Геаграфія Слова — храналогія Справы

№ 35 (1109) 31.08.2013 - 07.09.2013 г

“К” вырашыла адсачыць шлях Свята беларускага пісьменства ад стартавага 1994-га да сённяшняга 2013-га. Атрымаўся ўсеабдымны культурна-турыстычны маршрут з 20 этапаў: ад Полацка да Быхава, ад Дзвіны да Дняпра, ад асветніцтва Скарыны да шчырых высноў Баркалабаўскага летапісу. Але гэта маршрут не толькі для аматараў нашай высакароднай даўніны, але і для тых неабыякавых асоб, якіх цікавіць сённяшні стан нацыянальнай культуры. Асаблівы акцэнт на гістарызмы рабіць не будзем. Спынімся найперш на творчых праектах, народжаных пад час Дня беларускага пісьменства, — на тых, што з поспехам ажыццяўляюцца ў колішніх сталіцах свята і па сёння... Вось этапы святочнага стваральнага шляху ў храналогіі яго развіцця, шляху, пасля якога застаюцца не толькі абноўленыя палацы, вуліцы ды скверы, але і творчыя ідэі, што працуюць на далейшае станаўленне рэгіянальнай культуры.

/i/content/pi/cult/443/9230/10-1.jpeg

Полацк (1994, 2003)

Першаму заўжды цяжка, але толькі не Полацку. Адзін з самых самадастатковых беларускіх гарадоў расце-буяе па ўласнай комплекснай праграме развіцця. Планава, маштабна буяе і ў культурным напрамку. Па словах начальніка аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Віктара Палушкіна, адных толькі дзяржаўных музеяў на сёння ў горадзе — больш за дзясятак.

Менавіта таму Полацк цяпер сам па сабе — музей, які пастаянна ўдасканальвае вуліцы-экспазіцыі ды нязменна прываблівае тысячы турыстаў. І гэта — самы асноўны доўгатэрміновы, а ў перспектыве — бюджэтаўтваральны праект. Да прыкладу, многія мае сябры сустракаюць Новы год менавіта ў горадзе Ефрасінні Полацкай і Францыска Скарыны. І я проста перакананы, што гэтая мода любіць Беларусь неўзабаве перарасце ў сапраўдную любоў да горада, дзе зараджалася беларуская духоўнасць...

А тады, у 1994-м, Дзень беларускага пісьменства яшчэ не меў статуса дзяржаўнага агульнарэспубліканскага свята (гэты статус мерапрыемства набудзе праз чатыры гады, пад час яго правядзення ў Оршы). Таму і асаблівых грашовых укладанняў Полацк не меў. Але менавіта ён, узважана і з вялікім гонарам за ўласную культурную спадчыну, даў старт руху, які цяпер можна назваць летапісам беларускага Слова...

Тураў (1995, 2004)

Выпадак — беспрэцэдэнтны: Тураў з прычыны гісторыка-культурнай значнасці быў абвешчаны ў 1995-м горадам. Па турыстычнай насычанасці ён нагадвае Полацк. У тым ліку і ва ўласным культурна-сацыяльным развіцці. У Жыткавічах — 16 тысяч жыхароў, у Тураве — няма і трох тысяч. Але ў апошнім сканцэнтраваны краязнаўчы музей, два дамы культуры, тры бібліятэкі, школа мастацтваў ці не з дзясяткам аддзяленняў.

Начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Жыткавіцкага райвыканкама Сяргей Агіевіч называе Тураў сталіцай культуры раённага маштабу. Адзін з самых цікавых праектаў — восеньскія імпрэзы камернай і духоўнай музыкі. А адзін з самых перспектыўных — удасканаленне турыстычных маршрутаў па радзіме Кірылы Тураўскага.

Навагрудак (1996)

Чарговая сталіца Дня пісьменства — чарговы турыстычны бум-горад. Інакш кажучы, мястэчка-музей, якім за адзін дзень не “надыхаешся”. Але “музейнага” статуса горад пакуль не мае. Пагаджаюся: рана. Хранічна не стае інфраструктуры: мала гасцініц, кавярняў і г. д. Дарэчы, пра гэты сэрвісны недахоп нашых знакавых гістарычных мясцін згадаць сёння давядзецца не адзін раз...

