, Э.Л. Уэбера, традыцыйнай музыкі Усходу, рок-н-рол, чачотку, джаз, кантры — нарэшце, падмікрафоненыя песні-зонгі-маналогі Малыша (а праз яго і быццам “аўтара” цяперашняга прачытання). Такая ж наўмысная мешаніна часоў і стыляў становіцца “фішкай” сцэнічных строяў мастака Таццяны Лісавенка. Але нават спісваючы ўсё на даніну модзе постмадэрну, хочацца бачыць ва ўсім нейкі галоўны стрыжань, праз які астатнія пікантныя “дадаткі” набудуць дадатковы сэнс.

Лепш за ўсё гэта атрымліваецца ў сцэнаграфіі Веніяміна Маршака, канцэпцыйнага ўжо па складзе свайго мыслення. “Падказкамі” да зместу пастаноўкі становяцца і ледзь бачная карта Галактыкі з працягнутымі насустрач рукамі на суперзаслоне, і “распіленая” канапа, часткі якой нагадваюць трон — не самы трывалы, бо адну з ножак замяняюць падкладзеныя кнігі. Але галоўнае — абрысы ці то егіпецкай, ці то касмічнай, пазычанай з “Зорных войн”, піраміды, што сваім бляскам асацыіруецца з будынкамі сучасных банкаў, цацкамі-статуэткамі... З яе і выходзіць Сын, адразу ўносячы ў спектакль рысы фэнтазі, а з імі — і фантасмагорыі.

Колькі б ні “націскалі” ў тэксце на ягоны дзіцячы ўзрост, перад намі, пры ўсёй рэальнай маладосці найталенавітага Уладзіміра Глотава, паўстае зусім не 11-гадовы вундэркінд, а гэткі не менш як 40-гадовы “гарадскі вар’ят”, дзіўнаваты чалавек “без узросту”, своеасаблівы Юродзівы з оперы М.Мусаргскага “Барыс Гадуноў”. На такое аблічча працуе не толькі дзіўнаватая вопратка героя і яго манера ці то гаварыць, ці то спяваць, але і пластыка Вольгі Скварцовай-Кавальскай, “падгледжаная” ў філасофскіх аднаактоўках “Эксцэнтрык-балета” Сяргея Смірнова, што паказваліся на Міжнародным фестывалі сучаснай харэаграфіі ў Віцебску. Змена назвы п’есы фіксуе змену “героя нашага часу”. Бо ў яго вусны, акрамя рэплік, адрэдагаваных рэжысёрам і кампазітарам, укладзены і прамовы тэлекаментатара (той у спектаклі адсутнічае), і цытаты энцыклапедычна-даведачнага зместу (у п’есе Малыш іх чытаў па разумных кніжках), і тэкст тэлеграмы, што цяпер гучыць сапраўдным “прадказаннем”, і нават адна з аўтарскіх рэмарак, што папярэднічае п’есе. Часткова гэта — думкі і словы Сына, часткова — быццам “голас з неба” ці з іншых тагасветных крыніц, што праз яго транслюецца.

Дзея пачынаецца быццам там, дзе завяршаўся колішні луцэнкаўскі “...Апостал”, калі арганная музыка знакамітага Алега Янчанкі пераводзіла змест з хатне-сямейнага ўзроўню на філасофска-касмічны. “Аракул?..”, наадварот, вяртае ў фінале не толькі Малыша, але і яго Дзеда  — уже не фермера, а героя галактычных боек (яго ўвасабляе атлетычны, зусім не “дзядоўскага” ўзросту Алег Коц) — з містычнай прасторы ў побытавую, на мяжу паміж імі. І раптам, у апошняе імгненне, праводзіць паралелі ад Сына да Бога Сына. А вось Мама (Іна Савянкова), Тата (Аляксандр Вергуноў) і Дачка (Алена Сцяцэнка) застаюцца ўсё ў той жа парадыйна-побытавай сферы. Калі што і парушае яе, дык гэта “нестыкоўка”: як у такой, мяркуючы па адзенні, маці-эстэткі могуць быць настолькі неахайна апранутыя дзеці, быццам наўмысна пазбаўленыя палавых прыкмет? Дачка — у шэрым, на тры памеры большым, “будаўнічым” камбінезоне, Сын — у сінім “бабскім” каптурыку, на які і бамжы не паквапіліся б…

Спектакль атрымаўся і сапраўды незвычайным. Ён сведчыць пра несумненны талент Барыса Луцэнкі і яго непадробную творчую маладосць (другую, трэцюю, чарговую, вечную?) — пры больш чым шаноўна-юбілейным узросце. Зроблены “ў фармаце” і эстэтыцы Горкаўскага тэатра (музыка, песні, пародыя, танцы, руская мова), разлічаны на рэальныя магчымасці трупы, калі нават некаторыя акцёрскія недахопы падаюцца як задуманае і пралічанае “так і трэба”, “Аракул?..” не столькі адлюстроўвае драматургію А.Макаёнка, колькі стварае бязлітасны “партрэт” цяперашняй тэатральнай публікі. Бо ўсё ў ім скіравана на тое, каб нас забавіць, пасмяшыць, здзівіць, нават збіць з панталыку — і пры гэтым не выпусціць з відовішча без тых або іншых думак ці хаця б іх “сарамлівай” спробы. Бо так ужо ўсё па палічках расстаўлена-раскладзена, усё разжавана — толькі глытай. Але ж не бяздумна, вядома!..

...Сыходзячы, пачула скаргі дзвюх заўзятых прыхільніц: маўляў, надта складаным спектакль аказаўся...

На здымку: сцэна са спектакля.

Фота Аляксандра ДЗМІТРЫЕВА

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"