Дзядзька "Веранікі"

№ 35 (1109) 31.08.2013 - 07.09.2013 г

Таямніцы раскрывае Інтэрнэт…

2013-ы праходзіць пад знакам святкавання 100-годдзя зборніка вершаў “Вянок” Максіма Багдановіча. Супрацоўнікі музея цягам доўгага часу вядуць працу па пошуку і выяўленні арыгінальных кніг 1913 года, якія, магчыма, захоўваюцца ў музеях, бібліятэках, архівах, у прыватных асоб. І што самае галоўнае — могуць пахваліцца новымі знаходкамі, большасць якіх адбылася дзякуючы Інтэрнэту.

/i/content/pi/cult/443/9234/14-2.jpeg

Выпускнікі Яраслаўскай мужчынскай гімназіі 1911 г. Дзіядор Дзябольскі - першы справа другім радзе знізу.

Дарчы надпіс

У лютым мы звярнуліся ў Яраслаўскую абласную ўніверсальную навуковую бібліятэку імя М.Някрасава. На наш запыт па электроннай пошце паступілі звесткі аб знаходжанні ў Фундаментальнай бібліятэцы Яраслаўскага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя К.Д. Ушынскага, у фондзе Дружыніна М.П., артыкула Максіма Багдановіча “Беларускае адраджэнне”. Ён на першай старонцы мае аўтограф беларускага пісьменніка — дарчы надпіс калегу па сумеснай працы ў яраслаўскай газеце “Голос”. Рукапіс паэта быў дагэтуль невядомы супрацоўнікам музея. Аўтограф адкрывае новыя старонкі жыцця Максіма і падказвае накірункі далейшых пошукаў. У 1909 годзе разам з К.Ф. Някрасавым Дружынін пачаў выдаваць газету “Голос”, адзін час быў яе рэдактарам. Асабістыя і творчыя стасункі М.Багдановіча з М.Дружыніным, К.Някрасавым, М.Ашукіным, іншымі супрацоўнікамі рэдакцыі ды журналістамі патрабуюць далейшага вывучэння. А лічбавая копія аўтографа Максіма Багдановіча ласкава перададзена яраслаўскім бокам у дар Літаратурнаму музею Максіма Багдановіча.


Два допісы

Ізноў — прыемная інтэрнэт-навіна, гэтым разам звязаная з Вільнюсам. У сакавіку бягучага года ў інтэрнэт-выданнях з’явіўся матэрыял Алеся Смалянчука пад загалоўкам “Вільня зноў нагадала пра сябе як пра важны асяродак беларускай гісторыі”, дзе згадваецца пра невядомыя раней матэрыялы з архіва Беларускага музея імя Івана Луцкевіча. Зараз яны захоўваюцца ў літоўскім Цэнтральным дзяржаўным архіве. У кароткім аглядзе-пераліку ўнікальных матэрыялаў аўтарам прыводзяцца звесткі пра аўтографы Максіма Багдановіча, раней невядомыя даследчыкам і супрацоўнікам музея: гэта два невялікія допісы ў рэдакцыю “Нашай Нівы” пра падпіску на газету. Дзякуючы аператыўнай працы музейшчыкаў Мінска і супрацоўнікаў архіва Вільнюса, Літаратурны музей Багдановіча атрымаў у падарунак высакаякасныя копіі гэтых аўтографаў і зараз вядзе працу па іх апрацоўцы ды ўвядзенні ў навуковы ўжытак.


Фота сябра

І яшчэ вестка з Сусветнага павуціння. І зноў — Яраслаўль. Супрацоўнікамі музея на старонках сацыяльнай сеткі выяўлены фотаздымак “Выпуск Яраслаўскай мужчынскай гімназіі 1911 года”. На здымку, зробленым у майстэрні М.Баброва, — кіраўніцтва гімназіі, выкладчыкі і выхавацелі, гімназісты. Супрацоўнікі музея адразу пазналі адного з вучняў гімназіі — Дзіядора Дзябольскага, лепшага сябра Максіма Багдановіча. Яны вучыліся ў паралельных класах, але зблізіліся на глебе любові да літаратуры і гісторыі, часта сустракаліся, хадзілі адзін да аднаго ў госці. Свайму сябру паэт прысвяціў верш, а імем маленькай пляменніцы Дзябольскага назваў паэму — “Вераніка”. Гімназію юнакі скончылі ў 1911 годзе.

Тое, што на здымку ёсць партрэт Д.Дзябольскага, дае супрацоўнікам падставу меркаваць, што, хутчэй за ўсё, гэта не клас Максіма, хаця адзін з гімназістаў на яго вельмі падобны. Цяжкасць працы ў тым, што дагэтуль даследчыкі імкнуліся высветліць як мага больш падрабязнасцей творчай кухні М.Багдановіча, яго публікацый у перыядычным друку. А асабістае жыццё паэта, яго стасункі з сябрамі заставаліся на другім плане. Пакуль што не выяўлены спісы вучняў Яраслаўскай гімназіі — выпускнікоў 1911 года, таму застаюцца пытанні: адзін клас на здымку альбо два? І ці ёсць на фотакартцы, сярод гімназістаў, Багдановіч?

Але нават калі гэта паралельны клас, то перад супрацоўнікамі музея ўсё роўна адкрываецца вялікае поле даследчыцкай працы. Неабходна працягваць пошукі спісаў выпускнікоў Яраслаўскай гімназіі 1911 года. Ёсць шансы ідэнтыфікацыі выкладчыкаў, тым больш, большасць з фотаздымкаў была падпісана, але з цягам часу запісы сталі нечытэльныя. Ці ёсць тут здымак самага любімага настаўніка Максіма — Уладзіміра Уладзіміравіча Белавусава, і якія яшчэ адкрыцці нас чакаюць — пакажа час і, канешне ж, праца музейшчыкаў.

Ірына МЫШКАВЕЦ, загадчык аддзела Літаратурнага музея Максіма Багдановіча