Пазалетась ці не ўсёй рэдакцыяй “К” выязджалі ў Навагрудак на суботнік: працавалі на прызамкавай тэрыторыі. Дэбаты пра тое, якой яна павінна быць прывабнай для турыстаў, былі прадоўжаны тады з самымі непадробнымі жарсцямі, бо з замкавай гары адкрываўся наглядны краявід, пазбаўлены і намёку на сувенірна-гандлёвае абслугоўванне. Між тым, турысты да замкавых рэшткаў прыбывалі ў тую суботу на шматлікіх аўтобусах і веласіпедах. Мо з таго часу што змянілася? Пішыце і паведамляйце, будзем толькі рады.

Нясвіж (1997)

Замкавая раскоша Нясвіжа ўражвае, натхняе і вабіць. А ў 1997-м для наведвальнікаў былі адкрыты толькі залы першага пускавога палацавага комплексу. Цяпер жа дырэктар Нацыянальнага гісторыка-культурнага музея-запаведніка “Нясвіж” Сяргей Клімаў мысліць больш маштабнымі культурна-эканамічнымі катэгорыямі. Усё зразумела: замак адроджаны і працуе. А музей-запаведнік фінансуецца дзяржавай толькі на 49 працэнтаў. Усё астатняе — высілкі штодзённай працы музейшчыкаў.

Палацавы комплекс на сёння наведала каля 300 тысяч турыстаў. Такую грашовую плынь, па меркаванні Сяргея Клімава, варта скіраваць па рэчышчах дадатковых паслуг. Інакш кажучы, кіраўнік Музея-запаведніка запланаваў на перспектыву рээкспазіцыю гарадской ратушы ды стварэнне яшчэ двух музеяў па-за сценамі палаца: прыватных калекцый і дзіцячага. Усё правільна, еўрапейскі стандарт: калі ў музей — дык усёй сям’ёй ды на ўвесь дзень. Той нацыянальны музейны праект, якому наканавана жыць і развівацца бясконца.

Орша (1998)

Свята нашага пісьменства паспрыяла старту шматлікіх карысных праектаў. Па-першае, пасля ўстаноўкі помніка Уладзіміру Караткевічу ў горадзе распачаліся восеньскія Караткевічаўскія чытанні. Па-другое, менавіта пад час свята было афіцыйна вырашана, што Оршы не абысціся без музея славутага пісьменніка-рамантыка. І ў 2000-м з нагоды 70-годдзя з дня нараджэння аўтара “Дзікага палявання караля Стаха” адбылося адкрыццё будынка Музея Уладзіміра Караткевіча, які праз два гады прыняў першых гасцей...

Вось што распавядае дырэктар Музейнага комплексу гісторыі і культуры Аршаншчыны Уладзімір Кузубаў:

— На сёння музей мае дзве стацыянарныя экспазіцыі: “Караткевіч — чалавек” і “Караткевіч — пісьменнік”. Дзейнічае электронная бібліятэка з фоназапісамі. А літаральна напрыканцы года пісьменніка можна не толькі паслухаць, але і ўбачыць фільмы, створаныя паводле ягоных твораў. Для гэтага мы набываем мультымедыйную апаратуру для кіназалы, што размесціцца побач з музейнай мастацкай галерэяй. Наведвальнікі могуць загадзя замовіць канкрэтную мастацкую ці дакументальную стужку, якую хацелі б паглядзець...

Няма сумненняў, што “караткевічаўскі” праект у Оршы будзе і надалей развівацца пад дэвізам “Быў. Ёсць. Буду”.

Пінск (1999)

Сталіца Беларускага Палесся спрычынілася таксама і да ўшанавання Дня беларускага пісьменства. Можна шмат гаварыць пра аб’екты культуры, што якасна змянілі сваё аблічча да дзяржаўнага свята. Напэўна, менавіта тады, у абноўленым варыянце, Пінск культурны задумаўся над стварэннем уласнага тэатра. Статус тэатральнага горада, як вядома, абавязвае да многага. Іншымі словамі, калі ўжо ўзняў сцяг тэатральнага мастацтва, дык заўжды трымай яго на належнай вышыні. Пінск, як падаецца, трымае. Прынамсі, Палескі драматычны тэатр працягвае радаваць пастаноўкамі.

