Сцэнаграфія гэтага часу

№ 35 (1109) 31.08.2013 - 07.09.2013 г

Чаму фраза “Якія прыгожыя касцюмы!” — загана для спектакля?

Тэатр — майстэрня, дзе кожны працуе на стварэнне буйной задумы. Пра асаблівасці прафесіі ды “калятэатральныя” рэчы мы пагутарылі з галоўным мастаком Коласаўскага тэатра Святланай МАКАРАНКА, якая сёлета, да таго ж, святкуе юбілей. Святлана працуе ў Тэатры імя Якуба Коласа больш за васямнаццаць гадоў. За гэты час яна распрацавала сцэнаграфію і касцюмы каля паўсотні пастановак, сярод якіх — “Чорная нявеста” А.Дударава, “Ён. Яна. Акно. Нябожчык” Р.Куні, “Ладдзя Роспачы” паводле У.Караткевіча, “Памінальная малітва” Р.Горына, “Квартэт” Р.Харвуда ды іншых.

/i/content/pi/cult/443/9237/9-1.jpeg

— Мяркую, усё ж такі не кожны мастак можа стаць сцэнографам, — распавядае Святлана Макаранка. — Бо тэатр — калектыўная творчасць. Існуе бачанне драматурга, рэжысёра, тваё і плюс — артысты. Усё трэба звязаць у спектаклі. У мастака вобраз нараджаецца ад уражання з наваколля, ад пабачанага ці адчутага… Мастак-сцэнограф мае п’есы, фактуры артыстаў, якіх трэба ўплесці ў рэчышча дэкарацый касцюмамі, бо ўсё мусіць працаваць на адну ідэю. Калі глядач пасля спектакля кажа: “Якія прыгожыя касцюмы!” — на спектаклі можна ставіць крыж…

— Вы скончылі Віцебскі тэхналагічны інстытут. Чаму месцам працы і рэалізацыі творчых задум абралі менавіта тэатр?

— У пэўным сэнсе — воля лёсу. Пасля ВНУ збіралася працаваць у Абласным краязнаўчым музеі ў аддзеле народнага ткацтва, бо на той час займалася габеленамі. А мой муж скончыў БДТМІ, дзе разам з ім навучаліся і будучыя коласаўцы Генадзь Шкуратаў, Таццяна Ліхачова, Валерый Маслюк. Менавіта Маслюк прапанаваў мне працу мастаком-дэкаратарам, якога на той час не ставала Коласаўскаму. Адначасова я паспрабавала сябе і ў якасці сцэнографа. Відаць, гэтая галіна — насамрэч “маё”. Тут ты маеш не проста ліст паперы — тут трэба адчуваць аб’ёмы, а мне заўжды падабалася арганізоўваць прастору, зыходзячы з адной ідэі. Мне падабаецца менавіта зададзенасць, бо ў абмежаваных умовах трэба знайсці такое, што станецца асаблівым, цалкам “тваім” і ляжа на п’есу і ўсім на душу.

— Што рабіць, калі бачанне матэрыялу не супадае з пунктам гледжання рэжысёра?

— Калі бачанне зусім не супадае — проста не бяромся працаваць разам. Бываюць рэжысёры, якія бачаць эскізы, сцэнаграфію, згаджаюцца з імі, а потым — не выкарыстоўваюць. Гэта крыўдна. А ёсць тыя, якія самі падштурхоўваюць да трансфармацый.

— З кім з рэжысёраў адчувалася найвялікшае паразуменне?

— З Валерыем Маслюком. Мы размаўлялі на адной мове. Нават калі меркавалі па-рознаму (маглі ж сварыцца так, што ажно сцены трэсліся!) — думалі ў адным кірунку і знаходзілі паразуменне. Ён — першы рэжысёр, для каго я стварала сцэнаграфію. Акрамя таго, што Маслюк быў цікавай асобай і звышталенавітым рэжысёрам, ён меў адну цудоўную якасць: ніколі не здраджваў, умеў абараніць. Шмат з кім з рэжысёраў праца складалася таксама вельмі някепска.

— Вы працавалі сцэнографам і мастаком па касцюмах у Расіі. Ці існуе розніца паміж нашым тэатрам і замежным?

— Збольшага ідуць адным шляхам. Куды? Пакуль невядома, бо тэатр знаходзіцца на этапе спробы ўсведамлення, што ён з сябе ўяўляе і навошта ён цяпер. За савецкім часам роля тэатра была празрыста-зразумелая, а пасля пачалося пераасэнсаванне каштоўнасцей. Еўрапейскі тэатр ператварыўся ў эксперымент і тэатр адчуванняў. А мы розумам — яшчэ ў абмежаваннях “саветаў”, але жывём тут і цяпер, таму спрабуем шукаць сябе ў гэтым часе.

— Ці існуюць для вас аўтарытэты ў вобласці сцэнаграфіі? Ці захапляецеся кім?

— Так, для мяне ўзорам заўсёды быў чэшскі сцэнограф Ёзэф Свобада — чалавек, які пасля вайны змог дакладна акрэсліць прафесію мастака-сцэнографа і прыдумаць вельмі шмат новага для тэатра, чым мы карыстаемся і дасюль: гэта і светлавая завеса, і машына пары. А вось лепшы сцэнограф Беларусі, на маю думку, — гэта моцны і магутны Барыс Герлаван…

Гутарыла Марына ПЯТРОВА