Заслаўе (2000)

Яшчэ адзін доказ таму, што сталіцай Дня пісьменства могуць стаць у нас не толькі раённыя цэнтры, але і не менш пашанотныя ў плане духоўнасці мястэчкі. Заслаўе — якраз такі гарадок. А асноўны доўгатэрміновы праект тут — удасканаленне дзейнасці Гісторыка-культурнага музея-запаведніка “Заслаўе”.

Запаведнік — паняцце шматграннае. У дадзеным выпадку ўключае ён касцёл Нараджэння Найсвяцейшай Дзевы Марыі, гарадзішча, музей... Але асноўная гаворка цяпер — пра “Эрмітаж”: менавіта так называлася карцінная галерэя палацава-паркавага комплексу, што належыў калісьці Антонію Тадэвушу Пшаздзецкаму. Месцілася тут школа. Потым гістарычны аб’ект перавялі на баланс аддзела культуры... Начальнік сённяшняга аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Мінскага райвыканкама Сяргей Кудзін распавёў, што “Эрмітаж” цяпер рамантуе арандатар. Потым аб’ект стане чарговай культурнай структурай музея-запаведніка “Заслаўе”. Цалкам верагодна, што тут ізноў знойдзецца месца для мастацкай галерэі. Неаспрэчна адно: гарадок за мінскімі весніцамі мае непаўторную аўру і сюды пастаянна прыязджаюць палюбавацца сцішанай прыгажосцю Беларусі.

Мсціслаў (2001)

Такога россыпу гістарычна-архітэктурных цікавостак, як у Мсціславе, больш на Магілёўшчыне няма, напэўна, нідзе. Аматары Сярэднявечча адкуль толькі сюды ні збіраюцца! Таму ў раённым цэнтры ў свой час была распрацавана раённая праграма развіцця турызму. Далей — болей. Цяпер на радзіме кнігавыдаўца Пятра Мсціслаўца складзена канцэпцыя захавання і развіцця гісторыка-культурнай спадчыны Мсціслаўскай турыстычнай зоны. Калі чарговая ўнікальная раённая праграма будзе прынята на самым высокім узроўні, тады можна будзе ў поўны голас казаць пра новую эпоху ў справе рэстаўрацыі знакамітых аб’ектаў горада.

Мір (2002)

Гэтае знакавае мястэчка Карэліцкага раёна якасна змяніла ўласнае аблічча. І справа не толькі ў адроджаным мясцовым замку, якое ахоўвае па-над маляўнічым возерам дух беларушчыны. Справа ў тым, што мястэчка цяпер — не пазнаць. Сінтэз Сярэднявечча з сучасным сэрвісам дае самы нечаканы, але заўжды экзатычны плён. Калі турыст упершыню выходзіць з аўтобуса на мясцовай аўтастанцыі, шок ад спалучэння даўніны і сучаснасці —непазбежны. Вось толькі з тым самым “навязлівым” сэрвісам — пакуль не ўсё як мае быць. На маю думку, не пашкодзілі б тут прыватныя вясковыя кавярні ды страўні ад замкавых часін па кухні і сённяшняга часу — па абслугоўванні. Такі прыдарожны сэрвіс — ды да польскай мяжы. А як можа быць інакш на Гродзеншчыне, якую называюць краінай замкаў?


І яшчэ. Калі бываю ў Крэве, Нясвіжы ці Міры, дык заўжды задаюся пытаннем: а што чыталі нашы магнаты ад Вітаўта да Радзівіла? Інакш кажучы, не лішнімі ў дадзеных паселішчах, на мой погляд, аказаліся б і бібліятэкі, няхай і віртуальныя, са старадаўнімі фаліянтамі, “разгорнутымі” для ўсіх ахвотных. Чым не доўгатэрміновы праект?

Камянец (2005)

У Дзень пісьменства сцэну ў Камянцы не ўзводзілі — проста, узорна добраўпарадкавалі тэрыторыю ля Камянецкай вежы. Яна і стала галоўнай дэкарацыяй свята — дэкарацыяй вытанчанай ды брэндавай. Ці не тады ў начальніка аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Мікалая Громіка зарадзілася ідэя ладзіць ля вежы рок-фестываль? Сёлета ж, на Дзень моладзі, была праведзена “разведка боем”. Сярэднявечная выява вежы ніяк не пярэчыла жорсткім гітарным рыфам шасці каманд. У наступным годзе іх колькасць павялічыцца ў разы. Сёння аддзел закупляе святлоапаратуру, абвясціў тэндар на набыццё гукаўзмацняльнай тэхнікі... Словам, Камянецкая вежа працягвае натхняць творцаў.

Паставы (2006)

І ў гэтага горада таксама шмат брэндаў. Адзін з галоўных — палац Тызенгаўзаў. І Свята нашага пісьменства паспрыяла яго адраджэнню. Працэс рэканструкцыі, па словах намесніка начальніка аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Аксаны Сакаловай, доўжыцца і па сённяшні дзень. Гэты трансгранічны праект ажыццяўляецца сумесна з прадстаўнікамі Літвы. У справу ўкладаюцца не толькі еўрасаюзаўскія грошы, але і сродкі з мясцовага бюджэту. У выніку палацавыя склепы пераўтворацца ў музей. Частку палаца Тызенгаўзаў, як вядома, займае бальніца. Калі ж яна пераедзе ў асобны будынак, архітэктурная перліна Паставаў пяройдзе на баланс аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі. Палац, які і цяпер з’яўляецца “культураўтваральным” цэнтрам горада, стане сапраўднай архітэктурнай дамінантай, у тым ліку і Міжнароднага фестывалю народнай музыкі “Звіняць цымбалы і гармонік”.

Згаданы фэст — не менш вядомы брэнд райцэнтра. І добраўпарадкаванне Паставаў да Дня пісьменства мела на ўвазе і архітэктурную падрыхтоўку горада да чарговага музычнага мерапрыемства, якое ўжо добра ведаюць у Еўропе. Арганізатары фестывалю, у сваю чаргу, штогод робяць гасцям творчыя сюрпрызы. Да прыкладу, супрацоўнічаюць апошнім часам са студэнтамі Акадэміі мастацтваў. У выніку гарадскі парк пастаянна ўпрыгожваецца малымі скульптурнымі кампазіцыямі.

Шклоў (2007)

У райцэнтры не было музея. 1 верасня 2007-га яго ўрачыста адкрылі ў прысутнасці соцень гасцей Дня беларускага пісьменства. Начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Шклоўскага райвыканкама Галіна Валозіна гэтай установай ганарыцца асабліва. Створана яна па арыгінальным праекце і, самае галоўнае, пастаянна развівае ды ўдасканальвае свае гісторыка-краязнаўчыя экспазіцыі. Справа ў тым, што ў наваколлях Шклова кожны год працуюць археолагі на чале з прафесарам гісторыі Вольгай Ляўко. Знаходкі, сярод якіх — і рэшткі вежы Шклоўскага замка, становяцца экспанатамі раённага музея. Іх папаўненне, як і інтарэс жыхароў да згаданай установы, не спыняецца...

У сувязі з тым, што пад час Свята пісьменства ў райцэнтры з’явіўся не толькі помнік мецэнату Зорычу, але і мясцоваму агурку, у Шклове сталі традыцыйнымі штогадовыя агурочныя святы. Святы — традыцыйныя, сцвярджае Галіна Валозіна, але кожны раз — са сваімі “фішкамі”, пра якія ўспамінаюць са смехам цягам усяго года. А што? Брэнды рознымі бываюць.

Барысаў (2008)

У Барысаве мяне ўразіла арганізацыя бібліятэчнай справы. Прынамсі, у мясцовых установах сумна мне не было. Пад час Свята на будынку Барысаўскай цэнтральнай раённай бібліятэкі была ўсталявана мемарыяльная шыльда ў гонар Івана Каладзеева — калекцыянера, гісторыка і знаўцы падзей 1812 года. Установа, якая носіць імя мецэната, ладзіць штогадовыя міжнародныя канферэнцыі з удзелам навукоўцаў з Францыі, Германіі, Швецыі, Расіі. Тэма: “1812 год”. У структуры ўстановы — Цэнтральная дзіцячая бібліятэка, мастацкая галерэя “З’ява”, духоўна-асветніцкі цэнтр. ЦРБ — нястомны генератар ідэй, у тым ліку і для сваіх філіялаў на раёне. Таму шматлікія ды змястоўныя бібліятэчныя праекты — не рэдкасць, а правіла.

Смаргонь (2009)

На Свята ў цэнтры горада быў усталяваны валун з прачулымі радкамі пра Смаргонь. Аўтар вершаванага прысвячэння — Мар’ян Дукса, якому споўнілася сёлета 70 гадоў... З часу Дня пісьменства 6 калектываў раёна сталі народнымі і ўзорнымі. А ўсяго на Смаргоншчыне — 28 уганараваных званнямі ансамбляў ды аб’яднанняў. Улетку ж у мясцовым музеі адкрылася новая экспазіцыя.

Хойнікі (2010)

Горад, багаты талентам Івана Мележа, пад час Дня пісьменства займеў шыкоўны новы будынак музея ў колішнім маёнтку паноў Аўраамавых. Навакольны парк пераўтварыўся ў самы папулярны на сёння творчы куток раённага цэнтра. Тут гучаць вершы, песні, сюды вяртаюцца экскурсіі, накіраваныя музейшчыкамі ў Глінішча (радзіма Мележа), на Барысаўшчыну, дзе захаваліся рэшткі палацава-паркавага комплексу, якім валодалі Ястжэмбскія...

Хойнікі — цудоўны прыклад таго, як Свята дапамагае пераўтварыць сваю чарговую сталіцу ў сацыяльна-культурную прастору, прывабную для жыцця і працы. Калісьці тут была гасцініца, што ніякай крытыкі не вытрымлівала. Пасля 2010-га яе пераўтварылі ў гатэль, дзе ў нумарах ёсць душ з джакузі. Начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Валянцін Баранаў даўно запрашае паглядзець на гэты цуд. Трэба прыехаць...

Ганцавічы (2011)

Па словах дырэктара мясцовага метадычнага цэнтра Алы Занька, менавіта Дзень пісьменства даў дадатковы штуршок для развіцця турыстычных маршрутаў па мясцінах, дзе Якуб Колас пачаў настаўніцка-рэвалюцыйную кар’еру. Экскурсіі ў вёску Люсіна ладзіць Ганцавіцкі краязнаўчы музей. Асаблівай папулярнасцю карыстаецца дубовы гай, дзе юны настаўнік Лабановіч сустракаўся з прыгажуняй Ядвісяй…

А ў раённым цэнтры знакавымі сталі Алея пісьменства на галоўнай гарадской вуліцы і Літаратурная ратонда ў парку. На першай праводзяцца ўрокі беларускай мовы і літаратуры. Ля другой рэгулярна збіраюцца і спяваюць барды. Так што на роднае слова Ганцавічы не забываюцца і па сёння.

Глыбокае (2012)

Першы Дом рамёстваў на Беларусі пачаў працаваць менавіта ў Глыбокім. Установа да Дня пісьменства была якасна адрамантавана і прыняла не адзін дзясятак гасцей. Не менш іх і цяпер, бо ў РДР ёсць салон па рэалізацыі сувеніраў, якія ўвобмірг раскупляюцца...

Дырэктар установы Святлана Скавырка распавядае, што гадавы план па аказанні платных паслуг будзе выкананы не менш чым на 150 працэнтаў. Для гэтага мясцовыя творцы ладзяць урокі рамяства ў школах, арганізоўваюць экскурсіі па залах РДР.

Ва ўстанове разам з філіялам у Падсвіллі — 11 гурткоў, у якіх бясплатна навучаюцца каля 90 школьнікаў.

Быхаў (2013)

Баркалабаўскі летапіс — не толькі помнік старадаўняй беларускай літаратуры. Ягоны змест, яго стваральнікі — бясконцая крыніца і пераканаўчы прыклад для шматграннай дзейнасці мясцовага аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі. І ў гэтым 1 верасня можа пераканацца кожны ахвотны.

Аўтар: Яўген РАГІН
рэдактар аддзела газеты "Культура"